«Мне вельмі важна пакінуць на зямлі след»
Каця, я захапляюся табой, тым, што ты робіш не гледзячы ні на што. Адкуль ты бярэш сілы?
— Я чэрпаю сілы, у першую чаргу, акурат у тых справах, якімі займаюся. Я ўсё гэта вельмі люблю. Мне падабаецца ўся мая праца. І ў гэтым я вельмі шчаслівы чалавек. Плюс я не ўмею проста, напрыклад, сядзець і глядзець серыял. Ніколі так не рабіла, мая мама ніколі так не рабіла, бабуля ніколі так не рабіла.
Хвароба таксама наклала пэўны адбітак на маю дзейнасць. Я, калі чатыры гады таму прачнулася ад наркозу пасля першай аперыцыі, падумала, што жыццё мае канец і трэба пра гэта памятаць. Гэта вельмі песімістычная думка. Але з іншага боку, гэта напаўняе кожны дзень сэнсам, таму што ты кожны дзень пражываеш як апошні. Ты ловіш момант, пастаянна ловіш яго за хвост. Дзень, вечар, раніца. І я падумала, што мне вельмі важна пакінуць след на зямлі.
Гэта трымае мяне добра, і гэта дае мне сілы.
«Прыбярыце лысую з кадра»
Наколькі цяжка змагацца з хваробай, калі ты не дома. Калі ўсё для цябе новае і не знаёмае? Як ты з гэтым спрабуеш спраўляцца?
— Мне надае сілы мая сям'я. Мне надаюць сілы мае сябры. І зноў жа, я шчаслівы чалавек. У мяне тут з'явіліся сябры. Акрамя старых, якія як і я выехалі, з’явіліся новыя. Усе яны проста выбітныя людзі, дзякуючы якім я не застаюся самотнай.
Спачатку, канечне, было складана, бо я не ведала польскай мовы, калі захварэла. Дактары мне нешта казалі, а я не разумела. Але, ведаеце, анкалагічны шпіталь — гэта вельмі добрая школа польскай мовы, насамрэч. Вельмі хутка вучышся размаўляць па-польску.
І сям’я, мне канечне вельмі дапамагала. У мяне не было магчымасці ісці на бальнічны, таму я атрымлівала дозу хіміі і адразу шла на здымкі. І потым у каментарах пісалі: «Прыбярыце лысую з кадра».
Пасля я прыходзіла дадому,і мяне накрываў боль. А мая дачка сядзела пры мне, гатавала мне ежу, ад якой мяне не ванітавала. Мой муж вельмі падтрымліваў мяне. Ён ў мяне не вельмі словаахвотны, таму ніякіх там «зайчыкаў» і «лапачак» ў нас у сям'і не практыкуецца. Але ён проста браў мне на рукі і адносіў у прыбіральню, напрыклад.
Таму зноў жа, я — шчаслівы чалавек. У мяне ёсць людзі, якія мне дарагія і якім, спадзяюся, дарагая я.
«Каб не было жуды па згубленым здароўі»
На жаль, шмат беларусак у эміграцыі сутыкнуліся з ракам. Ці ёсць у цябе парады для гэтых жанчын? Што варта рабіць, а чаго не варта?
— Пачну з таго, што мае парады гэта — мае парады. І яны не будуць, магчыма, працаваць для кагосьці іншага. Гэта тое, што я адпрацавала сама для сябе. У маім выпадку гэта спрацавала.
Важна не пагрузіцца ў самашкадаванне. З аднаго боку, гучыць досыць цынічна, але з другога боку, гэта дае магчымасць не здавацца. Памятаю, быў такі выраз "жуда па загубленаму лапцю". Дык вось «жуда па загубленым здароўі» — гэта не тое, на што варта звяртаць увагу.
Адпаведна, наступная парада, якую я сама сабе ўвесь час давала — не ляжаць, ня класціся пластом, ня песціць сваю хваробу. Жыць з ёй, навучыцца функцыянаваць з ёй і быць максімальна карыснай для сваёй сям'і, для грамадства. Таму што гэта вернецца, гэта дасць сілы змагацца далей. Таму што, калі вы кладзецеся, вы перастаеце быць патрэбным. Становіцеся цяжарам на плячах сваіх блізкіх.
«Адзін з падляшскіх строяў ідэнтычны нашаму дамачоўскаму»
За гэты час ты стварыла проста неверагодную, унікальную калекцыю нацыянальных строяў. Дзе ты знаходзіш час? Пры тым, што ў цябе вельмі насычаны працоўны графік.
— Я шыю, вышываю паўсюль. Нават у шпіталі. Аднойчы я туды прынесла раскроеную кашулю і з катэтарам у руцэ яе сшывала. Я выкарыстоўваю любы момант, каб займацца любімай справай. Час знаходзіцца для таго, чым хочацца займацца. А калі часу няма, значыць, гэта не вельмі трэба. Мне так здаецца.
Вяртаючыся да строю, ці ёсць нейкая камунікацыя з польскімі беларусамі, падляшскімі? Ці дапамагаюць яны?
— У нас наладжаныя працяглыя кантакты, добрая супрацы. У мяне вось ужо адбылося чатыры выставы, арганізатарам якіх быў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Я добрая швачка і добры, спадзяюся, гісторык моды, але маркетолаг з мяне і арганізатар зусім ніякі. А яны бяруць на сябе ўсе абавязкі, звязаныя з пошукам манікенаў, з дастаўкай, з усімі гэтымі рахункамі, фактурамі, у якіх я нічога не разумею. Таму дзякуй вялікі ім.
Неўзабаве будзе яшчэ адна выстава, арганізатарам якой ёсць Супрасельскі цэнтр культуры і таксама Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Іншая справа, што Падляшша традыцыйнае, тое, што мы часам называем народнай культурай, яно як рэч у сабе, даволі закрытае. Гэта як у нас на Палессі на Тураўшчыне. Калі я ездзіла туды ў камандзіроўкі, там гэтак жа трэба было зрабіць нешта такое, каб стаць сваёй. Ты часам не разумеў, а што яшчэ трэба зрабіць, каб гэтыя бабулі далі табе інтэрв'ю. Таму што яны табе не давяраюць. Вось мне здаецца, што тут такая ж сітуацыя. Прыехала нейкая чужаніца, што ж яны будуць са мной дзяляцца сваім досведам.
Але, насамрэч, крышачку я запазычыла. Напрыклад, пад Беластокам ёсць музей традыцыйнай культуры і мяне дапусцілі туды ў сховішча. Я глядзела, мацала нават усе гэтыя традыцыйныя стогадовыя кашулі мужчынскія, жаночыя. І вельмі натхнілася. Думаю, што гэта патэнцыйна буде вельмі ўдалым рашэннем арганізаваць сумесную выставу. Тым больш, што на Падляшшы існуе некалькі формаў і варыянтаў традыцыйных строяў. І адзін з іх ідэнтычны нашаму дамачоўскаму строю.
«Я вельмі баюся расчароўвацца»
Ці хацела б ты калі-небудзь зрабіць вялікую выставу ў Беларусі? Наогул ці ёсць у цябе мара?
— Калі б вярнуцца ў Беларусь, напэўна, мне б хацелася правесці выставу ў музеі Янкі Купалы, дзе я працавала. Зрабіць дэфіле маіх строяў.
Але на адной маёй палатнянай торбачцы напісаныя словы Элізы Ажэшкі: «Ніколі не трэба расчароўвацца». Я вельмі баюся расчароўвацца ў людзях, у падзеях, у будучыне, і таму я не будую далёкіх планаў, каб не расчароўвацца. Я проста хачу вярнуцца ў Беларусь.
Мару вярнуцца на Нёман, стаць намётам на Вілейскім вадасховішчы. Мару прайсціся па родным Зялёным Лузе. Пабачыць, што сталася з дзіцячай пляцоўкай побач з маім домам, што там з крамай, у якую я ўсё жыццё хадзіла. Залезці на дах дому ў Зялёным лузе і пахадзіць па рубероідзе, знаёмым з дзяцінства.
Падрыхтавала Аксана Колб