Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ад Дзяржаўнай паліцыі да нашых дзён. Сёння — прафесійнае свята польскай паліцыі (ФОТА/ВІДЭА)

24.07.2026 06:04
24 ліпеня 1919 года Сейм адроджанай Польшчы прыняў Закон аб Дзяржаўнай паліцыі.
Аўдыё
  • Ад Дзяржаўнай паліцыі да нашых дзён. Сёння – прафесійнае свята польскай паліцыі
     . ,  1932
Патруль польскай Дзяржаўнай паліцыі на матацыкле. Варшава, жнівень 1932 годаNarodowe Archiwum Państwowe

Афіцыйнае свята польскіх праваахоўнікаў было ўстаноўленае ў 1995 годзе ў памяць пра гістарычную падзею 1919 года.

Сучасная паліцыя Польшчы — гэта цэнтралізаваная ўзброеная праваахоўная структура, якая прайшла векавы шлях рэформаў, ваенных узрушэнняў і палітычных трансфармацый. Яе гісторыя непарыўна звязаная з станаўленнем польскай дзяржаўнасці, барацьбой за незалежнасць і дэмакратычнымі пераўтварэннямі канца XX стагоддзя.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і вяртання незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе ўзнікла вострая неабходнасць аб'яднаць разрозненыя праваахоўныя структуры. На розных тэрыторыях былых акупацыйных зон дзейнічалі народная міліцыя, камунальная паліцыя і іншыя атрады. 24 ліпеня 1919 года Сейм Польшчы прыняў Закон аб Дзяржаўнай паліцыі (Policja Państwowa). І таму менавіта ў гэты дзень адзначаецца прафесійнае свята польскай паліцыі.

Конны паліцэйскі на Замкавай плошчы ў Варшаве. 1934 год/СС0/Beschrijving Конны паліцэйскі на Замкавай плошчы ў Варшаве. 1934 год/СС0/Beschrijving

Пачынаючы з 1919 года, у Польшчы была створаная адзіная ваенізаваная структура, падпарадкаваная Міністэрству ўнутраных спраў.

Згодна з Законам аб дзяржаўнай паліцыі 1919 года, мэтай новага фармавання была ахова бяспекі, міру і грамадскага парадку. Паліцыя стваралася ў нестабільныя часы першых гадоў незалежнасці, таму была арганізаваная па вайсковым узоры.

Каб трапіць у Дзяржаўную паліцыю, трэба было адпавядаць даволі жорсткім патрабаванням. Прымаліся польскія грамадзяне, мужчыны (пазней пачалі прымаць таксама жанчын), якія не мелі канфлікту з законам, ва ўзросце 23-45 гадоў, якія вылучаліся добрай фізічнай падрыхтоўкай і веданнем вуснай ды пісьмовай польскай мовы. З 1936 года паліцэйскім можна было стаць толькі пасля адпаведнай падрыхтоўчай службы.

Даваенная форма польскіх паліцэйскіх (рэканструкцыя). Крыніца: policja.pl
Даваенная форма польскіх паліцэйскіх (рэканструкцыя). Крыніца: policja.pl

Афіцэры павінны былі карыстацца крыштальнай рэпутацыяй, а парушэнне статуту каралася вымовай, арыштам да сямі сутак, пераводам на іншую пасаду, паніжэннем у званні і нават звальненнем са службы.

Дарэчы, працяглы час польская паліцыя працавала па законах былых імперый, пакуль у 1932 годзе не быў прыняты адзіны Крымінальны кодэкс Польшчы, які называлі Кодэксам Макарэвіча. Ён распрацоўваўся пад кіраўніцтвам выкладчыка Юрыдычнага факультэту Львоўскага ўніверсітэту імя караля Яна Казіміра прафесара Юльюша Макарэвіча. Да 1939 года ў польскай паліцыі служыла каля 33 тыс. супрацоўнікаў. Сярод іх былі таксама атрады жаночай паліцыі (матэрыял па спасылцы).

А ва ўсходніх ваяводствах Польшчы, у склад якіх уваходзіла Заходняя Беларусь, у польскай паліцыі таксама служылі беларусы (матэрыял па спасылцы).

Ваенная кампанія восені 1939 года, калі на Польшчу напалі Германія і Савецкі Саюз, стала катастрофай для польскіх праваахоўнікаў. Падчас баёў з нацысцкай Германіяй загінула каля 2 тыс. паліцэйскіх. Пасля падзелу Польшчы паміж Рэйхам і СССР каля 12 тыс. супрацоўнікаў апынуліся на ўсходніх тэрыторыях і патрапілі ў савецкі палон. Увесну 1940 года амаль 6 тыс. з іх былі расстраляныя ў Калініне (сёння Цвер) і пахаваныя ў сяле Меднае, якое стала найбуйнейшым паліцэйскім некропалем у свеце.
У снежні 1939 года на тэрыторыі Генерал-губернатарства, створанага немцамі на частцы акупаваных польскіх земляў, нямецкія ўлады прымусова сфармавалі Польскую паліцыю. З-за колеру формы яе называлі «сіняй». За адмову ад службы пагражала смяротнае пакаранне (матэрыял па спасылцы).

Многія супрацоўнікі «сіняй паліцыі» таемна супрацоўнічалі з польскім падполлем, перш за ўсё з Арміяй Краёвай, перадаючы каштоўныя разведдадзеныя і ратуючы мірных грамадзян.

З прыходам савецкіх войскаў і ўсталяваннем камуністычнага рэжыму Дзяржаўная паліцыя была ліквідаваная. У кастрычніку 1944 года дэкрэтам Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення была створаная Грамадзянская міліцыя (Milicja Obywatelska).
Ведамства цалкам падпарадкоўвалася правячай Польскай абʼяднанай рабочай партыі. Галоўнай задачай стала абарона сацыялістычнага ладу, а не грамадзян. Міліцыя актыўна выкарыстоўвалася для падаўлення пратэстаў (падзеі 1956, 1968, 1970 і 1976 гадоў). Да канца 1980-х гадоў з-за эканамічнага крызісу і палітычнага ціску ўзровень даверу насельніцтва да Грамадзянскай міліцыі ўпаў да крытычнага мінімуму. Пасля правядзення гістарычнага «Круглага стала» ў 1989 годзе пачалася карэнная перабудова ўсёй сістэмы.

Адным з элементаў рэформы ў новай Польшчы стала вяртанне да традыцыйных, даваенных званняў паліцэйскіх. Так, у часы ПНР у міліцыі існавалі званні, прынятыя ў армейскай сістэме. Так, было званне паручніка міліцыі, капітана міліцыі, маёра міліцыі і г.д. У 1990 годзе былі ўведзеныя традыцыйныя паліцэйскія званні. Так, падпаручнік стаў малодшым камісарам, паручнік — камісарам, капітан   старэйшым камісарам і г.д. Старэйшы інспектар паліцыі  генерал-маёр, а вось генеральны інспектар паліцыі  генерал-лейтэнант. І гэта самае высокае званне ў польскай паліцыі.

Сучасны парадны мундзір польскай паліцыі. Крыніца: policja.pl Сучасны парадны мундзір польскай паліцыі. Крыніца: policja.pl

У 2019 годзе польская паліцыя ўвяла новыя парадныя мундзіры цёмна-сіняга колеру, якія кроем і стылістыкай нагадваюць даваенную форму. Перад гэтым, яшчэ з часоў ПНР, паліцэйскі мундзір складаўся з чорных штаноў і кіцеля шэрага колеру.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу