Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пытанне сховішчаў для цывільнага насельніцтва стала часткай грамадскай дыскусіі ў Польшчы. Польшча рэгулярна падымае ў паветра знішчальнікі для аховы ўсходу краіны і эвакуіруе людзей з КПП на мяжы з Украінай. Пра тое, наколькі Польшча гатовая абараняць цывільнае насельніцтва, распавядае старшыня Асацыяцыі «Інстытут ахоўнага будаўніцтва» Аляксандр Фядорэк.
— Якая цяпер сітуацыя са сховішчамі для цывільнага насельніцтва ў Польшчы?
— Сёння ў нас дзейнічае Закон аб абароне насельніцтва і грамадзянскай абароне, а таксама падзаконныя акты да яго. Яны рэгулююць тэхнічныя пытанні: вызначаюць, якім павінна быць абсталяванне сховішча і якія патрабаванні прад’яўляюцца да яго канструкцыі. Але два важныя пытанні дагэтуль не ўрэгуляваныя.
Першае — паскораны парадак будаўніцтва такіх аб’ектаў, асабліва калі за яго адказваюць органы мясцовага самакіравання. Калі муніцыпалітэт будуе грамадскае сховішча, ён павінен прайсці тыя ж працэдуры, што і пры ўзвядзенні шматкватэрнага дома. Адпаведныя ведамствы маюць тыя ж тэрміны, напрыклад, для выдачы рашэння аб экалагічных умовах або дазволу на будаўніцтва. Гэта стварае небяспечную сітуацыю. Калі ахоўнае збудаванне ўзводзяць з гатовых жалезабетонных элементаў, афармленне дакументаў нярэдка займае больш часу, чым само будаўніцтва.
Другая праблема — адсутнасць сістэмы планавання ахоўных збудаванняў. Цяпер органы мясцовага самакіравання не маюць інструментаў, якія дапамагалі б ім абгрунтавана і з улікам выдаткаў вызначаць, якія аб’екты патрэбныя на іх тэрыторыі. Пры гэтым неабходна ўлічваць розныя пагрозы: прымяненне звычайных узбраенняў, а таксама зброі масавага знішчэння.
Менавіта мясцовыя ўлады павінны вырашаць, якога тыпу, трываласці і ўмяшчальнасці будзе збудаванне. Таму ўлады нейкага буйнога польскага горада могуць прыйсці да высновы, што ім патрэбныя выключна ўкрыцці першай катэгорыі — з невысокай трываласцю і ступенню абароны. А гміна каля заходняй мяжы краіны, дзе рызыка нападу аб’ектыўна ніжэйшая, можа выбраць толькі самыя дарагія і найбольш абароненыя сховішчы катэгорыі S3. Органы мясцовага самакіравання фактычна засталіся сам-насам з гэтай задачай: ім не далі інструментаў, якія дапамаглі б планаваць будаўніцтва.
— Нягледзячы на гэтыя перашкоды, у Польшчы ўсё ж будуюць сховішчы і рыхтуюць месцы для абароны насельніцтва?
— Так, безумоўна. Нягледзячы на цяжкасці, органы мясцовага самакіравання па ўсёй краіне ўжо рэалізуюць такія праекты. Напрыклад, у Мальбарку сёлета плануюць пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю два сховішчы катэгорыі S1. Акрамя таго, абвешчана шмат тэндараў на праектаванне ахоўных збудаванняў.
Трэба ўлічваць і перспектыву наступнага года. Мы спадзяёмся, што дзяржаўная Праграма абароны насельніцтва і грамадзянскай абароны нарэшце атрымае шматгадовае фінансаванне. Калі гэта адбудзецца, у наступным годзе можна чакаць істотнага павелічэння колькасці тэндараў непасрэдна на будаўніцтва ахоўных збудаванняў.
— Нядаўна міністр адукацыі Барбара Навацкая тэрмінова звярнулася да міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі і дырэктара Урадавага цэнтра бяспекі з просьбай перадаць школам адзіныя інструкцыі па эвакуацыі і дзеяннях пры паветранай трывозе. Інструкцыі неабходныя, але ці ёсць цяпер у Польшчы месцы, куды можна накіраваць дзяцей у выпадку такой пагрозы?
— Скажам проста: агульнадзяржаўнай сістэмы абароны на выпадак прымянення сродкаў паветранага нападу, напрыклад, дронаў або іншых кіраваных боепрыпасаў, у нас няма. Адзін з выпадкаў на ўсходзе Польшчы паказаў, наколькі сур’ёзная гэтая праблема. Калі абвешчана такая трывога, выводзіць дзяцей на адкрытую прастору — тым больш адпускаць іх дадому самастойна, каб яны селі ў аўтобус або пайшлі дадому пешшу, — вельмі безадказна.
— Што цяпер трэба зрабіць для паскарэння будаўніцтва сховішчаў і падрыхтоўкі планаў эвакуацыі школьнікаў і насельніцтва агулам?
— Перш за ўсё трэба прызнаць: апошнія чатыры з паловай гады ў гэтай сферы, на жаль, былі змарнаваныя. Мы не ўкаранілі сістэмных рашэнняў. Аднак іх яшчэ можна прыняць. Напрыклад, наладзіць паўсюднае будаўніцтва зборных ахоўных збудаванняў з жалезабетонных элементаў. Гаворка пра аб’екты з модуляў, якія хутка мантуюцца і якія можна размяшчаць на прышкольных тэрыторыях.
Але тут узнікае праблема, пра якую я ўжо казаў. Гэта паўнавартасныя асобна размешчаныя аб’екты плошчай значна больш за 35 квадратных метраў. Для іх неабходна атрымліваць звычайны дазвол на будаўніцтва, праходзіць прыёмку і афармляць дазвол на эксплуатацыю. Пры гэтым паскоранага парадку для такіх выпадкаў не прадугледжана. Нават калі гаворка ідзе пра тэрміновую неабходнасць абараніць насельніцтва — і найперш нашых дзяцей, — няма працэдуры, якая дазволіла б аформіць усе неабходныя дакументы за тыдзень ці два.
Слухайце аўдыё!
эж