Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ці польскія ўлады павінны імкнуцца да таго, каб як мага больш палякаў з Беларусі пераехала жыць у Польшчу?

11.10.2026 12:38
«У інтарэсах Польшчы, каб палякі, заставаліся, захоўвалі ідэнтычнасць, выступалі ў ролі нашых амбасадараў у Беларусі. З іншага боку, мы таксама разумеем тых, хто хоча пакінуць краіну».
Аўдыё
  • Ці трэба заахвочваць палякаў з Беларусі пераехаць у Польшчу?
 .
Ілюстрацыйны здымак.крыніца: pxhere.com/CC0 Domena publiczna

Як вядома, у Беларусі многім асобам польскага паходжання жывецца нялёгка, яны могуць падвяргацца рэпрэсіям з боку рэжыму Лукашэнкі нават за тое, што размаўляюць па-польску ці захоўваюць сувязі з Польшчай. У сувязі з гэхтым, ці польскія ўлады павінны заахвочваць палякаў з Беларусі пераехаць жыць у Польшчу?

На гэтую тэму мы паразмаўлялі з дырэктарам Цэнтра Усходняй Еўропы Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне прафесарам Валенты Балюкам (Walenty Baluk).

— Каб грунтоўна і па сутнасці адказаць на гэтае пытанне, патрэбныя не толькі рашучасць, але і глыбокае разуменне праблем, з якімі сутыкаецца польская меншасць у Беларусі. Таксама мы павінны ведаць рэальныя ўмовы жыцця прадстаўнікоў нацменшасцяў у іх краінах. Мы ведаем, што маем справу з дыктатурай у Беларусі, таму палякам там не проста. З аднаго боку, у інтарэсах Польшчы, каб палякі, якія там жывуць, заставаліся ў сваіх дамах, захоўвалі польскія традыцыі і ідэнтычнасць, а таксама выступалі ў ролі нашых амбасадараў — спадзяёмся, у недалёкай будучыні ў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. З іншага боку, мы таксама разумеем тых, хто хоча пакінуць краіну па розных прычынах, у тым ліку эканамічных. Гэта іх выбар; мы не можам ні загадваць ім, ні забараняць гэта рабіць. Таму Польшчы неабходна знайсці раўнавагу ў сваім падыходзе. Мы павінны падтрымліваць палякаў, якія жывуць у Беларусі, дапамагаць ім, адначасова ўлічваючы ўласныя праблемы — у прыватнасці, дэмаграфічны крызіс і дэфіцыт працоўнай сілы на нашым рынку працы. І таму Польшча зацікаўлена ў тым, каб прымаць палякаў, якія жывуць у Беларусі ці іншых краінах.

Палякам у Беларусі жывецца нялёгка, а, скажам, ва Украіне, дзе таксама шмат палякаў, ідзе вайна. Тым не менш, многія не жадаюць з’язджаць у Польшчу, нават калі такая магчымасць ёсць. Што Польшча магла б зрабіць для іх там, на месцы?

— На маю думку, неабходна шукаць магчымасці садзейнічаць развіццю польскай ідэнтычнасці і дэмакратыі ў суседніх краінах, каб палякі ў той жа Беларусі або ва Украіне мелі такія ж добрыя ўмовы жыцця, як і палякі ў Польшчы. Тады можна будзе паспрабаваць спалучыць гэтыя два аспекты: забеспячэнне дабрабыту польскай меншасці — ці то ў Беларусі, ці то ва Украіне — і адначасова спрыяць захаванню польскай ідэнтычнасці і традыцый.

Як вы лічыце, ці цяперашні польскі ўрад, ці агулам польскія ўлады павінны наладжваць кантакты з кіраўніцтвам Беларусі? Нядаўна стала вядома, што міністр замежных спраў размаўляў са сваім беларускім візаві, гэта стала амаль што сенсацыяй. Ці польскі ўрад павінен ісці на кантакты, ці прынцыпова заявіць, што гэта абсалютна недэмакратычны рэжым і з ім нельга мець ніякіх спраў?

— Складанае пытанне. Я буду гаварыць не як абаронца правоў чалавека, а як палітолаг, эксперт. Прафесійны падыход патрабуе ад нас падтрымліваць кантакты нават з недэмакратычным рэжымам, дзеля таго, каб захоўваць адкрытымі каналы камунікацыі і садзейнічаць, напрыклад, вырашэнню пытанняў, звязаных з польскай меншасцю ў Беларусі. Такія каналы сувязі вельмі важныя. Іншае пытанне — ці сапраўды беларускі рэжым зацікаўлены ў гэтых кантактах; мы неаднаразова бачылі — у тым ліку на прыкладзе актывістаў польскай меншасці ў Беларусі, — як з людзьмі абыходзіліся як з закладнікамі. Таму гэта вельмі складаная праблема. Тым не менш, калі мы хочам уплываць на падзеі, пры гэтым падтрымліваючы апазіцыю і дэмакратычную Беларусь, — мы павінны захоўваць гэтыя каналы камунікацыі, каб мець адпаведныя рычагі ўплыву. Гэта мае вырашальнае значэнне для таго, каб падтрымліваць перамены, калі ў Беларусі з'явіцца акно магчымасці. Такім чынам, комплексны падыход адпавядае інтарэсам дзяржавы, і я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць: гэта зусім не азначае прызнання рэжыму.

Нядаўна актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут выклікаў вялікі рэзананс сваім рашэннем паехаць у Беларусь. Яго нават параўноўвалі з Аляксеем Навальным. На шчасце, ён шчасліва вярнуўся ў Польшчу. Якая была ваша рэакцыя на такі крок?

— Я не бяруся ацэньваць рашэнні Анджэя Пачобута. Гэта выбар адважнага чалавека, які, насуперак рацыянальным разлікам, робіць пэўныя крокі, каб прадэманстраваць сваю польскую ідэнтычнасць там, у Беларусі, каб паказаць, што яна існуе і мае права на існаванне. Гэта таксама пытанне адстойвання правоў грамадзяніна. Гэта базавае, фундаментальнае права. Гісторыя паказвае, што без выбітных асоб, без герояў перамены немагчымыя. Хоць я цаню такую ​​пазіцыю і вітаю яе, я таксама добра разумею магчымыя наступствы. Успомнім прыклад Навальнага, які вярнуўся ў Расійскую Федэрацыю. Справа не ў параўнанні гэтых дзвюх асоб, а хутчэй у паводзінах рэжыму; мы разглядаем рэжым Аляксандра Лукашэнкі як дыктатуру, якая, маючы свае спецыфічныя рысы, усё ж падобная да дыктатуры ў Расіі. Таму важна назіраць за тым, як паводзіць сябе рэжым. З пункту гледжання Польшчы і дэмакратычнага свету таксама важна аказваць уплыў на рэжым у Беларусі, каб у наступны раз, калі спадар Анджэй Пачобут паедзе туды, каб пабачыцца з сям'ёй ці наведаць магілы блізкіх, яго не затрымалі і рэжым зноў не выкарыстаў яго як закладніка.

нг