Рэжым у Мінску прадставіў Саюзу палякаў у Беларусі прапанову, якая была задуманая як «жэст добрай волі» ў дачыненні да Варшавы, паведамляе сайт «Еўрапейскага цэнтра» TVP са спасылкай на свае добра інфармаваныя крыніцы.
Аднак, паводле СМІ, прыняцце згаданай прапановы, нясе ў сабе схаваныя рызыкі, а сапраўдным выпрабаваннем намераў Аляксандра Лукашэнкі будзе стаўленне яго службаў да вяртання Анджэя Пачобута ў Беларусь.
У суботу ў Беластоку адбылося экстранае паседжанне Галоўнай рады Саюза палякаў у Беларусі – найбуйнейшага і найстарэйшага беларускага грамадскага аб'яднання, якое гадамі дзейнічае без афіцыйнага дазволу і ва ўмовах рэпрэсій.
Сустрэча была скліканая пад ціскам з боку рэжыму ў Мінску – беларускія ўлады адмовіліся даць згоду на правядзенне ў Беларусі зʼезду арганізацыі, які планаваўся 13 верасня ў Гродне.
Сутыкнуўшыся з супрацівам з боку Мінска, цяперашняя старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс прадставіла ўдзельнікам сустрэчы прапанову перарэгістраваць арганізацыю, магчыма, пад іншай назвай.
- Адмова ад цяперашняй назвы можа стаць адной з умоў згоды беларускага рэжыму на культурную і адукацыйную дзейнасць польскай меншасці, – патлумачыла крыніца інфармацыі.
Аднак гэта азначала б страту «брэнда» на карысць другога, марыянетачнага Саюза палякаў Беларусі, які кантралюецца Лукашэнкам. Гэта магло б паставіць пад сумнеў магчымасць вяртання актываў СПБ, канфіскаваных беларускім рэжымам, не толькі да гэтай пары, але і ў будучыні.
Аднак для часткі актывістаў Саюза палякаў у Беларусі, якія з 2020 года жывуць у «турэмнай дзяржаве», такое рашэнне можа быць прымальным, калі б азначала паслабленне рэпрэсій супраць палякаў і дазвол на працягванне дзейнасці з мэтай падтрымкі польскай мовы і культуру ў Беларусі, нават калі толькі ў абмежаванай форме.
Хутчэй за ўсё, паляпшэнне становішча польскай меншасці ў Беларусі ўлады ў Мінску хочуць выкарыстаць, як перавагу ў перамовах з Варшавай.
– Беларускія ўлады працягваюць свае намаганні па спалучэнні легалізацыі арганізацыі польскай меншасці з пытаннем санкцый, імкнучыся, сярод іншага, да таго, каб Варшава зняла забарону на авіярэйсы ў Беларусь і з яе. Гэта таксама можа ўключаць згоду Польшчы на транзіт беларускіх калійных угнаенняў, калі цяперашняе еўрапейскае эмбарга хутка скончыцца, – тлумачыць суразмоўца «Цэнтра Еўропы».
Пакуль Галоўная рада Саюза палякаў у Беларусі, якая сабралася ў Беластоку, не разглядала магчымасці згоды на легалізацыю новай арганізацыі коштам роспуску існуючай. Не вядома таксама, ці ліквідацыя існуючых структур СПБ сапраўды будзе азначаць іх аднаўленне ў легальнай форме. Аднак, можна з упэўненасцю сказаць, што рэжым Лукашэнкі атрымае магчымасць уплываць на польскую меншасць, пагражаючы ліквідацыяй новага абʼяднання, канстатуе старонка centrumeuropy.pl.
Усё ж Анжаліка Борыс атрымала афіцыйны дазвол ад Галоўнай рады СПБ на правядзенне перамоваў з прадстаўнікамі рэжыму пры ўмове, што яна будзе паведамляць аб ходзе гэтых перамоваў Міністэрству замежных спраў Польшчы.
Надоечы ў эфіры TVP Wilno Борыс пацвердзіла, што Галоўная рада Саюза палякаў у Беларусі дазволіла ёй зрабіць крокі па легалізацыі яго дзейнасці.
- Да нас даходзяць сігналы, што ёсць магчымасці для легалізацыі дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі. Аднак для нас вельмі важна, каб беларускія ўлады перадалі гэтыя сігналы польскаму боку. І каб польскі бок паведаміў нам, што ў беларускіх улад сапраўды ёсць такія намеры. Тады я зраблю крокі па легалізацыі дзейнасці Саюза палякаў, – заявіла Анжаліка Борыс у інтэрвʼю польскаму тэлебачанню.
Член праўлення СПБ Анджэй Пачобут абвясціў у суботу аб пераносе даты з’езду – з 13 верасня на нявызначаны тэрмін на працягу шасці месяцаў. Аднак гэтая змена не паўплывала на яго рашэнне вярнуцца ў Беларусь.
Пра планы, датычныя легалізацыі арганізацыі польскай меншасці ў Беларусі паведаміла ў сацсетках Ганна Канапацкая – раней апазіцыянерка, а цяпер – неафіцыйны перамоўшчык рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з Захадам, у тым ліку па пытанні зняцця санкцый з авіякампаніі «Белавія».
– Я гатова сама ўзяць на сябе юрыдычныя і адміністрацыйныя пытанні, а Анжаліка – арганізацыйныя, – напісала Канапацкая.
Пакуль незразумела, ці гэта азначае, што Канапацкая будзе адной з тых, хто будзе весці перамовы ад імя рэжыму адносна лёсу арганізацыі польскай меншасці ў Беларусі, піша аўтар артыкула Пётр Яворскі.
аз