Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Аперацыя «Герман». 83 гады таму савецкія партызаны і Армія Краёва аб’ядналіся ў змаганні супраць немцаў (ФОТА)

13.07.2026 09:11
На змаганне супраць партызанаў Налібоцкай пушчы немцы кінулі каля 60 тыс. вайскоўцаў пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі.
Аўдыё
  • 13 ліпеня 1943 года пачалася аперацыя «Герман»
,  ,       .  1943 .
Партызаны, схопленыя немцамі, падчас карнай аперацыі «Герман» у Налібоцкай пушчы. Ліпень 1943 года.Крыніца: commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/Propagandakompanien der Wehrmacht - Waffen-SS (Bild 101 III)/CC BY-SA 3.0 de

13 ліпеня 1943 года пачалася аперацыя «Герман». Гэта кодавая назва нямецкай карнай акцыі супраць савецкіх і польскіх партызан ды мясцовага насельніцтва ў раёне Налібоцкай пушчы. Да пачатку Другой сусветнай вайны гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы.

Пасля паразы Польшчы ў верасні і кастрычніку 1939 года Стаўбцоўскі і Валожынскі паветы былі ўключаныя ў склад БССР. Пасля нямецкага ўварвання ў Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года тэрыторыі абодвух паветаў увайшлі ў склад рэйхскамісарыята Остланд. Немцы знішчылі большую частку мясцовых яўрэяў і ўчынілі бязлітасны тэрор супраць польскага і беларускага насельніцтва.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Рэйхскамісарыяту Остланд. Крыніца: commons.wikimedia.org/XrysD/CC BY-SA 3.0. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Рэйхскамісарыяту Остланд. Крыніца: commons.wikimedia.org/XrysD/CC BY-SA 3.0.

Адначасова велізарная Налібоцкая пушча стала прытулкам для салдат Чырвонай Арміі, якім удалося пазбегнуць нямецкага палону, і для яўрэяў, якія ўцяклі з гета. На мяжы 1942-43 гадоў савецкія афіцэры, перакінутыя з-за лініі фронту, пачалі пераўтвараць разрозненыя групы вайскоўцаў у рэгулярныя партызанскія атрады. Паводле афіцыйных ацэнак, да 1 мая 1943 года ў Налібоцкай пушчы налічвалася каля 3 тыс. савецкіх партызан.

Такая колькасць людзей мусіла пракарміцца, таму партызаны масава канфіскавалі прадукты харчавання, вопратку і іншую маёмасць у сялян. Часта такога роду «эканамічныя аперацыі» прымалі форму адкрытага рабавання, якое суправаджалася збіццём і забойствамі.

Яўрэйскія атрады братоў Бельскіх і Шолама Зорына, якія таксама дзейнічалі ў пушчы, былі асабліва бязлітаснымі пры рабаванні сялян.

Неўзабаве пасля пачатку нямецкай акупацыі ў даваенным Навагрудскім ваяводстве пачалі фармавацца структуры польскага Саюзу ўзброенай барацьбы, які ў лютым 1942 года быў перайменаваны ў Армію Краёвую, што падпарадкоўвалася эміграцыйнаму ўраду Польшчы ў Лондане.

У лістападзе 1941 года ў Стаўбцоўскай акрузе пачалі стварацца падпольныя структуры, першапачатковай задачай якіх быў збор зброі і боепрыпасаў, а таксама пранікненне ў мясцовыя структуры беларускай паліцыі і адміністрацыі. У чэрвені 1943 года ў Налібоцкай пушчы быў створаны партызанскі атрад Арміі Краёвай у складзе 130 байцоў.

Горад Стоўбцы ў складзе Польшчы да Другой сусветнай вайны. Фрагмент вуліцы. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Горад Стоўбцы ў складзе Польшчы да Другой сусветнай вайны. Фрагмент вуліцы. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

19 чэрвеня польскі атрад разбіў і ўтрымліваў цягам амаль сутак нямецкі гарнізон у Івянцы. Палякі страцілі тры чалавекі забітымі, а вось немцы, паводле гісторыкаў, — ад некалькіх дзясяткаў да 150 чалавек. Больш за 100 беларускіх паліцэйскіх дызертыравалі і далучыліся да польскага падраздзялення. Неўзабаве колькасць байцоў атраду вырасла да 554 чалавек.

Партызаны Арміі Краёвай здзяйснялі напады на гарнізоны немцаў і беларускай паліцыі, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і ліквідавалі здраднікаў. Актыўнасць савецкіх і польскіх партызан моцна занепакоіла нямецкае камандаванне, якое прыняло рашэнне ліквідаваць іх базы ў Налібоцкай пушчы.

Антыпартызанская аперацыя павінна была ахапіць шырокую тэрыторыю вакол ляснога масіву. Немцы планавалі загнаць партызанаў у глыбіню Налібоцкай пушчы, правесці яе блакаванне, а пасля — «зачысціць» лясны комплекс.

Аб тым, якую значнасць надавалі немцы поспеху гэтай аперацыі, можа сведчыць памер сіл, якія прымалі ў ёй удзел: ад 52 да 60 тыс. паліцэйскіх, салдат Вермахта і Войск СС ды расійскіх калабаранцкіх фармаванняў пры падтрымцы авіяцыі, артылерыі і бронетэхнікі. Аб сур’ёзнасці аперацыі сведчыць таксама той факт, што яе штабу ў Навагрудку далучыўся обергрупенфюрэр, генерал паліцыі і войск СС Эрых фон дэм Бах-Залеўскі, спецыяльны ўпаўнаважаны рэйхсфюрэра СС па пытаннях барацьбы з партызанскім рухам.

Аперацыя «Герман» пачалася 13 ліпеня 1943 года. З усходу ў бок лесу накіравалася нямецкая дывізія, спецыяльна прызначаная для барацьбы з партызанскім рухам. У той жа час з раёна Навагрудка выйшла другая нямецкая групоўка. У самым пачатку баявых дзеянняў савецкія партызаны разграмілі з засады варожую аўтакалону і захапілі важныя дакументы, датычныя аперацыі, у тым ліку штабную карту.

13 ліпеня ў польскім лагеры адбылася польска-савецкая нарада. Тады польскія і савецкія партызаны дамовіліся аб аб’яднанні сіл і каардынацыі сваіх дзеянняў у барацьбе з немцамі.

Блакаванне Налібоцкай пушчы працягвалася да 8 жніўня. Стаўбцоўскі батальён АК панёс сур’ёзныя страты, якія склалі не менш за 40 загінулых, некалькі дзясяткаў параненых і больш за 100 зніклых без вестак.

Сур’ёзныя страты панеслі таксама савецкія партызаны. Па афіцыйных савецкіх дадзеных, яны склалі 129 забітых, 52 параненых і 24 палонных і дэзерціраў. Нямецкія страты складана вызначыць, але камандзір Навагрудскай акругі Арміі Краёвай ацэньваў іх у 300 чалавек забітых і сотні параненых.

Без асаблівых страт перажыў аперацыю «Герман» яўрэйскі атрад братоў Бельскіх.

Аперацыя «Герман». Салдаты Вафен-СС і захоплены імі вясковы хлопчык. Крыніца: commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/Propagandakompanien der Wehrmacht - Waffen-SS (Bild 101 III)/CC BY-SA 3.0 de Аперацыя «Герман». Салдаты Вафен-СС і захоплены імі вясковы хлопчык. Крыніца: commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/Propagandakompanien der Wehrmacht - Waffen-SS (Bild 101 III)/CC BY-SA 3.0 de

У выніку аперацыі «Герман» найбольшыя страты панесла, аднак, польскае і беларускае мірнае насельніцтва. Немцы стварылі паласу «выпаленай зямлі» ў радыусе каля 10 км вакол пушчы. У ходзе аперацыі нямецкія войскі спалілі больш за 60 польскіх і беларускіх вёсак ды знішчылі 4 тыс. 280 чалавек з ліку грамадзянскага насельніцтва. Ад 21 да 25 тыс. чалавек саслалі на прымусовыя работы ў Трэці Рэйх, а тысячы іншых выселілі за межы зоны блакавання. Вялізнымі былі гаспадарчыя страты: у прыватнасці, нямецкія справаздачы згадваюць пра канфіскацыю больш за 21 тыс. галоў жывёлы.

Паводле гісторыкаў, немцам не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэтаў у выніку правядзення аперацыі «Герман», паколькі савецкія і польскія партызанскія атрады аб’ядналіся ў змаганні, не трапілі ў акружэнне, а перагрупаваліся на меншыя падраздзяленні і часткова эвакуяваліся ў глыбіню пушчы. Неўзабаве яны аднавілі свой баявы патэнцыял. Найбольш пацярпела, як і здараецца ў ходзе войнаў, мірнае насельніцтва.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу