Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гэта след мыслення. Руфіна Базлава — пра праект Vita Contemplativa, сузіранне і ўнутраную карту чалавека

12.07.2026 06:07
Праект даследуе стомленасць, адзіноту і эмацыйнае выгаранне. Адказваючы на простыя пытанні, чалавек стварае ўнікальны ўзор — візуальную карту свайго ўнутранага стану, якую можна вышыць і параўнаць з працамі іншых удзельнікаў.
Аўдыё
  • Гэта след мыслення. Руфіна Базлава — пра праект Vita Contemplativa, сузіранне і ўнутраную карту чалавека
 .
Руфіна Базлава.Фота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

— Руфіна, вы толькі што правялі сесію. Удзельнікі былі вельмі сканцэнтраваныя, але далёка не ўсе зразумелі мэту вашага праекта. Ці можаце крыху больш канкрэтна растлумачыць, дзеля чаго ўсе адказвалі на пытанні анкеты, а потым заняліся вышыўкай?

— Так, сёння мы праводзілі сесію Vita Contemplativa (жыццё ў сузіранні). Гэта была своеасаблівая тэставая спроба, бо я яшчэ шукаю, як найлепш аформіць гэты праект. Па сутнасці, ён пра тое, каб стварыць для чалавека ўмовы, у якіх ён можа назіраць за сабой у працэсе — нібы паглядзець на сябе з боку.

Сесія складаецца з часткі з пытаннямі. Яны датычацца самых розных рэчаў у жыцці, усяго таго, што ў той ці іншы момант узнікае ў чалавека ў галаве. Адказваючы на гэтыя пытанні ў канкрэтных абставінах, чалавек адначасова назірае, як у яго нараджаюцца адказы, думкі, як ён прымае рашэнне адказаць проста: «так» ці «не». Бо адказаў толькі два — «так» або «не».

Потым з гэтых адказаў складаецца своеасаблівая партытура, якая застаецца нанесенай на паперу ў выглядзе квадрацікаў. Адказ «не» пакідае пустую прастору, адказ «так» пазначаецца крыжыкам. У выніку ўзнікае абстрактны арнамент і партытура, якую пасля можна выкарыстоўваць у самых розных формах. Напрыклад, яе можна вышыць ці зрабіць на яе аснове гукавую кампазіцыю.

Другая частка сесіі — гэта магчымасць вышыць сваю партытуру, бо вышыўка таксама мае медытатыўны і супакаяльны эфект.

— Наколькі я вас разумею, задача палягае ў тым, што спачатку чалавек адказвае на вашы пытанні, фіксуе адказы пэўным чынам, а потым вышывае іх…

— Так. Ён нібы паказвае ў вышыўцы след свайго мыслення. Але гэта можна не толькі вышыць. Гэты след можна намаляваць, ператварыць у перформанс, скласці мазаіку ці ўвасобіць іншым спосабам.

— Цікава, а што гэта дае чалавеку?

— Пра гэта лепш спытаць у людзей, якія ўдзельнічаюць у сесіях. Мне здаецца, што вельмі важна рабіць гэта ў групе, бо нават некаторыя пытанні ў сесіі звязаныя з групавым досведам. Чалавек назірае за сабой, але адначасова знаходзіцца сярод іншых і ведае, што яны таксама адказваюць на тыя самыя пытанні і праходзяць гэты шлях разам.

Я думаю, што гэта своеасаблівае зазямленне для чалавека. Часцей за ўсё, калі я пытаюся пра стан чалавека перад сесіяй і пасля яе, людзі адзначаюць паляпшэнне на адну ці дзве рысачкі. Але здараецца і так, што нічога не змяняецца, а бывае нават, што чалавеку становіцца горш.

— Наколькі я разумею, ваш праект скіраваны на тое, каб чалавек у выніку атрымаў нейкія дадатковыя высновы пра сябе. Ці мае гэта нейкае асаблівае значэнне, калі такія сесіі праводзяцца ў асяроддзі эмігрантаў?

— Я не бачу асаблівай розніцы паміж тым, ці гэта эмігранты, ці проста людзі. Магчыма, для эмігрантаў гэта яшчэ адна нагода сустрэцца, пабыць разам, але не больш за тое.

— Калі казаць пра практычную патрэбу вашага праекта, у чым яна?

— Хочацца верыць, што пасля маіх сесій чалавеку становіцца лепш, хай нават і ненадоўга. Магчыма, ён вынясе з сабой нешта важнае і патрэбнае менавіта для сябе. Мне пакуль цяжка сказаць нешта больш канкрэтнае, але хацелася б, каб гэты праект меў практычнае прымяненне.

— Вы і раней праводзілі падобныя праекты?

— Так, вядома. Я праводзіла і іншыя праекты яшчэ да 2020 года. Напрыклад, адзін з іх называўся «Коратка аб каменнях». Гэта таксама была своеасаблівая партытура для чалавека. Удзельнік знаходзіў камень і жыў з ім цэлы месяц, выконваў розныя заданні кожны дзень, пры гэтым адсочваў свой стан, сувязь з каменем і космасам.

Калі думкамі чалавек падарожнічае ад сябе да космасу, ад сябе да мікрасвету, у нейкі момант яму здаецца, што ён вельмі маленькі, а яго праблемы дробныя. Або, наадварот, ён разумее, што нешта значыць, бо сам з'яўляецца сістэмай, якая складаецца з іншых сістэм. Вельмі важна часам вось так аддаліцца і паглядзець на сябе і свае праблемы з боку.

— Ці ахвотна людзі прыходзяць да вас на сесіі?

— Думаю, што спачатку яны прыходзяць даволі насцярожана, бо форма вельмі строгая, існуюць пэўныя правілы. Але людзі прыходзяць. Вельмі часта яны трапляюць на сесіі таму, што ім параілі знаёмыя, якія ўжо ўдзельнічалі.

— А што вы самі цяпер думаеце пра гэты праект? Што ён дае людзям?

— Пакуль не магу сказаць, што бачу нейкія канчатковыя вынікі. Я толькі тэстую гэты праект. У мяне ёсць пэўныя гіпотэзы, але пакуль гэта толькі гіпотэзы. Таму трэба працягваць працаваць.

 Павел Залескі

Слухайце аўдыёфайл