Дэпутаты мясцовага органа самакіравання прызналі, што з дзікамі трэба змагацца хутка і эфектыўна, піша „Gazeta Wyborcza”.
Была прынята пастанова аб скарачэнні папуляцыі дзікоў у сталіцы. Ідэя заключаецца ў тым, каб знішчаць жывёл, якія адпавядаюць аднаму з наступных крытэрыяў:
- страцілі натуральны страх перад людзьмі
- жывуць або рэгулярна трапляюць ва ўрбанізаваныя раёны, раёны з шчыльнай жылой, грамадскай або рэкрэацыйнай забудовай
- ходзяць па дарогах агульнага карыстання
На практыцы гэта тычыцца ўсіх дзікоў у горадзе, бо ўсе яны страцілі страх перад людзьмі. Пастанова таксама не ўводзіць абмежаванняў на іх ліквідацыю. Гэта будзе рабіцца альбо шляхам адстрэлу, альбо спачатку будуць страляць у жывёлу сродкам са снатворным, вывезуць з горада і заб'юць.
Гэтае рашэнне не падабаецца паляўнічым, бо атручаную тушу жывёлы трэба ўтылізаваць, а не ўжываць у ежу ці прадаваць.
— Перш за ўсё, мы павінны звярнуцца да дзяржаўных уладаў з просьбай унесці змены ў заканадаўства аб паляванні, каб дзікоў можна было страляць з паляўнічага лука, — заклікаў адзін з дэпутатаў, спаслаўшыся на Мадрыд, дзе 55 лучнікаў ліквідуе дзікоў у горадзе.
У сваю чаргу ў Берліне страляюць у дзікоў з глушыцелем, — гэты прыклад таксама прыводзіўся падчас дыскусіі.
Пастанова ўступіць у сілу праз 14 дзён пасля яе публікацыі ў «Законах Мазавецкага ваяводства».
яс