65 гадоў таму ў Польшчу прыехаў першы ў свеце касманаўт Юрый Гагарын. Тады гэта стала падзеяй нумар адзін у краіне, а на вуліцах польскіх гарадоў Гагарына віталі тысячы людзей. Першы чалавек у космасе прабыў у Польшчы тры дні, падчас якіх наведаў розныя гарады краіны ды сустрэўся з палякамі.
Юрый Гагарын знаходзіўся ў Польшчы з 20 па 22 ліпеня 1961 года. У краіну ён прыехаў па запрашэнні ўладаў Польскай Народнай Рэспублікі. Падчас свайго трохдзённага візіту касманаўт наведаў Варшаву, Катавіцы і гарады Сілезскай агламерацыі, а таксама Зялёну Гуру. Улады ПНР узнагародзілі касманаўта Крыжам Грунвальда першай ступені — адным з вышэйшых вайсковых ордэнаў Польскай Народнай Рэспублікі. Узнагароду асабіста ўручыў першы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі Уладзіслаў Гамулка.
20 ліпеня 1961 года ў 13:00 гадзін па польскім часе самалёт Іл-14 з першым касманаўтам Юрыем Гагарыным на борце прызямліўся ў Варшаўскім аэрапорце «Акэнце» (цяпер — Варшаўскі міжнародны аэрапорт імя Шапэна). Вось як пра прыезд Гагарына паведамляла дзяржаўная кінахроніка.
— Даўно не было такой масы людзей у варшаўскім аэрапорце. Неўзабаве — 13:00 гадзін. Жыхары Варшавы глядзяць у неба і чакаюць госця з космасу. Канешне, не наўпрост з космасу! Ён ужо наведаў некалькі сталіц Еўропы. І нарэшце ён тут! Маёр Юрый Гагарын прызямліўся ў Варшаве!
У аэрапорце яго сустракалі высокапастаўленыя чыноўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў ды грамадскасці. З «Акэнця» касманаўт накіраваўся ў адкрытым аўтамабілі ў палац Бэльведэр на сустрэчу з кіраўніцтвам краіны. На яго шляху стаялі тысячы жыхароў Варшавы, якія віталі Гагарына ў польскай сталіцы.
21 ліпеня раніцай ён на цягніку накіраваўся ў Сілезію. На вакзале ў Катавіцах Гагарына сустрэў першы сакратар абкама партыі Эдвард Герэк, які пазней узначаліў рабочую партыю Польшчы, фактычна стаўшы кіраўніком краіны. З вакзала Гагарын праехаў зноў жа ў адкрытым аўто праз Катавіцы, Руду Слёнску, Бытам і Забжэ ў суправаджэнні Герэка і віцэ-прэм’ера Пятра Ярашэвіча. І тут зноў яго сустракалі тысячы палякаў!
Першы чалавек у космасе прыняў удзел ва ўрачыстасцях Свята Адраджэння Польшчы, якое адзначалася 22 ліпеня і было прынятае ўладамі камуністычнай Польшчы ў памяць аб вызваленні краіны ад гітлераўцаў. На ўрачыстасцях Гагарын выступіў з прамовай. Пазней ён наведаў адну з вугальных шахтаў, бо Сілезія — гэта вугальны рэгіён Польшчы. Ад гарнякоў касманаўт атрымаў у падарунку шахцёрскую лямпу і статуэтку, вырабленую з вугальнай глыбы. Пазней яго прывезлі на сустрэчу з працоўнымі калектывамі металургічнага заводу, а таксама Ваяводскі парк культуры і адпачынку.
Гаворыцца, што на вуліцах сілезскім гарадоў Гагарына віталі на трасе яго праезду 1,5 млн жыхароў рэгіёну!
Дарэчы, дзяржаўныя польскія СМІ называлі Гагарына «Калумбам космасу».
Жыхары Варшавы сустракаюць Юрыя Гагарына.
22 ліпеня касманаўт накіраваўся ў горад Зялёна Гура, які размешчаны на захадзе Польшчы. У часы ПНР ён быў вядомы тым, што там праходзіў фестываль савецкай песні, на сцэне якога выступалі Пугачова, Ратару, Кабзон ды іншыя зоркі савецкай эстрады.
У Зялёнай Гуры ён пазнаёміўся з горадам, сустрэўся з жыхарамі і атрымаў званне ганаровага пілота адной з вайсковых авіяцыйных часцей.
У той жа дзень, 22 ліпеня, Юрый Гагарын вярнуўся ў Варшаву для ўдзелу ў цэнтральным Свяце Адраджэння Польшчы, якое прайшоў у цэнтры сталіцы. Там ён таксама выступіў з прамовай. А вечарам касманаўт вылецеў у Маскву.
Візіт Гагарына ў Польшчу стаў грандыёзнай прапагандысцкай і грамадскай падзеяй, а цягам трох дзён знаходжання яго ў краіне прозвішча касманаўта не знікала са старонак газет, тэлеэкранаў і радыёэфіру.
Дарэчы, візіт Гагарына ў Польшчу адбыўся даволі хутка пасля яго палёту ў космас — з таго моманту прайшло крыху больш за тры месяцы. Неўзабаве пасля яго візіту выйшла кніга пад назвай «Гагарын у Польшчы» аўтарства Ежы Салецкага. У ёй вельмі падрабязна апісаная практычна кожная гадзіна паездкі касманаўта па Польшчы. Кніга ўтрымлівае шмат фотаздымкаў. Дарэчы, яе можна і цяпер купіць у інтэрнэце альбо антыкварных крамах.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл