У Беластоку ў Скверы Вольнай Беларусі прайшла акцыя з нагоды 512-й гадавіны перамогі ў бітве пад Оршай. 8 верасня 1514 года войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграмілі колькасна большае маскоўскае войска. Сёння гэтая дата адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы.
Удзельнікі акцыі праводзілі паралелі паміж падзеямі XVI стагоддзя і расійскай агрэсіяй супраць Украіны. Арганізатар Ян Абадоўскі заявіў, што беларусы Беластока выйшлі, каб асудзіць «расійскую агрэсію і ваенныя злачынствы ва Украіне». Ён таксама нагадаў пра беларусаў, якія ваююць ва Украіне, і рэпрэсіі супраць тых, хто падтрымліваў яе ў Беларусі.
Для ўдзельнікаў Аршанская бітва стала сімвалам магчымасці перамагчы мацнейшага праціўніка.
— Калі толькі добра падрыхтавацца, калі ёсць згода, імпэт і жаданне перамагчы, тады ўсё магчыма, — сказала адна з удзельніц.
Гістарычны рэканструктар Васіль Калач назваў бітву пад Оршай «велізарным каменем у падмурку» сваёй асобы. Паводле яго, веданне беларускай вайсковай гісторыі паўплывала і на яго шматгадовае захапленне гістарычным фехтаваннем.
Яраслаў Іванюк
Слухайце аўдыё!