Польскія клінікі, якія рэалізуюць урадавую праграму экстракарпаральнага апладнення (ЭКА), паведамляюць, што сродкі на гэты год ужо скончыліся, — чытаем у выданні "Rzeczpospolita". Паводле падлікаў экспертаў, нават 8600 пар не зможа з-за гэтага скарыстацца лячэннем.
Адпаведную анкету правяло Польскае таварыства рэпрадуктыўнай медыцыны і эмбрыялогіі сярод усіх клінік, якія ўдзельнічаюць у праграме. Усе яны ўжо выкарысталі грошы, прызначаныя на 2026 год.
Праблема мацней за ўсё закранае пацыентаў, якія чакаюць далучэння да праграмы. У многіх цэнтрах яны чуюць, што лячэнне можна будзе пачаць толькі тады, калі будуць выдзеленыя новыя сродкі. Асабліва гэта хвалюе жанчын, якія набліжаюцца да ўзросту, які з’яўляецца максімальным дзеля таго, каб удзельнічаць у лячэнні (42 гады).
Часта закранаецца таксама пытанне адсутнасці інструментаў, якія дазвалялі б праверыць эфектыўнасць праграмы. На дадзены момант яна ацэньваецца толькі на падставе дэкларацый пацыентаў і заяў саміх клінік. Адказам на гэтыя закіды павінен стаць цэнтральны рэгістр in vitro, над якім працуе Міністэрства аховы здароўя. Паводле дадзеных міністэрства, да канца жніўня бягучага года ў рамках урадавай праграмы нарадзілася 17474 дзіцяці.
нг