Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палякам не падабаюцца ненармальна высокія заробкі лекараў, але не гэта самае галоўнае

14.07.2026 17:04
Міністэрства аховы здароўя ўжо падрыхтавала праект рэформы.
.
Ілюстрацыя. Фота: Pixabay.com

Сайт «Businessinsider» піша пра стаўленне жыхароў Польшчы да высокіх заробкаў дактароў. Большасць палякаў лічыць, што галоўная праблема ў сістэме аховы здароўя — не высокія зарплаты лекараў, а недастатковы кантроль за іх працоўным часам. Пра гэта сведчыць апытанне грамадскай думкі.

За ўзмацненне кантролю над рэальным працоўным часам медыкаў выступіла каля 73 адсоткаў апытаных. Для параўнання, увядзенне верхняй мяжы заробкаў падтрымалі крыху больш за 38%, а адмену закона аб штогадовым павышэнні зарплаты ў ахове здароўя — менш за 19%. Толькі 6 адсоткаў лічаць, што дзейная сістэма не патрабуе змен.

Падтрымка кантролю за працоўным часам асабліва высокая сярод людзей з больш высокімі даходамі і прадпрымальнікаў. У той жа час за абмежаванне заробкаў часцей выступаюць фермеры, беспрацоўныя і эканамічна неактыўныя грамадзяне.

Апытанне таксама паказала, што неабходнасць лепш кантраляваць працоўны час лекараў падтрымліваюць выбарцы практычна ўсіх палітычных сіл — ад левых да правых. Найбольшыя разыходжанні паміж імі датычацца не кантролю, а магчымай адмены закона аб штогадовым павышэнні заробкаў.

Міністэрства аховы здароўя ўжо падрыхтавала праект рэформы. Ён прадугледжвае максімальную стаўку за гадзіну працы ў 240 злотых брута, абавязковую справаздачнасць аб графіках працы, а таксама патрабаванне, каб лекар працаваў у асноўнага працадаўцы не менш, чым на палову стаўкі. Праца ў іншых установах павінна будзе ўзгадняцца з асноўным працадаўцам.

Былы кіраўнік Нацыянальнага фонду аховы здароўя Марцін Пакульскі (Marcin Pakulski) лічыць, што грамадскія чаканні адносна лепшага кантролю зразумелыя. Аднак, паводле яго слоў, адных абмежаванняў недастаткова. Калі скараціць толькі працоўны час без сістэмных змен, гэта можа прывесці да закрыцця аддзяленняў, а нават бальніц. На думку эксперта, галоўная праблема не ў высокіх заробках лекараў, а ў дрэннай сістэме фінансавання аховы здароўя.

нг