—Штучны інтэлект павінен даваць людзям хуткасць і перавагу, а не прымаць рашэнні за чалавека, — заявіў Барташ Градэцкі (Bartosz Grodecki), кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі (BBN).
У інтэрв'ю выданню «Defence24» ён казаў пра дзве мадэлі ўзаемадзеяння чалавека і штучнага інтэлекту (ШІ), параўноўваючы іх з міфічнымі істотамі: Кентаўрам і Мінатаўрам.
— Ці хочам мы, каб ШІ супрацоўнічаў з людзьмі — надзяляючы іх пэўнымі якасцямі, магчымасцямі і хуткасцю, параўноўваючы гэта з міфічным Кентаўрам, у той час як кіраванне застаецца ў руках чалавека? Ці мы ператворымся ў Мінатаўра, ад якога застаецца толькі тулава чалавека, а ўсе паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў перадаюцца штучнаму інтэлекту? — задаўся пытаннем Градэцкі.
Ён назваў другі сцэнарый сур'ёзнай пагрозай. І адзначыў, што ў медыяпрасторы ChatGPT усё часцей пазіцыянуюць як замену чалавечаму розуму і працы. Пытанне пра тое, як далёка гэта можа зайсці, тычыцца не толькі тэхналогій, але і інстытутаў.
— Ці пранікне ён у судовую сістэму, дзе прысуды выносяцца на аснове масіваў даных? Ці ў сферу аховы здароўя, напрыклад, — дзе ШІ можа дапамагаць урачу, але не можа служыць асновай для вызначэння стану здароўя пацыента? Гэта тыя выклікі, з якімі мы сутыкаемся, — сказаў кіраўнік BBN.
Градэцкі таксама казаў пра рызыку, што самі інструменты ШІ могуць стаць вектарамі нападаў. Ён згадаў дзве кампаніі, якія выявілі, што іх рашэнні могуць быць выкарыстаны для пранікнення ў сістэмы.
— Такім чынам, гэта вельмі сур'ёзныя выклікі, звязаныя са штучным інтэлектам. Аднак абраны кірунак развіцця і выкарыстанне гэтых інструментаў з'яўляюцца абсалютна неабходнымі, — падкрэсліў ён.
Ён адзначыў, што кіберпрастора — гэта яшчэ адна сфера вядзення вайны (побач з сушай, морам і паветрам), і што пагрозы, якія зыходзяць ад яе, патрабуюць супрацоўніцтва паміж дзяржавай, бізнесам і грамадствам.
нг