Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Алесь Смалянчук: Польшча магла далучыць усю Беларусь, але не захацела

17.09.2026 09:00
17 верасня 1939 года — адна з чорных дат у гісторыі Польшчы. Ці такая ж трагічная гэта дата для Беларусі? Чаму у сакавіку 1921 года польскія ўлады не захацелі далучаць усю тэрыторыю Беларусі да Польшчы? 
Аўдыё
  • Пра тое, чым было 17 верасня для Беларусі і для Польшчы, якім мог быць лёс Беларусі і Польшчы, каб не Рыжскі мір і яго наступствы? У студыі Беларускай службы Польскага радыё разважае дактар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
    .  1939 .
Партрэт Сталіна на плошчы Беластока. Верасень 1939 года.Крыніца: Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы

Чырвоная армія ўдарыла ў спіну Польшчы. У той час, як Войска Польскае змагалася з гітлераўцамі, чырвонаармейцы ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Савецкая прапаганда называла гэта вызвольным паходам. Гэтак жа як і сённяшняя беларуская прапаганда, якая нават абвясціла 17 верасня святам нацыянальнага адзінства.

Пра тое, чым было 17 верасня для Беларусі і для Польшчы, якім мог быць лёс Беларусі і Польшчы, каб не Рыжскі мір і яго наступствы, чаму варта памятаць пра ўрокі гісторыі, — у студыі Беларускай службы Польскага радыё разважае доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

«Тыя перамены, якія адбыліся, хутка ператварылі свята ў трагедыю»

Чырвоная армія 17 верасня 1939 года перайшла Рыжскую мяжу. Гэта адна з чорных дат польскай гісторыі. А што гэта было для Беларусі: свята ці трагедыя, уз’яднанне ці катастрофа?

— Калі мы глядзім на нашу гісторыю толькі з фармальнага дзяржаўніцкага пункту гледжання, то-бок як на гісторыю беларускай дзяржаўнасці, то ў 1939-м беларуская зямля ўз’ядналася. Канечне, гэта было важна, бо перакрэслівала вынікі несправядлівага Рыжскага міру. Таму мы можам казаць, што гэта было ўз’яднанне.

Але гэта і катастрофа. Бо гэта ўсё адбылося не ў выніку працэсаў, дзе галоўную ролю адыгрывалі б самі беларусы. Тут галоўную ролю адыграў пакт Молатава-Рыбентропа, які больш дакладна варта называць пакт Сталіна-Гітлера. Гэта ўсё рабілася без уліку волі беларусаў.

Для некаторых беларусаў гэта было свята. Сапраўды былі вітальныя брамы там, дзе быў вялікі ўплыў камуністаў, далей ад Рыжскай мяжы. Тагачасная польская дзяржава не была дзяржавай для беларусаў і многія гэта адчувалі. Асабліва тыя, хто жыў беларушчынай, хто за яе пацярпеў ад польскіх уладаў. Яны марылі пра ўз’яднанне ў свабоднай беларускай дзяржаве.

Але вельмі хутка тыя перамены, якія наступілі пасля 39-га, свята для некаторых ператварылі ў трагедыю. Бо савецкая ўлада прыйшла са сваімі нормамі жыцця, са сваёй палітыкай рэпрэсій. Спачатку прыйшлі арыштоўваць дзяржаўных служачых, людзей прыкметных у польскай дзяржаве, потым узяліся і за беларусаў. Той адзіны беларускі нацыянальны цэнтр, які існаваў у Вільні ў тыя часы, быў знішчаны адразу, яшчэ да таго, як Вільню аддалі Літве. А пасля і камуністаў пачалі шукаць.

Дарэчы, былых капэзэбоўцаў (сябраў КПЗБ — камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, — рэд.) не прымалі ў Камуністычную партыю Беларусі. Кагосьці знішчылі, пасадзілі. Да ўсіх іх быў недавер.

«Кніжка Францішка Аляхновіча пра сталінскі ГУЛАГ пайшла на цыгарэты»

Трэба таксама ўлічваць уздзеянне камуністычнай прапаганды, якая даводзіла працоўным Заходняй Беларусі, як добра жывецца ў СССР. Шмат хто верыў, што працоўных у Савецкім Саюзе не караюць. І не верылі польскім СМІ, якія распавядалі пра рэпрэсіі, пра калектывізацыю.

— Вось пра такі цікавы эпізод узгадваў у сваіх успамінах Максім Танк. Калі Францішак Аляхновіч напісаў кнігу пра ГУЛАГ, гэта была першая сказаная праўда, раней за Салжаніцына, пра тое, што такое сталінскія лагеры. Яе надрукавалі ў Польшчы і нават раздавалі тым жа самым беларусам. І Максім Танк успамінае: беларусы кніжку ўзялі, адкрылі, пачыталі, пасмяяліся і скурылі яе. Пайшла на цыгарэты. Не паверылі...

Алесь Смалянчук лічыць найбольшай трагедыяй не тое, што тэрыторыю Беларусі дзялілі ўсе, хто толькі хацеў, а тое, што і ў 1921-м і ў 1939-м гэта рабілася без удзелу саміх беларусаў.

«Засталася толькі адна віленская беларуская гімназія»

Ці ўсё так кепска было ў Польшчы, асабліва, калі параўнаць з тым, што адбывалася ў БССР?

— Я б не пагадзіўся з такой ацэнкай 20-х гадоў у Польшчы. Таму што 1922–1924 гады — гэта антыпольская беларуская партызанка, якую арганізоваў СССР, якая фінансавалася як СССР, так і Літвой.

І школы беларускія зачыняліся. Я не памятаю гэту лічбу, але некаторыя гісторыкі пішуць, што каля 500 беларускіх школ было падчас нямецкай акупацыі (маецца на ўвазе перыяд Першай сусветнай вайны). Бо немцы дазвалялі беларускую мову, як і школьную адукацыю на ёй не забаранялі.

А польскія ўлады пачалі ўсё гэта ліквідаваць. Гэты працэс ліквідацыі з пачатку 1920 года скончыўся фактычна тым, што ў 1939 годзе засталася хіба адна толькі віленская беларуская гімназія, і больш проста нічога не было нацыянальнага.

Дарэчы, частка польскага грамадства пратэставала супраць заключэння Рыжскага міру і той палітыкі, якую пачалі праводзіць польскія ўлады. Эвард Вайніловіч наўпрост казаў: «Мы здрадзілі беларусам». Ён называў Рыжскі мір яшчэ адным падзелам Рэчы Паспалітай.

«Заўтра тут будзе Беларусь» 

— Менавіта на глебе незадавальнення польскай нацыянальнай палітыкай  вырасла Беларуская работніцка-сялянская грамада. Якая вырасла з невялічкага Пасольскага клубу да велізарнай партыі ў 100 тысяч чалавек.

І вось тады польскія ўлады спахваціліся. А сітуацыя ўжо была такой, што беларусы не слухалі польскія ўлады. Лічылі, што ўсё тут пачало мяняцца. На гэта, дарэчы, вельмі паўплываў Майскі пераварот 1926 года, калі да ўлады прыйшоў Пілсуцкі. І беларусы перасталі плаціць падаткі і проста адкрыта казалі, што заўтра тут будзе Беларусь.

І тады ўжо польскія ўлады пайшлі на парушэнне сваёй жа Канстытуцыі. Арыштавалі дэпутатаў-кіраўнікоў Грамады без дазволу Сейма. Прыдумалі такую фармулёўку, што «арыштавалі на гарачым учынку». А потым у Сейме смяяліся, што дэпутата Валошына арыштавалі на гарачым, калі ён даіў карову.

Хаця там усё было вельмі складана. Я думаю, што той разгром Грамады ў 1927 годзе застаецца яшчэ для гісторыкаў пэўнай загадкай. У рукі Віленскай пракуратуры, якая вяла следства па справе Грамады, трапілі дакументы, якія паказвалі, што грошы з Масквы і Мінска праз Рыгу ішлі на фінансаванне Грамады. 

Я не адкідаю думку, што пра тое, каб гэтыя дакументы трапілі да пракуратуры, паклапаціліся савецкія ўлады. Гэта быў той час, калі ў БССР пачала зварочвацца беларусізацыя, і Саветам была абсалютна непатрэбная такая моцная нацыянальная партыя.

Я глядзеў савецкія газеты таго перыяду, калі ішоў працэс Грамады, адсочваў рэакцыю на гэта. Але там пераважна маўчалі, не было пратэстаў, не было «патрабуем вызвалення». Быццам бы прынялі гэта як належнае, няхай сядзяць. 

 «Ён атрымаў пашпарт сёння, а заўтра быў арыштаваны і адпраўлены на Салаўкі»

Калі паспрабаваць змадэляваць сітуацыю, што б было, каб уся тэрыторыя Беларусі засталася пад Саветамі? Каб Заходняя Беларусь не трапіла пад Польшчу?

— Не хацелася б мадэляваць, але некаторыя думкі выкажу. Пачатак 20-х гадоў у БССР быў някепскі. Гэта быў перыяд беларусізацыі. Да 1926-га года 80 адсоткаў школ у Мінску былі беларускамоўнымі. Беларуская мова была адной з чатырох дзяржаўных. Нават у войску ўводзілася беларуская мова.

Гэта ўплывала і на беларускую эміграцыю, частка якой вярнулася. Той жа Францішак Аляхновіч, які ў Вільні пакутваў без працы, галадаў. А тут яго запрасілі стаць рэжысёрам тэатру ў Віцебску. Яму расказвалі, якая Беларусь цудоўная. І ён паверыў ва ўсё гэта і нават падаў заяўку на атрыманне савецкага пашпарта. Ён атрымаў пашпарт сёння, а заўтра быў арыштаваны і адпраўлены на Салаўкі.

Людзі, якія ведалі сутнасць бальшавізму, разумелі, што гэта не можа быць доўга, што гэта хлусня. Гэта была такая палітыка — прыцягнуць беларусаў да сябе. Як толькі савецкая ўлада ўмацавалася, тады палітыка адразу пачала мяняцца.

Істотна мяняцца. І гэтыя перамены ў першую чаргу выяаіліся ў тым, што пачалася калектывізацыя. Гэта была кулацкая аперацыя НКВД, самая масавая рэпрэсіўная аперацыя. Ну і пасля пачаліся іншыя.

«Найлепшым варыянтам было б, каб уся Беларусь апынулася ў складзе Польшчы»
Алесь Смалянчук лічыць, што калі б уся Беларусь апытнулася ў межах БССР, палітыка ўладаў магла быць троху іншай, магчыма, рэпрэсіі былі б троху іншымі. 

— Але мне здаецца, што можа найлепшым варыянтам для Беларусі з усіх магчымых, а такі варыянт таксама быў, каб Беларусь цалкам апынулася ў складзе Польшчы. Мы ведаем сёння дакументы і дзённікі кіраўніка польскай дэлегацыі. І ведаем тое, што на пачатку перамоваў, кіраўнік савецкай дэлегацыі Йофе даў зразумець, што за подпіс пад мірнай дамовай Савецкі Саюз гатовы аддаць Беларусь, практычна ўсю Беларусь да Дняпра і да Дзвіны.

І гэта Польская дэлегацыя вырашала, што ім браць. І паколькі ў польскай дэлегацыі дамінавалі не прыхільнікі Канфедэрацыі Пілсуцкага, якія маглі б прагаласаваць інакш, а прадстаўнікі Партыі нацыянальных дэмакратаў, якія бачылі Польшчу толькі нацыянальнай дзяржавай, то яны адмовіліся далучаць усю Беларусь.

Нават Мінск не захацелі далучаць. Па мінску 7 галасоў было супраць і 4 — за. Адзін з тых, хто галасаваў «за» быў сацыяліст Леон Васілеўскі (прэзідэнт Інстытута вывучэння найноўшай гісторыі Польшчы і рэдактар часопіса «Niepodległość», прэзідэнт Інстытута вывучэння нацыянальных спраў. — рэд.)

Маглі ўсё гэта забраць палякі, але гэтай партыі, нацыянальным дэмакратам, якія фактычна ўзялі ўладу ў Польшчы, тое было не патрэбна.

А ў сітуацыі, калі Беларусь была б цалкам у Польшчы, прынамсі можна сказаць, што не было б калектывізацыі, не было б тых сталінскіх рэпрэсій, не было б такой палітыкі нацыянальнага прыгнёту.

Можа Польша была б іншай, не зачыняліся б беларускія школы, палітыка Польшчы была б іншай, усё магло б пайсці ў кірунку аднаўлення Рэчы Паспалітай. 

«Польшча была ворагам нумар адзін»

Алесь Смалянчук расказвае пра тое, якія наступствы меў паход Чырвонай арміі праз Рыжскую мяжу і не толькі для Польшчы. Што засведчыў сумесны парад савецкіх і нямецкіх войскаў у Брэсце 22 верасня 1939 года. Пра тое, як Польшчы здрадзіў не толькі СССР, але і саюзнікі Англія і Францыя.

— У савецкай ваеннай дактрыне міжваеннага часу Польшча была ворагам нумар адзін. І Сталін выкарыстаў сітуацыю, каб проста знішчыць Польшчу. 

Мы ведаем з вусных успамінаў, што ў Горадні таксама былі немцы на момант, калі туды ўвайшла Чырвоная армія. І многія жыхары думалі, што зараз пачнуцца баі, будуць ваяваць, бо ніхто ж не ведаў пра тыя сакрэтныя дамоўленасці паміж Сталіным і Гітлерам. А яны проста разам сабраліся, выпівалі. Пасля немцы сышлі, Саветы засталіся.

Сталін выдатна разумеў, што саюзнікі Польшчы Англія і Францыя ваяваць не будуць. І ёсць шанец зараз знішчыць Польшчу разам з Гітлерам. І толькі потым ужо з'явілася тая прапагандысцкая ідэя, што яны нібыта вызвалялі беларускі народ. Ніхто нават і не думаў пра вызваленне беларускага народа.

Прычым гэта ж версія зараз адрадзілася ў афіцыйнай беларускай прапагандзе. Зараз зноў пачалі гаварыць пра вызваленне беларускага народа.

Пра тое, колькі беларусаў ў 1939-м было ў Войску Польскім, пра падпольныя антысавецкія арганізацыі ў Беларусі. Пра рэпрэсіі і немагчымасць прабачыць не ворагам, а сваякам і суседзям. Ці сапраўды ў 1939-м знікла мяжа паміж Заходняй Беларуссю і БССР?  Чаму для беларусаў не было ніякай Вялікай айчыннай вайны?

Пра высылку толькі па афіцыйных дакументах 180 тысяч палякаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Казахстан і Архангельскую вобласць фактычна на смерць. І пра тое, чаму ўжо праз некалькі месяцаў жыхары Заходняй Беларусі пачалі чакаць, калі ўлада пераменіцца і можа зноў вернецца Польшча.

А яшчэ пра тое, чым сітуацыя пасля 1939 года нагадвае тое, што адбылося пасля 2020-га, пра «беларуска-беларускую вайну», круглы стол і непазбежнасць пакарання — слухайце ў нашым поўным аўдыё.

Падрыхтавала Аксана Колб

Больш на гэтую тэму: гісторыя