У Польшчы пачынаецца сезон збору грыбоў, але аматарам ціхага палявання варта памятаць: не кожны грыб і не ў кожным лесе можна легальна сарваць. Як паведамляе выданне "Forsal", за парушэнне правіл можна атрымаць ад вымовы і невялікага штрафу да пяці тысяч злотых. Пры гэтым тое, што грыб ядомы, яшчэ не азначае, што яго можна збіраць.
У Польшчы пад аховай знаходзяцца некалькі соцень відаў грыбоў. Забаронены збор грыбоў таксама ў нацыянальных парках і запаведніках, за выключэннем спецыяльна вызначаных месцаў. Абмежаванні дзейнічаюць і ў дзяржаўных лясах. Нельга заходзіць, напрыклад, на лясныя культуры вышынёй да чатырох метраў, насенныя насаджэнні, тэрыторыі, прызначаныя для аховы жывёл, а таксама ў раёны каля крыніц рэк і ручаёў і на ўчасткі, якім пагражае эрозія. Асабліва важна запомніць: у маладняк вышынёй да чатырох метраў нельга ўваходзіць нават тады, калі там няма знака «Уваход забаронены».
Часовыя абмежаванні таксама можа ўводзіць лясная служба — напрыклад, падчас высокай пажарнай небяспекі, лясных работ або пасля пашкоджання дрэвастою. У прыватным лесе ўладальнік таксама можа забараніць доступ, калі адпаведным чынам абазначыць тэрыторыю. Асобныя абмежаванні дзейнічаюць на ваенных тэрыторыях і палігонах.
Так што перад паходам у лес варта праверыць не толькі тое, ці нейкі грыб ядомы, але і ці дазволены яго збор, дзе менавіта вы знаходзіцеся і якім спосабам можна збіраць грыбы.
нг