У польскай арміі служаць некалькі сотняў узнагароджаных спартсменаў, у тым ліку алімпійскія медалісты, чэмпіёны свету і Еўропы.
Маёр Ганна Данькоўска-Міка з Цэнтральнай ваенна-спартыўнай адзінкі расказвае, што яна складаецца выключна з салдат, якія маюць значныя дасягненні ў прафесійным спорце. Адпаведныя медалі азначаюць пэўны ўзровень атлетычнасці, што дае магчымасць далучыцца да групы на падставе дасягненняў.
— У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра іншыя адзінкі, то неабходна прайсці базавую падрыхтоўку, прыняць прысягу, і тады вы становіцеся салдатам. Нам рэзюмэ можна прыслаць самастойна. Усё даступна на нашым сайце. Вядома, у нас няма прадстаўнікоў з кожнай дысцыпліны. Гэта было б немагчыма. У нашай установе больш за 200 салдат-спартсменаў, якія прадстаўляюць розныя дысцыпліны. У цяперашні час, я думаю, у нас ёсць 24 дысцыпліны. Усе яны — індывідуальныя віды спорту. Аднак мы таксама часам удзельнічаем у камандных відах спорту, такіх як валейбол, баскетбол і іншыя. З-за таго, што мы належым да Міжнароднай рады па ваенным спорце, мы таксама адпраўляем салдат на такія міжнародныя камандныя спартыўныя мерапрыемствы.
На алімпійскіх гульнях у Парыжы 38% польскай зборнай былі салдатамі. Палову медалёў заваявалі таксама салдаты. Войска Польскае адыгрывае важную ролю ў польскім спорце. Спорт у войску быў заўсёды — гаворыць маёр Ганна Данькоўска-Міка.
— Каб быць салдатам, трэба таксама быць у добрай спартыўнай форме. Кожны год мы здаем экзамены па фізічнай культуры і тэст на фізічную падрыхтоўку. Гэта частка нашай падрыхтоўкі. І каб быць добра падрыхтаваным, вядома, трэба трэніравацца. Наша Цэнтральная ваенна-спартыўная адзінка займаецца спаборніцкімі відамі спорту ў Польскім войску. І дзякуючы гэтаму мы можам гарантаваць нашым польскім спартсменам, якія выйграюць медалі на міжнароднай арэне, такія як згаданыя вышэй алімпійскія медалі, што яны могуць засяродзіцца на трэніроўках і годна прадстаўляць Польшчу. Мы настолькі гнуткае падраздзяленне, што мы адаптуемся да ўсіх дат трэніровачных збораў, паездак і стартаў, каб нашы салдаты-спартсмены маглі праводзіць ваенныя трэніроўкі тады, калі ў іх ёсць вольны час, каб яны маглі працаваць над сваімі менавіта ваеннымі навыкамі.
Цікава, што ў большасці выпадкаў спартыўныя трэнеры не з’яўляюцца вайскоўцамі. Звычайна спартсмены-салдаты трэніруюцца пры нацыянальных зборных, большую частку года знаходзячыся на трэніроўках і спаборніцтвах.
Для поўнага поспеху грамадзянская і ваенная рэальнасці павінны пераплятацца, гаворыць госць Польскага радыё.
— Тады ў нас будзе поўны поспех. Таму мы падпісалі пагадненні з польскімі спартыўнымі асацыяцыямі, з якімі мы штодня супрацоўнічаем, вызначаючы розныя даты і арганізоўваючы паездкі, каб гарантаваць адсутнасць канфліктаў. І тады, вядома, нашы салдаты могуць спакойна слухаць Мазурак Дамброўскага, заваёўваючы медалі.
Маёр Ганна Данькоўска-Міка тлумачыць, што гэта не фікцыя, а сапраўдная служба. Кар’ера такога спартсмена — падвойная. Спартсмен мае ўсе ўмовы, каб трэніравацца, і гарантаваную будучыню як прафесійны салдат. У пэўным узросце спартыўная кар’ера завяршаецца, а спартсмен застаецца салдатам і служыць у Войску Польскім.
— Мы дагэтуль часта чуем ад старонніх, што гэта не сапраўдныя салдаты. Нельга быць напалову салдатамі. Аднак пасля прыняцця прысягі мы ўсе салдаты. Па-першае. Па-другое, часам мы чуем каментары накшталт: «Так, але яны толькі на трэніроўках, што яны там робяць, толькі час ад часу апранаюць форму». Мы не згодныя, бо адразу прыходзяць на розум такія прыклады. Ці кухар, які гатуе на кухні, каб тыя, хто ахоўвае нашы межы, маглі есці, таксама напалову салдат? Ці мастацкія ансамблі Войска Польскага, тыя, хто так прыгожа маршыруе, як, напрыклад, 15 жніўня, ужо не салдаты? Кожны з нас — салдат. Калі нешта здарыцца, нас навучаюць на выпадак найгоршага сцэнаруі, то бок на час вайны. І тады ўсе ведаюць, што рабіць і як дзейнічаць, каб абараніць нашы межы.
Спартсмены-вайскоўцы адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні іміджу Войска Польскага. У тым ліку і такую ролю адыгрываюць спартсмены-салдаты, якія заваявалі медалі.
— Я лічу, што нашы салдаты — гэта, перш за ўсё, амбасадары Войска Польскага. Бачыць твар ці чалавека, які выйграе медаль, нават на чэмпіянаце Польшчы, у форме, я думаю, што гэта выклікае павагу ў маладога пакалення, і я думаю, што гэта заахвочвае яго далучацца да нашых шэрагаў. Я лічу, прадстаўнічая роля кожнага падраздзялення і тых, хто за гэта адказвае, вельмі важная, асабліва сярод моладзі, якая часам не ведае, якім шляхам ісці ці што рабіць. Мы даем такія магчымасці.
У Цэнтральнай ваенна-спартыўнай адзінцы служаць лёгкаатлеты, плыўцы, фехтавальшчыкі, весляры, байдарачнікі, барцы і інш.
ав
слухайце аўдыё