Паводле дадзеных Памежнай службы, у першай палове 2026 года з Польшчы былі прымусова дэпартаваныя 5 640 замежнікаў, якія падпадалі пад працэдуру вяртання. Як паведамляе «Rzeczpospolita», гэта на 28% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (4 420 чалавек).
Газета адзначае, што гэты рост яшчэ больш выразны ў параўнанні з 2022 годам, калі колькасць дэпартацыяў была ўдвая меншай, чым за бягучае паўгоддзе. Сакавік і красавік 2026 года — рэкордныя месяцы. У гэты перыяд колькасць замежнікаў, вернутых паветраным транспартам у краіны паходжання склала 1150 і 1130 адпаведна.
— У 2025 годзе найчасцей з Польшчы адпраўлялі назад грамадзянаў Грузіі і Узбекістана, а ў 2026 годзе — Грузіі і Калумбіі, — паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы маёр Анна Сабеска-Тэкень.
Як адзначае газета, прадстаўленыя дадзеныя ўключаюць як асоб, якія добраахвотна пакінулі Польшчу на падставе рашэння аб вяртанні, так і прымусова дэпартаваных. Згодна з цытаванай статыстыкай, у 2022 годзе было зафіксавана каля 3 800 вяртанняў, у тым ліку каля 650 прымусовых дэпартацыяў. У 2023 годзе было зарэгістравана каля 7 300 вяртанняў, з якіх каля 1 150 — прымусовыя дэпартацыі. Праз год гэтая лічба вырасла прыкладна да 8 550, а ў 2025 годзе дасягнула 9 700, у тым ліку каля 2 300 прымусовых высылак.
Эксперт «Фонду Пуласкага» Войцех Дзенгель ацаніў, што рост колькасці высылак з'яўляецца вынікам павышэння эфектыўнасці польскіх службаў.
— Існуе грамадскае чаканне таго, што межы будуць надзейна ахоўвацца, а дзяржава будзе выяўляць і дэпартаваць людзей, якія знаходзяцца ў краіне нелегальна. Службы цяпер значна менш паблажлівыя да гэтай зʼявы, і гэта адлюстравана ў статыстыцы, — сказаў Дзенгель.
Выдаткі, звязаныя з арганізацыяй дэпартацыяў, фінансуюцца як з дзяржаўнага бюджэту, так і з фондаў Еўрасаюза. Акрамя таго, значная частка аперацый — верагодна ад 85 да 90 працэнтаў — фінансуецца Еўрапейскім агенцтвам памежнай і берагавой аховы «Frontex».
Як патлумачыла маёр Анна Сабеска-Тэкень, «арганізацыя аперацый па вяртанні — гэта складаны шматэтапны працэс.
— Эфектыўнае правядзенне такіх аперацый патрабуе каардынацыі і ўдзелу многіх субʼектаў, а таксама разгортвання значных сіл і лагістычных, кадравых і фінансавых рэсурсаў, — падкрэсліла яна.
Дакладныя выдаткі, якія нясуць польскія падаткаплатнікі ў сувязі з дэпартацыямі, невядомыя, прызнала прэс-сакратар Памежнай службы.
На кошт высылак звярнуў увагу таксама Войцех Дзенгель, які нагадаў, што гэта не толькі сам пералёт, але пражыванне і харчаванне замежніка перад вылетам, медыцынскае абслугоўванне і паслугі перакладчыка. Аднак, паводле яго, «гэта ўсё ж меншыя выдаткі для дзяржаўнага бюджэту, чым утрыманне нелегальных імігрантаў».
Паводле «Rzeczpospolita», найбольш распаўсюджанымі падставамі для вынясення рашэння аб абавязку замежніка пакінуць тэрыторыю Польшчы зʼяўляюцца незаконнае знаходжанне, парушэнне закона або пагроза нацыянальнай бяспецы.
аз