Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Выклікі беларускай адукацыі на Беласточчыне: галоўны – змяншэнне колькасці дзяцей, якія вывучаюць мову

14.10.2026 16:30
І цяжка сказаць, ці існуе нейкі просты рэцэпт, як гэты працэс спыніць.
Аўдыё
  • Выклікі беларускай адукацыі на Беласточчыне: гутарка са старшынёй АБ-БА.
  ( ).
Зміцер Косцін (архіўны здымак).Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Амаль месяц таму новым старшынёй Аб’яднання бацькоў у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову (АБ-БА) у Беластоку стаў Зміцер Косцін. Ягоная дачка яшчэ вучыцца ў Беластоку, сёлета яна ў выпускным класе.

АБ-БА ўжо амаль тры дзесяцігоддзі падтрымлівае беларускамоўную адукацыю ў горадзе — ад дзіцячага садка да школы і ліцэя. Але сёння перад арганізацыяй стаяць новыя выклікі: колькасць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, змяншаецца, бракуе сучасных падручнікаў, а бацькоў усё часцей трэба пераконваць, што веданне беларускай мовы мае сэнс, што гэта каштоўнасць. Пра дзейнасць Аб’яднання АБ-БА гаворыць яго новы старшыня Зміцер Косцін.

Зміцер Косцін: АБ-БА — гэта арганізацыя з доўгай гісторыяй і сваёй традыцыяй дзейнасці. Яшчэ да яе афіцыйнай рэгістрацыі, фактычна амаль трыццаць гадоў таму, бацькі пачалі ініцыятывы, звязаныя спачатку з дзіцячым садком, пазней — з навучаннем беларускай мове ў пачатковай школе, потым была гімназія, а цяпер ёсць і ліцэй.

Мы, трое новых людзей, якія ўвайшлі ва ўправу, атрымалі ў спадчыну вялікі багаж усяго таго, чым АБ-БА займалася і чым працягвае займацца. Але мне здаецца, што не толькі я, але і астатнія сябры ўправы ды ўсёй арганізацыі бачаць выклікі, перад якімі сёння стаіць беларускае школьніцтва на Беласточчыне. Найперш гэта змяншэнне колькасці дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову.

І цяжка сказаць, ці існуе нейкі просты рэцэпт, як гэты працэс спыніць. Мы разумеем, што яшчэ дзесяць гадоў таму было нашмат прасцей. Свядомасць бацькоў адносна таго, што дзіця павінна ісці ў школу і карыстацца сваім правам вывучаць беларускую мову як мову нацыянальнай меншасці, фактычна як другую родную мову, была даволі высокая. Цяпер бацькі часцей глядзяць на гэта з практычнага пункту гледжання: пытаюцца, якая карысць ад таго, што дзіця ведае беларускую мову.

І мне здаецца, што АБ-БА, якая раней была перад усім арганізатарам дадатковых, пазашкольных заняткаў, што пашыралі сферу выкарыстання беларускай мовы, цяпер паступова ператвараецца ў арганізацыю, якая сваёй дзейнасцю павінна таксама пераконваць: беларуская мова патрэбная, у нас ёсць свая культура, свая гісторыя і ўсё гэта варта перадаваць наступным пакаленням. Вакол гэтага сёння ўсё больш канцэнтруецца наша дзейнасць. Мне здаецца, што гэта адзін з асноўных кірункаў, у якім арганізацыя будзе рухацца далей.

Яшчэ адзін вельмі важны кірунак — супрацоўніцтва з настаўнікамі і дапамога ім.

Заканадаўства, вядома, дае магчымасць вывучаць беларускую мову як мову нацыянальнай меншасці. Ёсць таксама дадатковае фінансаванне, адукацыйная субвенцыя, падтрымка з боку Міністэрства адукацыі.

Але з другога боку — няма падручнікаў. Ёсць навучальная праграма, але пытанне, як паводле гэтай праграмы вучыць, Міністэрства асабліва не цікавіць. Добры прыклад — менавіта падручнікі. АБ-БА з’яўляецца выдаўцом падручнікаў па беларускай мове для пачатковай школы. Калі падручнікі па іншых прадметах — матэматыцы, фізіцы, польскай мове — ствараюцца і выдаюцца прафесійнымі выдавецтвамі, якім залежыць на тым, каб падрыхтаваць кнігу, прайсці працэдуру зацвярджэння і потым яе прадаваць, то ў выпадку беларускай мовы сітуацыя зусім іншая. Няма камерцыйнага выдавецтва, якое хацела б фактычна дабрачынна заняцца падрыхтоўкай такога падручніка.

А падрыхтоўка аднаго падручніка — гэта праца дакладна не на адзін год. І ўсё гэта трэба зрабіць яшчэ да таго, як кніга будзе зацверджаная Міністэрствам адукацыі і з’явіцца магчымасць атрымаць адпаведнае фінансаванне. Таму без удзелу грамадскіх арганізацый і саміх бацькоў сёння такое школьніцтва проста не зможа нармальна развівацца.

Яраслаў Іванюк