Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Калі хтосьці сёння кажа, што не ведае, як паводзіць сябе ў крызіснай сітуацыі, то гэта яго ўласная віна»

15.09.2026 15:43
Як трэба сябе паводзіць у такіх сітуацыях, і што неабходна рабіць, калі пагроза паяўляецца не толькі ў суседніх абласцях Украіны, але і непасрэдна ў Польшчы?
Аўдыё
  • «Калі хтосьці сёння кажа, што не ведае, як паводзіць сябе ў крызіснай сітуацыі, то гэта яго ўласная віна»
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Oto Zapletal/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Увага! Увага! Увага! Расійская паветраная атака ва Украіне. Сітуацыя маніторыцца. У паветранай прасторы Польшчы дзейнічае авіяцыя. Сачыце за паведамленнямі». Такое смс-паведамленне каля трэцяй гадзіны ноччу атрымалі жыхары некаторых паветаў Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў. Праз гадзіну папярэджанне было адкліканае.

Апошнімі днямі такія паведамленні жыхарам паўднёва-ўсходняй Польшчы прыходзяць рэгулярна. Ці ведаюць яны, як трэба сябе паводзіць у такіх сітуацыях, і што неабходна рабіць, калі пагроза з'яўляецца не толькі ў суседніх абласцях Украіны, але і непасрэдна ў Польшчы?

Апошнія дні былі цяжкімі для жыхароў памежных рэгіёнаў Польшчы. Расійскі дрон ударыў у запраўку на ўкраінскім боку мяжы, недалёка ад памежнага перахода Дарахуск-Ягодзін. Перад атакай з КПП былі эвакуяваныя 280 чалавек.

Жыхары памежных мясцовасцяў прызнаюць, што баяцца за сваю бяспеку пасля ўзмацнення расійскіх атак на захадзе Украіны. Адначасова такія сітуацыі паказваюць, што абсалютная бальшыня грамадства не ведае, што рабіць у такіх сітуацыях. У сваю чаргу да смс-паведамленняў з папярэджаннем аб небяспецы людзі сталі прызвычайвацца.

Так пра сігналы трывогі карэспандэнту Польскага радыё расказвалі жыхары Дарахуска, якія на выходных былі сведкамі атакі на запраўку за некалькі кіламетраў ад іх.

— Пры такой колькасці смс-папярэджанняў — гэта становіцца нормай. Думаю, людзі прызвычаіліся і ўвогуле не рэагуюць.

— Сігнал трывогі гучыць некалькі разоў штодня. Выбухі дзесьці далёка таксама чуваць.

— Я ўжо прывык. Калі тут жывеш, то да сігналаў трывогі можна прызвычаіцца.

Месцазнаходжанне патэнцыйных сховішчаў можна знайсці на сайце gdziesieukryc.pl. На карце, якую вядуць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Пажарная служба, пералічана больш за 87 700 сховішчаў па ўсёй Польшчы.

Кіраўнік Інстытута ахоўнага будаўніцтва Аляксандр Фядорэк падлічыў, што ў небяспечнай сітуацыі бяспечнае сховішча ў добрым стане маглі б знайсці да 2,5% палякаў. У сакавіцкім дакладзе Вышэйшай кантрольнай палаты ацэньвалася, што ва ўсіх сховішчах будзе дастаткова месца для 4% насельніцтва краіны.

У эфіры «Польскага радыё 24» Аляксандр Фядорэк, які таксама ўваходзіць у склад групы па ахоўных збудаваннях Міністэрства развіцця і тэхналогій, растлумачыў, што сховішчаў не хапае, бо з канца халоднай вайны ў Польшчы панавала перакананне, што наш рэгіён не можа быць закрануты ўзброеным канфліктам:

— Нам не хапае двух рэчаў. Па-першае, змены ментальнасці, і гэта самае галоўнае. І калі наступіць гэтая змена, і калі мы, улада, тыя, хто прымае рашэнні, будзем мець свядомасць пагроз часу вайны, тады нам будзе не хапаць добрых законаў, якія эфектыўна апісвалі б тое, у якіх рэгіёнах Польшчы мы будуем сховішчы, якія сховішчы, куды і калі мы будзем праводзіць эвакуацыю мірных жыхароў.

Аляксандр Фядорэк нагадвае, што хутка споўніцца пяць гадоў з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а Польшча дагэтуль не стварыла цэнтралізаванай даследчай праграмы па ахоўным будаўніцтве. Апошнія мадэлі адносна трываласці матэрыялаў, такіх як бетонныя сумесі, былі распрацаваны ў 1960-х гадах. Гэта азначае, што праекціроўшчыкі не ведаюць, як сучасныя матэрыялы будуць рэагаваць пад уздзеяннем баявой часткі або аскепкаў ракеты.

Эксперт адзначае, што дзяржава не можа перакладаць адказнасць за правядзенне даследаванняў на прыватныя кампаніі.

— Усе галоўныя гульцы, калі гаворка вядзецца пра ахоўныя збудаванні — Кітай, Расія, скандынаўскія краіны, ЗША — усе гэтыя краіны вядуць інтэнсіўныя даследаванні на цэнтральным узроўні, фінансаваныя дзяржавай з мэтай развіцця ведаў, якія яны ўжо маюць.— Больш за тое, дзеючыя правілы даюць мясцовым органам улады абсалютную свабоду ў прыняцці рашэнняў аб будаўніцтве ахоўных збудаванняў на ўласнай тэрыторыі, – дадае Аляксандр Фядорэк. — І можа быць так, што каля мяжы з Украінай нейкі войт вырашыць, што на яго тэрыторыі будуць найслабейшыя сховішчы катэгорыі U-1, у сваю чаргу войт з мясцовасці на заходняй мяжы Польшчы, дзесьці каля Германіі, дзе пагроза невялікая, вырашыць, што ў яго будуць сховішчы вышэйшай катэгорыі, s-3. На жаль, нашая дзяржава не дае мясцоваму самакіраванню ніякіх механізмаў, якія дапамаглі б у такім планаванні.

У выпадку непасрэднай небяспекі не трэба чакаць цуду, трэба самому пра сябе паклапаціцца. Калі побач няма сховішча, а такую раскошу ў Польшчы мае надзвычай малая колькасць людзей, трэба разумець, як выкарыстоўваць іншыя магчымасці.

Аляксандр Фядорэк раіць, дзе шукаць ратунку, калі ў нас няма доступу да сховішча каля свайго месца жыхарства.

— Рознага віду канавы, перапады вышыні на паверхні, салідныя будоўлі з жалезабетоннымі сценамі, дзе ў нішы ў такім будынку, здалёк ад вокнаў можна будзе схавацца, прысесці, згарнуцца ў клубок, каб перачакаць у першую чаргу рызыку, звязаную з аскепкамі.

Эксперт па ахоўных збудаваннях дадае, што найбольшую пагрозу для мірнага насельніцтва ўяўляюць не адносна малыя баявыя ракеты і беспілотнікі, а хутчэй аскепкі, якія ляцяць па паветры.

— Менавіта аскепкі, якія могуць быць першаснымі аб’ектамі ад выбуху боегалоўкі такой ракеты. Гэта могуць быць другасныя аскепкі, якія паходзяць са знішчаных вокнаў ці іншых элементаў фасада.

Таму, калі няма доступу да сховішча, варта адысці ад вокнаў і пашукаць месца, якое забяспечвае максімальна магчымую абарону ад аскепкаў.

Многія прызнаюць, што яны не ўмеюць адрозніваць гукавыя сігналы трывогі. Тут адказнасць трэба ўзяць у свае рукі, выкарыстаць інтэрнэт і пазнаёміцца з такімі сігналамі, каб быць падрыхтаваным на кожны выпадак.

Трэба вывучыць «Кіраўніцтва па бяспецы», якое польскія ўлады рассылалі грамадзянам на хатнія адрасы. Дакумент таксама лёгка знайсці ў сеціве, а таксама ў прыкладанні mObywatel.

— Калі хтосьці сёння кажа, што не ведае, як паводзіць сябе ў крызіснай сітуацыі, то гэта яго ўласная віна, — сказаў у інтэрв'ю Polskie Radio 24 Павел «Наваль» Матэнчук, ветэран спецыяльнага падраздзялення GROM і прадстаўнік міністра нацыянальнай абароны па ўмовах вайсковай службы. — Вайна працягваецца ўжо больш за чатыры гады. Шмат чаго было зроблена, ад кіраўніцтваў, праз навучанне, да абʼяваў у СМІ аб тым, як клапаціцца пра сябе, каб зрабіць жыццё больш бяспечным, — падкрэсліў ён. — Першая справа пасля таго, як з'явіўся троххвілінны модульны сігнал трывогі — гэта ўключыць радыё. Там вы імгненна даведаецеся, што трэба зрабіць. Адной з магчымасцяў можа быць інфармацыя: застаньцеся дома. Ідзіце ў бяспечнае месца, якое знаходзіцца найбліжэй вашага месца знаходжання. І гэта ўжо вельмі шмат.

У той жа час падрыхтоўка мае вырашальнае значэнне. Важна мець эвакуацыйны заплечнік.

— Калі мы ведаем, што ў ім ёсць медыцынскія прыпасы, вада, прадукты харчавання і адзенне, то што б ні здарылася дрэннага — і я кажу не толькі пра вайну — я магу выйсці з такім заплечнікам і ведаць, што я ў пэўнай ступені падрыхтаваны, — сказаў Павел «Наваль» Матэнчук.

Належная падрыхтоўка дае адчуванне ўпэўненасці, што мы здольныя нешта зрабіць і паклапаціцца пра сябе прынамсі на працягу 72 гадзін. Чаму менавіта столькі? Таму што хтосьці абавязкова прыйдзе нам на дапамогу на працягу гэтага часу.

ав

слухайце аўдыё