Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Мы можам страціць вучня»: дырэктар Цэнтра развіцця адукацыі — пра моўны бар’ер у польскай школе

12.10.2026 13:43
Вучні са 148 краін вучацца ў польскіх школах. Як сітэма адказвае на выклікі моўнай і культурнай разнастайнасці? 
Аўдыё
  • «Мы можам страціць вучня»: дырэктар Цэнтра развіцця адукацыі — пра моўны бар’ер у польскай школе
 .
Ілюстрацыйны здымак.Shutterstock/GreenOak

Вучань можа добра разбірацца ў фізіцы і пры гэтым не разумець задання на ўроку: знаёмыя яму паняцці ў польскім падручніку называюцца інакш. Для дзяцей, якія прыходзяць у школу з іншага моўнага асяроддзя, вывучыць польскую мову для штодзённых зносін — толькі частка праблемы. Патрэбная яшчэ і мова, на якой тлумачаць формулы, гістарычныя падзеі і правілы.

Такіх вучняў у Польшчы амаль 246 тысяч — прыкладна кожны дваццаты. Дзеці і падлеткі са 148 краін вучацца ў 68 % польскіх школ. Найбольшая група — вучні з Украіны, пасля іх — дзеці з Беларусі.  Культурная і моўная разнастайнасць стала штодзённай рэальнасцю, але сістэмная падтрымка не заўсёды паспявае за гэтымі зменамі.

Паводле справаздачы Цэнтра грамадзянскай адукацыі і International Rescue Committee Polska за 2025/2026 навучальны год, падрыхтоўчыя класы для дзяцей, якія не ведаюць польскай мовы, ёсць толькі ў 25 паветах. Доля вучняў-іншаземцаў, якія наведваюць дадатковыя заняткі польскай мовы, змяншаецца. Сярод іх большая колькасць тых, каго не пераводзяць у наступны клас, а ў школах пасля пачатковай ступені нарастаюць цяжкасці з інтэграцыяй.

Што можа змяніць дзяржаўная праграма «Прыязная школа»? Якая дапамога патрэбная настаўнікам і навошта ствараць дапаможныя матэрыялы па польскай мове для асобных прадметаў? Пра гэта гаворым з дырэктарам Цэнтра развіцця адукацыі (Ośrodek Rozwoju Edukacji, ORE — дзяржаўная ўстанова павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, якая дзейнічае па ўсёй Польшчы і знаходзіцца ў падпарадкаванні міністра адукацыі) Марыюшам Бінеўскім:

— Польская школа становіцца ўсё больш разнастайнай у культурным і нацыянальным плане. Гэта змена, якую мы назіраем у штодзённым жыцці школ, у працы дырэктараў і настаўнікаў. Таму варта звяртаць увагу на тое, што маштаб гэтых змен у польскіх школах даволі вялікі. Гэта пацвярджаюць канкрэтныя лічбы.

Калі ўзяць мінулы, 2025/2026 навучальны год, у пачатковых школах і школах наступнай ступені вучыліся амаль 246 тысяч вучняў-іншаземцаў. Гэта каля пяці працэнтаў усіх вучняў польскіх школ. Маштаб вялікі. Каля 210 тысяч з іх складалі вучні з Украіны, што непасрэдна звязана з вайной ва Украіне, якая працягваецца ўжо больш за чатыры гады. Але, вядома, у нашых школах вучацца таксама дзеці і моладзь з многіх іншых дзяржаў.

Цяпер вучні-іншаземцы ёсць у 68% польскіх школ, таму маштаб велізарны. Больш за 87% польскіх вучняў наведваюць школы, дзе вучацца дзеці і моладзь з іншых краін. Таму прадуманае ўключэнне дзяцей у школьную супольнасць і прадуманая адукацыя для ўсіх у школах, разнастайных у тым ліку культурна, маюць вельмі вялікае значэнне.

На гэтыя патрэбы адказвае маштабная дзяржаўная праграма «Прыязная школа». У яе межах прадугледжана, сярод іншага, дапамога міжкультурных асістэнтаў. Мы клапоцімся пра дабрабыт усёй школьнай супольнасці, а таксама пра павышэнне кваліфікацыі кадраў сістэмы адукацыі. Апошняе належыць да кампетэнцыі ўстановы, якую я ўзначальваю, — Цэнтра развіцця адукацыі.

Менавіта з пункту гледжання нашага цэнтра асаблівае значэнне мае трэці модуль праграмы «Прыязная школа». Ён прысвечаны павышэнню кваліфікацыі кадраў сістэмы адукацыі, і ў яго межах мы аказваем падтрымку. Яна прызначана не толькі для настаўнікаў, якія непасрэдна працуюць з вучнямі з досведам міграцыі або ўцякацтва, пра якіх мы сёння гаворым. Яна адрасаваная таксама класным кіраўнікам, спецыялістам, міжкультурным асістэнтам, а яшчэ, як я сказаў напачатку, кіраўнікам школ і работнікам сістэмы адукацыі ў цэлым.

На якіх умовах установы адукацыі маглі падаваць заяўкі на ўдзел у гэтай дзяржаўнай праграме?

— Наш трэці модуль рэалізуецца на цэнтральным узроўні. Разам з адабранымі партнёрамі мы забяспечваем падтрымку на ўзроўні ваяводстваў. Першы і другі модулі рэалізуюць Інстытут адукацыйных даследаванняў або ваяводы адпаведных ваяводстваў, якія часта перадавалі гэтую задачу ўпраўленням адукацыі.

У рэгіёнах трэба звяртацца ва ўпраўленні адукацыі і да ваяводаў. А каб атрымаць інфармацыю пра падтрымку на цэнтральным узроўні, прызначаную, сярод іншага, для кадраў сістэмы адукацыі, устаноў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, а таксама дырэктараў, трэба сачыць за сайтам Цэнтра развіцця адукацыі ў Варшаве і сайтам праграмы «Прыязная школа».

Як вы, спадар дырэктар, ацэньваеце зацікаўленасць настаўнікаў і ўстаноў адукацыі ў гэтай праграме?

— Скажу так: зацікаўленасць даволі вялікая. Што да міжкультурных асістэнтаў, падтрымка на цэнтральным узроўні, за якую мы адказваем, карыстаецца значным попытам. Трэба памятаць, што ў ваяводствах за працаўладкаванне міжкультурных асістэнтаў адказваюць органы, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца школы, мясцовае самакіраванне. Гэтыя пытанні рэгулююць асобныя прававыя нормы.

У гэтым выпадку я абапіраюся таксама на свой досвед працы  кіраўніка Упраўлення адукацыі ў Любускім ваяводстве. Ёсць органы кіравання школамі, для якіх культурная і нацыянальная разнастайнасць, а таксама прысутнасць вучняў з досведам міграцыі ці ўцякацтва — асабліва сур’ёзны выклік. Таму яны вельмі зацікаўленыя ў працы асістэнтаў і міжкультурнай падтрымцы.

Больш за 200 тысяч іншаземцаў з’явіліся ў польскіх школах з'явіліся тут не ўчора: яны вучацца там ужо не першы год. Як гэтыя дзеці спраўляюцца з вучобай? Многае залежыць ад узросту і праграмы навучання. Але калі паглядзець на вынікі іспытаў — выпускных іспытаў на атэстат сталасці і экзаменаў пасля восьмага класа, — ці мае ваш Цэнтр нейкія статыстычныя даныя? 

— Мы непасрэдна гэтым не займаемся. Аднак скажу як чалавек, які працуе ў сістэме адукацыі ўжо 28 гадоў: зроблена вельмі шмат. Я лічу, што і сістэма адукацыі, і настаўнікі з самага пачатку годна справіліся з гэтай задачай.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне і новыя вучні масава сталі прыходзіць у школы, дырэктары вельмі часта самі арганізоўвалі дапамогу дзецям з досведам уцякацтва ці міграцыі — яшчэ да таго, як з’явілася сістэмная падтрымка.

Што да вынікаў іспытаў, мне, як я ўжо сказаў, цяжка пра іх гаварыць, бо гэта пытанне або да Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі, або непасрэдна да дырэктараў канкрэтных школ.

Аднак як практык я бачу неабходнасць пастаяннай падтрымкі навучання польскай мове як замежнай. Але ёсць і яшчэ адна рэч, вельмі важная для мяне як настаўніка-практыка: распрацоўка і належнае замацаванне ў сістэме адукацыі падыходу да навучання польскай мове, як мове асобных школьных прадметаў, а таксама стварэнне адпаведных падручнікаў ці дапаможнікаў.

Мы ўжо ведаем, што калі да нас прыходзіць вучань з іншага моўнага асяроддзя, які, напрыклад, вельмі добра разбіраецца ў фізіцы, мы можам яго, кажучы па-простаму, страціць. У тым сэнсе, што ён не будзе ведаць польскіх адпаведнікаў фізічных паняццяў, якімі карыстаецца на сваёй мове.

Таму мова адукацыі, мова асобных навуковых дысцыплін, мова асобных школьных прадметаў — гэта тое, што таксама патрабуе ўвагі і падтрымкі. У праграме «Прыязная школа» мы маем такія планы: стварыць інструменты, прызначаныя для настаўнікаў асобных прадметаў, а таксама для вучняў, якія прыходзяць у польскую сістэму адукацыі.

Калі можна чакаць укаранення такога рашэння?

— Мне цяжка адназначна сказаць, ці адбудзецца гэта ўжо ў наступным навучальным годзе, бо над гэтым мусіць працаваць вялікая група экспертаў. Акрамя таго, на тэрміны ўплываюць пытанні фінансавання і патрабаванні заканадаўства аб дзяржаўных закупках. Я не магу назваць дакладны тэрмін, але будзем спадзявацца, што першыя такія распрацоўкі з’явяцца ўжо ў наступным навучальным годзе.

Эдуард Жолуд

Слухайце аўдыё!

Адносіны з бацькамі – часта самая складаная частка працы настаўніка, кажа сёлетняя лаўрэатка тытулу «Настаўнік года»

14.10.2025 14:01
Вучні цэняць, калі настаўнік патрабавальны да іх, але і справядлівы, кажа Настаўніца 2025 года Агнешка Копач.

Больш за 70 польскіх выпускнікоў здалі экзамен сталасці па беларускай мове

21.05.2026 16:11
Беларускую мову як мову нацыянальнай меншасці вывучаюць у двух ліцэях — у Гайнаўцы і Бельску-Падляскім.

Адзіная ў Польшчы літоўская сярэдняя школа святкуе 70 гадоў існавання

27.06.2026 17:48
У суботу літоўская меншасць адзначае 70-годдзе сярэдняй школы імя 11 сакавіка з літоўскай мовай навучання ў Пуньску. На цырымоніі прысутнічалі многія выпускнікі школы.

«Трэба жыць сёння». Як беларуская эміграцыя становіцца новым домам, але не замяняе Радзіму

29.06.2026 16:35
Сёння гераіня жыве ў Польшчы, выхоўвае дзяцей, удзельнічае ў беларускім грамадскім жыцці і прызнаецца: вярнуцца дадому вельмі хочацца