Давер грамадства да палітыкаў будуецца гадамі, а страціць яго можна вельмі хутка. Палітычныя дзеячы ў дэмакратычнай дзяржаве пра гэта ведаюць, таму стараюцца рабіць усё, каб гэты давер захаваць. Пры гэтым, не заўсёды гэта ўдаецца.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, паводле экспертаў па паліталогіі, пачаў страчваць давер насельніцтва, а трыгерам стала, здавалася б, дробязь, не вартая ўвагі. Справа ў тым, што галава дзяржавы і яго сям’я любяць коней. Яны займаюцца верхавой яздой. У гэтым не было б нічога дрэннага, калі б на гэта не ішлі дзяржаўныя грошы.
Меркаваннем палітолага Агнешкі Зарэмбы (Agnieszka Zaremba), менавіта ў выніку выдаткоўвання дзяржаўных фінансаў на коней, якія лічацца прыватным хобі, прэзідэнт Наўроцкі пачынае сутыкацца з праблемамі іміджу. У эфіры Польскага радыё яна пракаментавала палітычны скандал вакол коней, якіх утрымлівае Цэнтр забеспячэння дзейнасці Канцылярыі прэзідэнта. Па словах эксперта, праблема не ў саміх конях, а ў тым, што прэзідэнт выглядае ў гэтай сітуацыі недарэчна.
— З аднаго боку, канцылярыя прэзідэнта лагічна тлумачыць справу, але з іншага боку, мы бачым спробы празмернай аргументацыі з вуснаў прадстаўнікоў прэзідэнта або яго самога. У гэтай сітуацыі тыя жыхары Польшчы, якія з самага пачатку не падтрымлівалі Караля Наўроцкага цалкам безапеляцыйна, з поўнай верай у яго, пачынаюць сумнявацца. Многія людзі галасавалі за Наўроцкага наперакор іншаму кандыдату, каб толькі не галасаваць за Рафала Тшаскоўскага. І, трэба сказаць, прадстаўнікі гэтай часткі электарату пачынаюць задаваць сабе пытанне, ці яны прынялі сапраўды правільнае рашэнне.
Некалькі дзён таму выданне «Gazeta Wyborcza» паведаміла, што коней для Караля Наўроцкага, яго жонкі і дзіцяці — а таксама каня для супрацоўніка службы бяспекі — утрымліваюць у прэзідэнцкай рэзідэнцыі пад Варшавай. Паводле звестак СМІ, жывёламі займаюцца спецыяльна працаўладкаваныя дзеля гэтага інструктар па верхавой яздзе і персанал стайні.
Паводле інфармацыі Канцылярыі прэзідэнта, пад апекай Цэнтра абслугоўвання Канцылярыі знаходзяцца тры коні: адзін — яшчэ з часоў тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта Анджэя Дуды, а два іншыя былі купленыя нядаўна.
У цэлым палітыкі станоўча ацэньваюць наяўнасць у прэзідэнта хобі. Аднак яны задаюцца пытаннем: хто павінен за гэта плаціць? Гэтае пытанне падняла прадстаўніца партыі «Левыя» Катажына Кaтуля (Katarzyna Kotula), якая адказвае ва ўрадзе за палітыку роўнасці.
— Адзін прэзідэнт збудуе сабе тэнісны корт, іншы — басейн, трэці будзе займацца аўтамабільнымі гонкамі і купіць сабе гоначнае аўто. І таму ўзнікае пытанне — ці трое коней, стайня — гэта добрая ідэя і ці цяпер добры час, каб мець такія дарагія «цацкі».
Крыху інакш да гэтай справы падыходзяць прадстаўнікі партыі Караля Наўроцкага, яго калегі з групоўкі «Права і справядлівасць». Збігнеў Кузьмюк (Zbigniew Kuźmiuk) з гэтай партыі не здзіўлены тым, што ў галавы дзяржавы такое хобі. Дэпутат звяртае ўвагу на больш значныя выдаткі, якія ідуць з кішэні падаткаплатнікаў.
— Коні, іншыя жывёлы. Наколькі я ведаю, паколькі чытаў пра гэта, у перыяд улады Леха Валэнса, быў амаль што цэлы заапарк. І тады нікому гэта не перашкаджала. А цяпер шукаюць нейкую прычыну, каб толькі можна было б ударыць у спадара прэзідэнта. Дарагія мае суайчыннікі, калі для вас коні — гэта праблема, дык што вы скажаце пра авіяпадарожжы спадара прэм’ер-міністра кожны тыдзень у Гданьск і назад? Гэта значна больш сур’ёзная праблема, паколькі яна і каштуе намнога больш — рахункі дасягаюць дзясяткаў мільёнаў злотых, а кошт коней — гэта некалькі соцень тысяч.
Ёсць і зусім кур’ёзныя прапановы. Напрыклад, дэпутат Еўрапейскага парламента ад «Грамадзянскай кааліцыі» Дарыюш Ёньскі (Dariusz Joński) лічыць, што ў такой сітуацыі прэзідэнт павінен ездзіць на працу вярхом.
— Як прэзідэнт, так і прэм’ер-міністр карыстаюцца службовымі аўтамабілямі, лятаюць на самалётах або на верталётах, каб кудысьці патрапіць. Але, яшчэ не здарылася, каб нехта з прадстаўнікоў нашай дзяржавы ездзіў на працу на кані. Можа, спадар Наўроцкі хоча ўвесці новую традыцыю? Калі так, хай ён аддасць службовую машыну і пачне ездзіць на працу на кані. І тады гэты сродак транспарту можна аплачваць з дзяржаўных крыніц. Гэта, канешне, жарт. Калі казаць сур’ёзна, дык у нас вельмі цяжкая сітуацыя з дзяржаўным бюджэтам, нам прыходзіцца прызначаць вялізныя сумы на бяспеку. Людзі трымаюцца за кішэнь, яны здзіўляюцца, на што Наўроцкі выдаткоўвае нашы агульныя, публічныя грошы. Я нагадаю, што праца Канцылярыі прэзідэнта ў год каштуе 330 мільёнаў злотых.
Канцылярыя прэзідэнта Караля Наўроцкага не адказала на пытанні журналістаў пра тое, якая была дакладная цана набыцця трох коней і які кошт іх штомесячнага ўтрымання.
IAR/нг