Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нуль праміле алкаголю ў крыві і дасведчаны апякун побач. У сілу ўваходзяць новыя правілы для кіроўцаў

02.09.2026 16:15
Мэта новых правілаў — павысіць бяспеку і знізіць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў.
Аўдыё
  • Уступяць у сілу важныя змены ў правілах кіравання аўтамабілем у Польшчы
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Peter H /pixabay.com/CC0 Public Domain

У верасні 2026 года ўступяць у сілу важныя змены ў правілах кіравання аўтамабілем у Польшчы. Кіроўцаў-пачаткоўцаў будзе абавязваць выпрабавальны тэрмін і ліміт 0,0 праміле алкаголю ў крыві, а кіраванне аўтамабілем падчас дзеяння часовага пазбаўлення правоў вадзіцеля можа выключыць кіроўцу з дарожнага руху на тэрмін да пяці гадоў.

Новыя правілы з'яўляюцца часткай Закона ад 17 кастрычніка 2025 года, падпісанага прэзідэнтам Польшчы 27 лістапада. Большасць змяненняў уступіла ў сілу 3 сакавіка 2026 года, але раздзел, які тычыцца выпрабавальнага тэрміна і пяцігадовага пазбаўлення правоў, уступае ў сілу 3 верасня бягучага года.

Адно з важнейшых змяненняў тычыцца выпрабавальнага тэрміна для новых кіроўцаў. Ад заўтра асоба, якая ўпершыню атрымае вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «Б», атрымае абавязковы выпрабавальны тэрмін.

Для кіроўцаў старэйшых за 18 гадоў выпрабавальны тэрмін будзе доўжыцца два гады. Трохгадовы выпрабавальны тэрмін прадугледжаны для тых, хто атрымлівае вадзіцельскія правы ва ўзросце 17 гадоў, але ён будзе працягвацца толькі да дасягнення імі 20-гадовага ўзросту.

Супрацоўнікі паліцыі будуць правяраць стаж кіроўцаў на падставе даты выдачы іх пасведчання, кажа Анджэй Баровяк (Andrzej Borowiak) з Вялікапольскай паліцыі.

— Новыя правілы для маладых кіроўцаў, якія ўступяць у сілу ў пачатку верасня, строгія. З аднаго боку, яны дазволяць кантраляваць маладых кіроўцаў, а з другога, самім кіроўцам-пачаткоўцам дапамогуць паляпшаць свае навыкі і пазбягаюць праблемаў, — кажа Баровяк.

Папраўка, апублікаваная ў ліпені 2026 года, прадугледжвае, што новыя правілы не распаўсюджваюцца на асоб, якія атрымалі вадзіцельскія правы катэгорыі «Б» да ўступлення ў сілу правілаў аб выпрабавальным тэрміне, то-бок да 3 верасня 2026 года.

Чарговая важная змена — нулявы ўзровень алкаголю. Падчас выпрабавальнага тэрміна кіроўцы не будзе дазволена кіраваць аўтамабілем пасля ўжывання нават невялікай колькасці алкаголю.

У прыватнасці, закон усталёўвае ліміт утрымання алкаголю ў крыві роўна 0,0 ‰ або 0,0 мг алкаголю на 1 дм³ выдыханага паветра. Забарона таксама распаўсюджваецца на рэчывы з падобным да алкаголю эфектам дзеяння.

Для іншых кіроўцаў усё яшчэ дзейнічае бягучы ліміт — стан «пасля ўжывання алкаголю» пачынаецца з 0,2 ‰. Такім чынам, для кіроўцаў-пачаткоўцаў будуць дзейнічаць больш строгія правілы.

Дадатковыя абмежаванні распаўсюджваюцца на 17-гадовых кіроўцаў. Да 18 гадоў іх вадзіцельскае пасведчанне дзейнічае выключна на тэрыторыі Польшчы.

Акрамя таго, на працягу шасці месяцаў пасля атрымання пасведчання, але не даўжэй да дасягнення паўналецця, яны павінны кіраваць аўтамабілем у суправаджэнні вопытнага кіроўцы.

Апекуну павінна быць не менш за 25 гадоў. Ён таксама павінен мець пасведчанне катэгорыі «Б» не менш за пяць гадоў і сядзець на пярэднім сядзенні для пасажыра. Апякун не можа знаходзіцца пад уздзеяннем алкаголю або наркотыкаў і не павінен быць пазбаўлены права кіравання аўтамабілем на працягу апошніх пяці гадоў.

Да 18 гадоў маладым кіроўцам таксама забаронена працаваць кіроўцамі таксі, займацца нерэгулярнымі пасажырскімі перавозкамі або грузавымі перавозкамі, напрыклад, працаваць курʼерам.

Калі кіроўца-пачатковец набярэ 12 штрафных балаў ён павінен прайсці практычную падрыхтоўку па бяспецы дарожнага руху. Заняткі будуць доўжыцца адну гадзіну і праводзіцца цэнтрам павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў.

Значна больш сурʼёзнымі будуць наступствы перавышэння 20 балаў на працягу першага года пасля выдачы вадзіцельскага пасведчання. Тады старшыня мясцовага павета пазбавіць кіроўцу-парушальніка вадзіцельскага пасведчання.

Новыя правілы ўводзяць таксама два сурʼёзныя парушэнні, якія ў выпадку маладых кіроўцаў могуць падоўжыць выпрабавальны тэрмін. У прыватнасці, ён будзе падоўжаны на два гады, калі кіроўца здзейсніць два парушэнні бяспекі дарожнага руху, прадугледжаныя законам і пацверджаныя канчатковым рашэннем суда. Гэта не распаўсюджваецца на любыя два штрафы, напрыклад, за неаплачаную паркоўку. Закон бярэ пад увагу больш сурʼёзныя парушэнні, у тым ліку стварэнне пагрозы бяспецы, кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага апʼянення, перавышэнне хуткасці больш чым на 50 км/г, не саступленне дарогі пешаходам або парушэнне права праезду.

Калі судовае рашэнне будзе прынятае пасля заканчэння выпрабавальнага тэрміна, старшыня павета можа прызначыць кіроўцы дадатковы двухгадовы выпрабавальны тэрмін. Тры такія парушэнні або адно парушэнне бяспекі дарожнага руху могуць прывесці да пазбаўлення вадзіцельскіх правоў.

Такі ж эфект можа мець парушэнне забароны на кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення падчас выпрабавальнага тэрміна або парушэнне абмежаванняў, якія распаўсюджваюцца на кіроўцаў ва ўзросце да 18 гадоў.

Намеснік міністра інфраструктуры Станіслаў Буковец (Stanisław Bukowiec) заявіў, што новыя правілы тычыцца ўсіх «новых» кіроўцаў, незалежна ад узросту:

— Калі ласка, вазьміце прыметнік «малады» ў двукоссе, бо яны (правілы — рэд.) тычацца новых кіроўцаў. Мы гаворым не толькі пра кіроўцаў ва ўзросце 18, 19 ці 20 гадоў, але і пра тых, хто ўпершыню атрымлівае пасведчанне, напрыклад, ва ўзросце 50 гадоў, — нагадаў віцэ-міністр.

Іншае важнае змяненне тычыцца ўсіх кіроўцаў, а не толькі тых, хто мае невялікі стаж кіравання. Гаворка ідзе пра кіраванне аўтамабілем пасля часовага пазбаўлення правоў, якое можа быць выдадзена, сярод іншага, за перавышэнне хуткасці больш чым на 50 км/г на тэрыторыі населенага пункта. З 3 сакавіка 2026 года гэта таксама распаўсюджваецца на дарогі з двухбаковым рухам па-за населенымі пунктамі.

Да гэтай пары кіроўцу, злоўленаму за рулём падчас трохмесячнага пазбаўлення правоў, гэты тэрмін падаўжаўся на чарговыя тры месяцы.

Пачынаючы з 3 верасня 2026 года, наступствы будуць больш сурʼёзныя: старшыня павета пазбавіць парушальніка ўсіх правоў кіравання тэрмінам на пяць гадоў. Гэты тэрмін будзе адлічвацца з даты, калі было ўстаноўлена, што чалавек кіраваў транспартным сродкам, нягледзячы на пазбаўленне правоў.

Пасля згаданых пяці гадоў кіроўцу давядзецца зноў выканаць усе патрабаванні і паўторна здаць дзяржаўны экзамен.

Варта дадаць, што згаданая 5-гадовая санкцыя не распаўсюджваецца непасрэдна на парушэнне судовай забароны кіравання. Гэта асобная сітуацыя. Кіраванне транспартным сродкам, нягледзячы на судовую забарону, зʼяўляецца злачынствам і падлягае адказнасці ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам.

IAR/rp.pl/аз

У Харватыi канфіскуюць усё больш транспартных сродкаў

31.08.2026 16:30
Гэта вынік больш жорсткіх правілаў у дачыненні да кіроўцаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху.