Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Юрыст: Беларусам трэба больш сурʼёзна падыходзіць да складання заявы на міжнародную абарону

22.07.2026 16:34
Афіцыйныя дадзеныя Польскага ўпраўлення па справах замежнікаў сведчаць пра змену падыходу пры прызнанні палітычнага прытулку да бежанцаў, якія ўцякаюць ад рэжыму ў Мінску.
Аўдыё
  • Польскія ўлады пачалі адмаўляць у міжнароднай абароне грамадзянам Беларусі
Ілюстрацыйнае фотаObraz Gerd Altmann z Pixabay/CC0

Польскія ўлады пачалі адмаўляць у міжнароднай абароне грамадзянам Беларусі, тлумачачы гэта змяншэннем рэпрэсій у Беларусі. Беларускія дэмакратычныя сілы рэагуюць і нагадваюць пра сістэмнасць рэпрэсій. Юрысты раяць больш грунтоўна рыхтавацца да падачы заяўкі на абарону.

Партал палякаў у Беларусі Znadniemna.pl паведаміў пра тое, што Польшча змяняе стаўленне да палітычных уцекачоў з Беларусі. За мінулы месяц польскія ўлады выдалі 52 адмовы ў міжнароднай абароне грамадзянам Беларусі.

Гэта рэкорд зазначае выданне і тлумачыць, што гэта змена выклікана тым, што тэрмін даўнасці крымінальнай адказнасці за ўдзел у апазіцыйных дэманстрацыях 2020 года ўжо скончыўся, а адбылося шэраг памілаванняў палітычных зняволеных. На думку польскіх іміграцыйных уладаў гэта сведчыць пра зніжэнне маштабаў рэпрэсій у Беларусі.

Праясніць сітуацыю мы папрасілі юрыстку Вольгу Дабравольскую. Ці гэта адзінкавыя выпадкі, ці можна казаць пра тэндэнцыю?

— На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя. Вядома пра дзясяткі такіх справаў. Больш падобна на тэндэнцыю. Справа ў тым, што ва Ўпраўленні справаў іншаземцаў змянілася інтэрпрэтацыя. Пры выдачы рашэнняў яны карыстаюцца шаблонамі па кожнай краіне. Цяпер там з’явіліся тэзісы, што ў 2025-м годзе ў Беларусі прайшлі выбары, і што пасля гэтага маштаб рэпрэсій пачаў з году ў год змяншацца, і таксама інфармацыя пра звальненні палітвязняў, што на думку экспертаў Упраўлення ўплывае на нармалізацыю сітуацыі ў Беларусі.

Гэта звязана яшчэ з тым, што статус дадатковай абароны, які прызнаецца беларусам, больш базуецца на сітуацыі ў краіне паходжання, тлумачыць экспертка.

— Міжнародная абарона дзеліцца на два статусы: статус уцекача, дзе разглядаюцца індывідуальныя прычыны пераследу, і другі — дадатковая абарона. Менавіта яе найчасцей давалі беларусам, а яна базуецца на сітуацыі ў краіне паходжання. Ідзецца пра тое, ці там бяспечна для заяўнікаў, ці вяртанне можа паўплываць на жыццё ці здароўе чалавека. Дадатковая абарона заўсёды звязана з тым, што адбываецца ў краіне паходжання, яна выдаецца бестэрмінова, але толькі на той час пакуль патрэбная.

Трывожнасць тэндэнцыі заўважае таксама старшыня НАУ і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павал Латушка.

— Трывожная тэндэнцыя, калі колькасць адмоўных рашэнняў перавысіла колькасць пазітыўных аб наданні статусу міжнароднай абароны для беларусаў, выклікае ў нас занепакоенасць. Два тыдні таму я сустракаўся з кіраўніком ведамства ў справе шэрагу адмоў, і казаў, што ў Беларусі не паменшыліся рэпрэсіі, маюць сістэмны і шырокі характар.

Беларускія дэмакратычныя сілы звярнуліся да польскіх уладаў дзеля высвятлення наяўнай сітуацыі, каб давесці рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі, дадаў Павал Латушка.

— Я папрасіў сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы, які адказвае за міграцыйную палітыку. Яна павінна адбыцца 28-га ліпеня. Будзем уздымаць пытанне міграцыйнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў.

Разам з тым не варта панікаваць і казаць, што ў Польшчы беларусы зусім перастануць атрымліваць міжнародную абарону, перакананая Вольга Дабравольская. У цяперашняй сітуацыі людзям трэба больш сурʼёзна ставіцца і рыхтавацца пры падачы заявы на міжнародную абарону, раіць юрыстка.

— Трэба больш сурʼёзна падыходзіць да складання заявы на міжнародную абарону. Трэба больш грунтоўна падрыхтавацца, пры запаўненні анкеты вельмі важна не адказваць лаканічна на пытанні, а распавесці сваю гісторыю, каб інспектар бачыў, што сапраўды чалавек перажыў рэпрэсіі, ёсць страх перад вяртаннем у Беларусь. Гэта ў справе трэба паказаць.

Юры Ліхтаровіч