Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Чым больш мы ведаем гісторыю, тым мацнейшая наша памяць»

21.07.2026 06:01
У Познані беларускія эмігранты стварылі дыскусійны гістарычны клуб «Шукальнікі гісторыі». Першую лекцыю прачытала настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая. Яе тэмай сталі каралеўскія гісторыі кахання. З Ларысай Секержыцкай гутарыць Павел Залескі.
Аўдыё
  • У Познані беларускія эмігранты стварылі дыскусійны гістарычны клуб «Шукальнікі гісторыі». Першую лекцыю прачытала настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая
 .
Ларыса Секержыцкая. Здымак: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

— Спадарыня Ларыса, як наогул узнікла ідэя стварэння гістарычнага клуба?

— Раней у нас ужо быў цыкл лекцый па гісторыі, і людзі, якія на іх прыходзілі, казалі, што было б добра паслухаць яшчэ нешта цікавае і працягнуць вывучэнне гісторыі Беларусі. Пры гэтым яны прапаноўвалі, каб больш увагі надавалася беларускім і польскім гістарычным падзеям, якія маюць агульныя карані. Мне гэтая ідэя спадабалася. Мы падрыхтавалі анкету і прапанавалі ўсім ахвотным яе запоўніць. Людзі пісалі, якія лекцыі ім цікавыя, ці хацелі б яны прыходзіць, прапаноўвалі свае тэмы.

— Цікава, што першую лекцыю вы прысвяцілі каралеўскім гісторыям кахання…

— Гэтая тэма вельмі блізкая многім людзям. Шмат хто чуў пра каханне Барбары Радзівіл, Ядвігі і Ягайлы ды іншых гістарычных асобаў — гэта сапраўды цікавіць людзей. Мы таксама падумалі, што гэтая тэма можа прывабіць сваёй нібыта прастатой, але разам з тым мы далёка не ўсё ведаем пра каханне, асабліва калі гаворка ідзе пра каранаваных асобаў. Напрыклад, што мы ведаем пра Ягелонаў? Аказваецца, не так ужо і шмат. Таму і выбралі такую тэму, каб як мага больш людзей зацікавіліся нашымі сустрэчамі.

— У вас ужо распрацаваны нейкі канкрэтны цыкл лекцый, ці тэмы будуць вызначаць слухачы?

— Ёсць прапановы па канкрэтных гістарычных перыядах, людзі ўжо выказалі свае пажаданні. Я таксама прапанавала тэмы, якія спалучаюць беларускую і польскую гісторыі. Слухачы, у сваю чаргу, выказваюць свае прапановы. Вось сёння, напрыклад, усім стала цікава, чаму Панятоўскі не быў жанаты.

— Пра што канкрэтна будуць наступныя лекцыі?

— Адна з першых тэм будзе датычыць зараджэння дзяржаўнасці ў палякаў і беларусаў. Будзем разглядаць, што паміж гэтымі працэсамі было падобнага і адрознага, у чым яны перасякаліся. Адна з лекцый будзе прысвечана падзелам Рэчы Паспалітай, паўстанням, якія адбываліся на польскіх і беларускіх землях. Цікавыя тэмы звязаныя і з гісторыяй пачатку ХХ стагоддзя ў нашых краінах. Дарэчы, у сваіх лекцыях мы будзем расказваць не толькі пра мужчын, але і пра жанчын, якія пакінулі важкі след у нашай гісторыі.

— Я так разумею, што лекцыі пакуль будзеце чытаць толькі вы?

— Пакуль гэты цыкл буду весці я. Але пазней, магчыма, будуць выступаць і іншыя. Да нас прыходзяць вельмі цікавыя людзі, якія добра ведаюць гісторыю. Таму паглядзім, як усё будзе развівацца далей.

— Спадарыня Ларыса, вы — кваліфікаваны гісторык, шмат гадоў выкладалі ў школе. Які перыяд нашай гісторыі вам асабіста найбольш цікавы?

— Я вельмі люблю Сярэднявечча. Гэты перыяд спалучае ў сабе мноства легендаў і рэальныя факты з гістарычных крыніц. Дзякуючы гэтаму можна нібыта занырнуць у той час і адчуць яго атмасферу. Магчыма, гэта не такі рамантычны перыяд, як, скажам, ХІХ стагоддзе. Тут яшчэ ўсё знаходзіцца на менш цывілізаваным узроўні. Але мяне захапляе тое, як чалавек, які літаральна выйшаў з лесу, пачаў шукаць шлях да цывілізаванага жыцця. Людзі паступова становяцца ўжо не проста воінамі, а яркімі асобамі. Менавіта за гэта я люблю Сярэднявечча.

— А што датычыць слухачоў вашых лекцый — што іх найбольш цікавіць?

— Гэта вельмі цікава, бо з кожнай новай лекцыяй усё часцей сустракаеш знаёмыя твары. І гэта вельмі прыемна. Сёння, напрыклад, было ўжо чатыры чалавекі, якіх я пазнала па папярэдніх сустрэчах. Але ўвогуле гэта вельмі розныя людзі — з рознымі поглядамі, пытаннямі і прапановамі. Некаторыя просяць больш гаварыць непасрэдна пра беларускую гісторыю, а я ім тлумачу, што ў нас вельмі шмат агульнага і з польскай гісторыяй. Вядома, я не магу гаварыць за ўсіх, але паглядзіце, як сённяшняя тэма ўсіх зацікавіла. Даведацца пра шлюбы Ягелонаў, пра іх чалавечыя лёсы, характары і асабістае жыццё аказалася цікава практычна кожнаму.

— А палякі прыходзяць на вашы лекцыі?

— Лекцыі адбываюцца па-беларуску, але да нас прыходзяць украінцы і рускія. Сёння адна пані з Украіны сказала мне, што спачатку не вельмі разумела беларускую мову, але, уважліва паслухаўшы лекцыю, пачала яе разумець. Яна была вельмі задаволеная.

— Як, на вашу думку, можна патлумачыць цікавасць людзей да гістарычных лекцый, калі, здавалася б, у эміграцыі трэба найперш думаць пра працу, заробак і іншыя жыццёвыя клопаты?

— Не ведаю, гэта лепш пытацца ў іх саміх. Але я таксама прыйшла б на такую лекцыю, каб пашырыць свае веды па тэмах, якія мяне цікавяць. Нядаўна ў нас выступала Кацярына Ваданосава. Яна расказвала пра рэканструкцыю зброі, адзення розных гістарычных перыядаў. Мне, напрыклад, гэта вельмі цікава. Думаю, у многіх людзей ёсць патрэба пашыраць свае веды і не зацыклівацца толькі на штодзённых бытавых клопатах. Да таго ж тут заўсёды ёсць магчымасць паразмаўляць паміж сабой, абмеркаваць розныя пытанні. Напэўна, людзі імкнуцца напоўніць сябе новымі ведамі, новай энергіяй. І чым больш мы знаёмімся з гістарычнымі падзеямі, тым мацнейшай становіцца наша гістарычная памяць, тым больш захоўваецца пераемнасць пакаленняў і тым больш жывой застаецца гісторыя. 

Павел Залескі

Слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы