Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Наймальнікі хочуць, каб супрацоўнікі вярнуліся ў офісы, але жаданні працаўнікоў іншыя

25.09.2026 17:34
Пры гэтым поўнай адмовы ад дыстанцыйнай працы няма.
 . .
Дыстанцыйная праца. Ілюстрацыя. Фота: Shutterstock/Roman Samborskyi

Пасля пандэміі дыстанцыйная праца застаецца папулярнай, аднак польскія кампаніі ўсё часцей заклікаюць супрацоўнікаў вяртацца ў офіс. Паводле даследавання кампаніі SD Worx, на якое спасылаецца «Puls Biznesu», 64,1% працадаўцаў у Польшчы заахвочваюць супрацоўнікаў працаваць у офісе. Больш высокі паказчык толькі ў Нарвегіі — 75,6%.

Пры гэтым поўнай адмовы ад дыстанцыйнай працы няма. Яе магчымасць захоўваюць 66% польскіх працадаўцаў. Гэта другі вынік сярод 16 еўрапейскіх краін, якія ўдзельнічалі ў даследаванні. Больш за палову польскіх працадаўцаў — 55,9% — лічаць, што кіраваць дыстанцыйнымі і гібрыднымі камандамі, а таксама падтрымліваць іх матывацыю, становіцца ўсё цяжэй.

Аднак чаканні супрацоўнікаў часта адрозніваюцца. 43,1% апытаных называюць офіс сваім асноўным месцам працы, а 17,5% — дом. Больш за палову — 53,8% — задаволеныя цяперашняй частатой працы з дому. Пры гэтым 31% хацелі б працаваць дыстанцыйна часцей, а 15,2% — радзей.

У SD Worx адзначаюць, што працадаўцы хутчэй імкнуцца спалучаць перавагі офіснай і дыстанцыйнай працы, чым цалкам адмаўляцца ад адной з мадэляў. Даследаванне ахапіла амаль 6 тысяч працадаўцаў і 16 з паловай тысяч супрацоўнікаў у 16 еўрапейскіх краінах.

нг