Лекары працуюць па дзесяць гадзін у дзень, а наступствы іхнай стомленасці адчуваюць пацыенты. У выніку расце колькасць скаргаў, пададзеных у рэгіянальныя медыцынскія палаты, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».
Даследаванне Вышэйшай медыцынскай палаты паказвае, што перагружанасць лекараў у асноўным з'яўляецца вынікам недахопу персаналу, ускладненняў у арганізацыі працы і фінансавага ціску. Між тым, стомленасць лекараў і агульная неэфектыўнасць сістэмы аховы здароўя маюць непасрэдны ўплыў на пацыентаў.
Вынікі апытання, праведзенага газетай сярод рэгіянальных медыцынскіх палатах, сведчаць аб росте колькасці скаргаў на лекараў і медыцынскія ўстановы. Рэкордны рост назіраецца ў асноўным у Гданьску, Лодзі і Плоцку. У сваю чаргу, у Чэнстахове фіксуецца іх зніжэнне.
Старшыня Вышэйшай медыцынскай палаты, доктар Лукаш Янкоўскі, пераконвае, што колькасць скаргаў за апошняе дзесяцігоддзе падвоілася з-за незадаволенасці пацыентаў дрэннай працай сістэмы.
Ён дадаў, што, хоць многія скаргі неабгрунтаваныя, некаторыя з іх прыводзяць да штрафаў, а медыцынскія суды накладваюць іх прыкладна ў 80% такіх выпадкаў.
Рэгіянальныя медыцынскія палаты паведамляюць, што спіс абвінавачванняў на адрас лекараў застаецца аднолькавым на працягу многіх гадоў.
Мацей Скварна з Бескідскай медыцынскай палаты пералічвае адмовы ў прыёме і праблемы з рэгістрацыяй. У сваю чаргу, Эва Паліт з офіса амбудсмена ў Кашаліне і Юстына Кавалеўска з Рэгіянальнай медыцынскай палаты ў Лодзі звяртаюць увагу на скаргі, якія паўтараюцца. Гаворка ідзе пра адсутнасць належнага клопату, дыягнастычныя памылкі, а таксама на новыя скаргі на лекараў з Украіны і Беларусі, якія прадастаўляюць ілжывую інфармацыю аб сваёй спецыялізацыі.
Найбольш скаргаў, паводле газеты, тычыцца працы тэрапеўтаў, псіхіятраў і стаматолагаў.
Пацверджаныя скаргі на лекараў амбудсмены перадаюць у медыцынскія суды, хоць многія справы вырашаюцца шляхам медыяцыі, чытаем у газеце.
аз