«WOLNI» (ВОЛЬНЫЯ) — так называецца новы сацыяльны праект таварыства «Мемарыял» у Польшчы (Memoriał Polska). У рамках
праекту запісваюцца на відэа сведчанні былых палітычных вязняў беларускага рэжыму, каб захаваць іх успаміны для нашчадкаў.
Больш падрабязна пра ініцыятыву распавядае яе каардынатар Ганна Гавіна.
— Мы рыхтуем серыю з 15 інтэрв’ю з былымі палітычнымі зняволенымі з Беларусі, якія пасля вызвалення ў 2025 і 2026 гадах былі выдвараныя за мяжу. І цяпер пражываюць пераважна ў Польшчы і Літве. Трэба запісваць людзей цяпер, калі іх памяць яшчэ свежая. Мы распытваем людзей пра іх досвед у турме, каб захаваць успаміны для нашчадкаў. Таксама спадзяемся, што гэта можа паслужыць доказам у магчымых будучых судах, як пацвярджэнне помсты з боку рэжыму Лукашэнкі.
Адным з вашых гасцей была былая палітзняволеная Алена Гнаўк, якая расказала пра жудасныя ўмовы ў калоніі, створаныя для жанчын, асабліва пажылых, а яна ўжо пенсіянерка.
— Я магу распавесці забаўную гісторыю. Калі мы запісвалі пяць інтэрв’ю ў Літве, пасля здымкаў мы з камандай пайшлі ў Музей акупацыі Літвы, дзе калісьці КДБ трымала літоўскіх палітвязняў. І мы ўжо практычна нічога не адчувалі пасля таго, што пачулі ад герояў нашых інтэрв’ю. Так што эмпатыя не бясконцая.
Алена распавядала пра ШІЗА (штрафны ізалятар — рэд.), дзе яна сядзела 80 сутак, а агулам за чатыры гады зняволення яна правяла ў ШІЗА каля года. Самае жудаснае было тое, што яна павінна была залазіць на пастамент, які служыў туалетам. Ён быў на вышыні каля метра, і з-за артрыту яна не магла на яго ўзлесці. Яна аб’явіла галадоўку, каб не хадзіць у туалет. А свой кубак яна выкарыстоўвала і каб піць, і каб спраўляць малую патрэбу. Мачу з кубка яна магла выліваць.
Таксама гэта катаванне холадам, паколькі ў ШІЗА заўсёды холадна, нават летам.
— Так, нам расказвалі мужчыны, якія пабывалі ў ШІЗА, што там спаць магчыма максімальна 2-3 гадзіны, паколькі пазней прачынаешся ад холаду і пачынаеш адціскацца або прысядаць, каб сагрэцца. Акрамя таго, палітычных зняволеных прымушаюць казаць, за што яны пакараныя нават 10-15 разоў за дзень, хаця паводле закону, гэта трэба зрабіць толькі з раніцы і ўвечары.
Гэтыя здзекі часта не заканчваюцца нават і пасля выхаду з турмы, паколькі частка былых палітвязняў была вымушаная выехаць за мяжу насуперак сваёй волі, а іншыя, каму ўдалося застацца, сутыкаюцца з праблемамі.
— Таксама існуе рызыка, што яны пойдуць «па другім коле», што супраць іх сфабрыкуюць справу. Людзі абавязаныя пасля выхаду з калоніі стаць на ўлік у мясцовай інспекцыі, іх заўсёды пераследуе міліцыя. Таму большасць з’язджае за мяжу. На эміграцыі некаторыя вяртаюцца ў прафесію, як журналісты Белсату, некаторыя пачынаюць рабіць нешта новае. Варта зазначыць, што беларуская дыяспара вельмі добра працуе. Пасля прыбыцця на месца былым палітвязням прапануюць адпачынак і дапамогу.
Гісторыі былых беларускіх палітвязняў можна паслухаць на YouTube-канале польскага «Мемарыялу» .
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
Наталля Грышкевіч