Сярод прысутных былі польскія палітыкі, грамадзянскія актывісты, прадстаўнікі бежанцаў з Украіны, Расіі, Беларусі. У тым ліку прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай.
Канферэнцыя ладзілася дзеля таго, каб нагадаць польскаму грамадству, што бежанцы — гэта не чужынцы, не ворагі, а такія ж людзі, як палякі, кажа адна з арганізатарак канферэнцыі Марына Гуля з ініцыятывы «Дзеці з вакзалу Брэст», якая займаецца дапамогай бежанцам з Чачэніі, з якімі пазнаёмілася 10 гадоў таму на чыгуначнай станцыі ў Брэсце, дзе яны месяцамі жылі з дзецьмі ў чаканні таго, каб перасекчы мяжу з Польшчай.
— Мерапрыемства называецца «Бежанцы: глядзець у твар, слухаць аповед». Калі мы кажам «бежанцы», каго мы бачым? Масу людзей, і мы не бачым твараў, мы не ведаем іх гісторый. Таму сёння, у гэтым месцы гучаць канкрэтныя гісторыі канкрэтных людзей. Некаторыя ўпершыню расказаныя праз мікрафон, як жанчын з Чачэніі, шматдзетных маці, якія ўжо 10 гадоў спрабуюць застацца ў Польшчы. Іх дзеці вучацца ў польскіх школах, вучацца з чырвонымі дыпломамі, але яны ўсё яшчэ знаходзяцца ў працэсе легалізацыі свайго знаходжання. Сёння тут таксама ўкраінцы, Люба Анопка, унука якой жорстка збілі на Свентакшысцкім мосце. Люба прынесла ўсю сваю любоў, бо яна даравала нападнікам. Яна проста хоча, каб гэта ніколі больш не паўтарылася.
Размова — гэта важна, але патрэбныя і практычныя крокі, кажа актывістка
— Не толькі размаўляць, але і выправіць сітуацыю, каб сем’і, якія сёння прысутнічаюць у аўдыторыі, нарэшце змаглі застацца ў Польшчы, каб польскі Сейм іх пачуў. Тут прысутная Вікторыя Грэлевіч, дарадца спікера Сейма Уладзімежа Чажастага, і мы спадзяемся, што яна параіць спікеру прыслухацца. Сярод нас ёсць школьнікі, якія не адчуваюць сябе камфортна ў школе. Ёла Калужа з Катавіц расказвала, што можна зрабіць так, каб яны адчувалі сябе камфортна. Яна кіруе школай як домам, дзе прысутнічаюць дзеці з розных краін. І іх там чуюць, бачаць, разумеюць і любяць. Дапамога — гэта яе адметная рыса. Для нас важна культура дапамогі, якая не прадугледжвае просты збор гуманітарнай дапамогі ў пакеты і адпраўку. Гаворка яшчэ і пра тое, каб выслухаць іншага чалавека.
За апошнія гады шмат беларусаў стала бежанцамі, распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.
— Сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць сваю краіну, і ў іншых краінах іх чакаюць не толькі разуменне з боку грамадства, але і праблемы. Праблемы ў першую чаргу тычацца легалізацыі, паколькі беларускія ўлады адмовілі ў консульскіх паслугах беларусам. Адсюль з'явіліся клопаты з пратэрмінаванымі пашпартамі, з банкаўскімі рахункамі. Дарэчы, у мяне таксама ёсць праблемы з адкрыццём банкаўскай рахунку, як у шмат якіх беларусаў. Гэтыя праблемы трэба вырашаць. Мы шмат намаганняў прыкладаем до таго, каб яны вырашаліся, але іх вельмі шмат гэтых праблемаў. Таму мы імкнёмся супрацоўнічаць з тымі арганізацыямі, якія таксама займаюцца абаронай уцекачоў, якія імкнуцца дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы. Але мы ў першую чаргу факусуемся на вырашэнні праблем беларусаў.
Беларускія бежанцы атрымалі вельмі добрыя ўмовы ў Польшчы, але апошнім часам сітуацыя пагоршылася, кажа намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай Станіслава Гліннік.
— Усе тыя беларусы, якія пакінулі дом пасля дваццатага года — уцекачы. Пра дзесяць гадоў чакання на від на жыхарства, пра які я тут казала, мы не чулі ў выпадку беларусаў. Заўсёды былі трохі лепшыя ўмовы ў атрыманні дакументаў. Мы абсалютна ўдзячныя Польшчы за тыя камфортныя ўмовы, які былі беларусам прадстаўленыя ў дваццатым годзе, калі ўсіх пускалі, справы хутка разглядаліся. Зараз мы назіраем спад, мы назіраем рост колькасці адмоваў, мы бачым гэту тэндэнцыю і будзем рэагаваць.
6-га кастрычніка ў Сейме Польшчы прайшла канферэнцыя «Бежанцы: глядзець у твар, слухаць аповед», прысвечаная абмеркаванню сітуацыі ўцекачоў у Польшчы.
Юры Ліхтаровіч