Беларуская Служба

Кім Самусенка: Лукашысты — людзі без ідэй

29.06.2026 14:59
Лукашысты, у першую чаргу сілавікі — абсалютныя матэрыялісты, якія жывуць у сваіх закрытых супольнасцях, ім чужыя памкненні грамадства да дэмакратыі і свабоды, кажа беларускі праграміст, палітвязень Кім Самусенка ў размове з Польскім радыё.
Аўдыё
  • Кім Самусенка распавёў пра сваё вызваленне
Кім СамусенкаScreenshot z Youtube

Падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020-га года грамадства даведалася, хто стаіць за збіццём беларусаў на вуліцы, і якія рэпрэсіі чыняць сілавікі. Гэта сталася дзякуючы таму, што неабыякавыя асобы здабылі запісы з камер відэаназірання, устаноўленых у беларускай сталіцы. Адным з датычных быў кампутарнік Кім Самусенка. Лукашэнкаўскія сілавікі затрымалі яго ў лістападзе 2020 года. Потым яму было прад'яўлена абвінавачанне ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама ды актыўным удзеле ў пратэстах у Мінску.

У выніку Кіма Самусенку асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. 19 са ікавіка гэтага года ён быў вызвалены датэрмінова і дэпартаваны ў Літву ў рамках перамоваў ЗША з Лукашэнкам. У размове з Польскім радыё Кім Самусенка распавёў пра сваё вызваленне, пра стаўленне сілавікоў да грамадскіх чаканняў перамен, і пра патрэбы палітвязняў.

— У маім выпадку я не магу сказаць, што вярнуўся нібы на іншую планету. Я максімальна шукаў любую інфармацыю пра тое, што адбываецца на волі, будучы ў турме. Ёсць пазітыўныя рэчы, але ёсць і хібы. Як чалавеку, які амаль 5,5 год прасядзеў, здаецца, што на волі нашмат лепш, чым мы там думалі. Найбольш напружвае той момант, што значна пагоршылася інфармацыйная прастора — менш выкрышталізаванай інфармацыі. Іншая праблема ў тым, што наша апазіцыйнае асяроддзе больш сышло ва ўнутраныя канфлікты, а не засяроджваецца на тым, каб змагацца за будучыню. Найбольш шокам для мяне былі першыя дні на свабодзе: прачынаешся і не ведаеш дзе ты, яшчэ дзейнічаюць «зонаўскія» рэфлексы. Напрыклад, калі выходзіў на вуліцу, напружваўся з-за таго, што забыў галаўны ўбор. За гэта там было спагнанне, а потым думаю: які галаўны ўбор, я ўжо не ў зоне. Гэта там у цябе ўбівалася гадамі, цяжка адразу пабароць.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле