Адначасова яны падкрэсліваюць, што з улікам на вельмі складаны доступ да інфармацыі і з увагі на тое, што ў выпадку смяротнага пакарання ў Беларусі заўсёды існавала сур’ёзная завеса сакрэтнасці, поўнай упэўненасці ў гэтым быць не можа.
З аднаго боку, няма інфармацыі пра смяротнае пакаранне за апошнія год і дзевяць месяцаў, але з іншага трэба памятаць, што ў 2022/23 гадах былі ўнесены сур’ёзныя юрыдычныя змены ў заканадаўства РБ, звяртае ўвагу каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда. Былі ўведзены змены, якія пашыраюць магчымасць выкарыстання смяротнага пакарання за рознага складу злачынствы, у тым ліку за іх падрыхтоўку, чаго раней не было.
Смяротнае пакаранне прыйшло ў Беларусь як спадчына Савецкага Саюза. Прымяненне гэтай кары прадугледжана толькі для мужчын. Андрэй Палуда сцвярджае, смяротнае пакаранне не павінна прымяняцца ні да воднага полу, не павінна залежыць ад віду здзейсненага злачынства ці сацыяльнага статусу.
— У нашых кампаніях мы заўсёды расказваем, што смяротнае пакаранне звязана з пакараннем мужчын, і яно залежыць ад узросту. Жанчын яно сапраўды не датычыць. Не раз у палеміках з прадстаўнікамі дзяржавы мы чулі: «Жанчын і дзяцей мы не расстрэльваем». Смяротнае пакаранне прыйшло да нас у спадчыну з савецкіх часоў. Яно перайшло ў заканадаўства і практыку Рэспублікі Беларусь. Праваабаронцы глядзяць на гэта такім чынам. Відаць, дзяржава сама ў пэўнай ступені разумее тое, што з гэтым відам пакарання нешта не так, калі трэба ўводзіць градацыю. Але важна іншае. Незалежна ад полу смяротнага пакарання быць не павінна. Мы не кажам, што злачынцаў не трэба караць. За жорсткія злачынствы заканадаўства прадугледжвае доўгія тэрміны, але забіваць — дакладна не. Незалежна ад полу, ці сацыяльнага становішча.
Смяротнае пакаранне не вырашае ніякіх праблем, у прыватнасці, звязаных з прафілактыкай. Калі б наяўнасць смяротнага пакарання была б стрымліваючым фактарам, то ніякіх злачынстваў не было б, звяртае ўвагу праваабаронца.
І дадае:
— Калі дзяржава выкарыстоўвае такі від пакарання, то яна дае сур’ёзны сігнал грамадству, што забойства дазволена. З аднаго боку, за забойства караюць, але з іншага ў дзяржавы захоўваецца манаполія на забойства.
Рэзанансная гісторыя асуджанай на смерць амерыканкі Крысты Пайк, якая перажыла спробу пакарання смерцю, чарговы раз даказвае правільнасць аргументу, пра які безупынна гавораць праціўнікі смяротнага пакарання, дадае Андрэй Палуда.
— Беспамылковых сістэм не бывае. Паказчыкам гэтай сістэмы стала сама працэдура прывядзення ў выкананне прысуду. Калі казаць пра судовую сістэму, то часта могуць быць памылкі на ўзроўні следства, на ўзроўні разгляду спраў судамі. Калі чалавека забілі, то вярнуць чалавека немагчыма. Нагадаю кейс Міхаіла Гладкага. Чалавека прыгаварылі да смяротнага пакарання ні за што, яму інкрымінавалі забойства, але, дзякуй Богу, яго не расстралялі. Ён адседзеў сем гадоў, пакуль не атрымаў апраўдальны вырак. Калі б яго расстралялі, а потым апраўдалі, то не было б каго выпускаць.
Калі казаць пра смяротнае пакаранне ў свеце, то тэндэнцыя дастаткова своеасаблівая. Усё больш краін імкнецца да таго, каб смяротнае пакаранне адмяніць, адначасова колькасць выкананых смяротных прысудаў расце. Гэта стала магчымым у выніку значнага росту выпадкаў у Іране.
Поўная размова — у далучаным гукавым файле.
ав