Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта ўзнікла на хвалі адлігі ў кастрычніку 1956 года. Гэта быў час, калі польскія камуністычныя ўлады дазволілі таксама стварыць на Беласточчыне Беларускае грамадска-культурнае таварыства, беларускі тыднёвік «Ніва» і літаратурнае аб’яднанне «Белавежа».
Першай кіраўніцай кафедры стала вядомая ўжо на той час лінгвістка і славістка прафесар Антаніна Абрэмбска-Яблоньска. Пазней кафедрай кіравала прафесар Эльжбета Смулкова, якая пасля стала першым амбасадарам Польшчы ў Беларусі. Амаль 30 гадоў кафедру ўзначальваў прафесар Аляксандр Баршчэўскі.
Прафесар Ніна Баршчэўская — выпускніца кафедры. З 1980 года яна працавала як навуковая супрацоўніца, а цягам сямі гадоў была яе кіраўніцай. І сёння, ужо на пенсіі, яна надалей супрацоўнічае з кафедрай. Доўгі час прафесар Баршчэўская была таксама галоўным рэдактарам Беларускай службы Польскага радыё.
Пры нагодзе юбілею 70-годдзя кафедры Яраслаў Іванюк паразмаўляў з Нінай Баршчэўскай пра гісторыю кафедры і яе сённяшні дзень.
Ніна Баршчэўская: Навуковая дзейнасць кафедры развівалася ў розных напрамках. З аднаго боку, гэта былі канферэнцыі, навуковыя выданні, прысвечаныя асобным аўтарам, таксама артыкулы, сабраныя ў розных тамах. Але вельмі важным для кафедры стала ўзнікненне навуковага часопіса Acta Albaruthenica, які выдаецца па сённяшні дзень. Сёлета выйдзе ўжо 26-ы нумар.
Азіраючыся назад, якія паваротныя моманты можна вызначыць, якія спрыялі развіццю кафедры?
Ніна Баршчэўская: Несумненна, узнікненне незалежнай Беларусі. Гэта быў такі штуршок да зменаў. Да 1992 года, у прынцыпе, моладзь, якая прыходзіла на кафедру, гэта былі выхадцы з Беластоцкага ваяводства, з ліцэяў у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. І гэта была моладзь, якая валодала беларускай мовай.
З моманту ўзнікнення за ўсходняй польскай мяжой незалежнай дзяржавы аказалася, што, з аднаго боку, гэта спрыяла большай зацікаўленасці польскай моладзі, а з другога боку, узніклі кафедры ў іншых гарадах. У Беластоку ўзнікла Беларуская філалогія, таксама ў Любліне.
Моладзь, якая да таго часу прыходзіла да нас вучыцца і якая валодала беларускай мовай, пайшла туды, куды было бліжэй. А да нас, перадусім, гарнулася моладзь, якая не ведала беларускай мовы.
Мы нават пыталіся ў той час, чаму яны ідуць вывучаць беларускую мову, бо тады яшчэ былі, калі не экзамены, то такія кваліфікацыйныя размовы.
Калі ў кагосьці не было нейкіх сямейных каранёў, то адказ быў пераважна такі: вось, узнікла самастойная Беларусь, будуць патрэбныя перакладчыкі, будуць розныя кантакты, будуць патрэбныя людзі, якія валодаюць беларускай мовай.
І гэта былі такія пераканаўчыя аргументы, якія сведчылі, што моладзь лагічна думае і думае перспектыўна.
Гэта таксама прычынілася да змены нашых навучальных праграм, бо трэба было зразумець, што беларускую мову вывучаем амаль ад літары, ад самага пачатку, ад асноў. Ёсць прыклады такіх выпускнікоў кафедры, якія дасканала валодаюць беларускай мовай, якія цяпер працуюць на кафедры, якія сталі прафесарамі.
Ці таму трэба было таксама памяняць назву кафедры з Кафедры беларускай філалогіі на Кафедру беларусістыкі?
Ніна Баршчэўская: Не абавязкова толькі таму. Думаю, што беларусістыка ахоплівае шырэй. Мы ўвялі заняткі не толькі з галіны тыпова філалагічнай, але і з іншых галін жыцця. Гэта таксама ўпісвалася ў тую плынь, якая існавала. Кафедра ўкраінскай філалогіі мяняла назву на ўкраіністыку.
Карацейшыя назвы, якія ахоплівалі шырэйшы аб’ём. Уводзілі, напрыклад, заняткі з галіны культуры Беларусі. І гэта ўсё, думаю, прычынялася да таго, што моладзь магла шырэй ахопліваць Беларусь, не толькі з пункту гледжання дасягненняў літаратуразнаўчых і мовазнаўчых.
Хаця, несумненна, гэта былі асноўныя напрамкі дзейнасці кафедры.
Маладыя людзі, якія прыходзілі з Польшчы на кафедру, хацелі стаць перакладчыкамі, наладжваць кантакты з Беларуссю, хацелі быць спецыялістамі па Беларусі. Дзейнасць была шматбаковай. А цяпер паездкі ў Беларусь абмежаваныя з вядомых прычын - з-за палітычнай сітуацыі.
Гэта вельмі прыкра, што студэнты, якія валодаюць беларускай мовай, і навуковыя супрацоўнікі, якія ў Польшчы з’яўляюцца амбасадарамі Беларусі, якім залежыць на развіцці Беларусі, не могуць ехаць у тую краіну, якую вывучаюць.
Бо вядома, што ім можа пагражаць. З абсалютна невядомых прычын, зусім беспадстаўна, могуць быць арыштаваныя ці сутыкнуцца з іншымі непрыемнасцямі толькі з-за таго, што размаўляюць па-беларуску. І гэта вельмі сумна і прыкра.
Цяпер не тое што даследчыкі і навукоўцы не могуць падзяліцца вынікамі сваіх даследаванняў з сябрамі з Беларусі, але жорсткасць рэжыму Лукашэнкі давяла да такой сітуацыі, што на кафедры вучацца таксама эмігранты, студэнты, некаторыя былі выключаныя са сваіх ВНУ ў Рэспубліцы Беларусь.
Ніна Баршчэўская: На жаль, гэта праўда. І вельмі сумная праўда, што яны не могуць працягваць вучобу ў Беларусі, толькі мусяць шукаць магчымасці за мяжой.
Кафедра з вялікай прыемнасцю прымае гэтую моладзь, працуе з імі, бо гэта вельмі важная моладзь, вельмі амбітная, якая сапраўды хоча шмат дасягнуць у галіне беларусістыкі і працаваць на карысць сваёй Бацькаўшчыны.
Так што я зычу ім, каб яны здабылі ўсе магчымыя тытулы, якія могуць здабыць у Польшчы. І каб гэтая іх вучоба не была дарэмная, і каб яны маглі працаваць у Беларусі ў будучыні менавіта як беларусазнаўцы, якія атрымалі адукацыю за мяжой, якія маюць іншы досвед, іншы працэс навучання, чым у Беларусі.
І маглі б працягваць будаваць гэтыя добрыя польска-беларускія адносіны, бо хацелася б, каб гэтыя адносіны былі добрыя.
Сітуацыя з беларускай мовай на Беласточчыне — сказаць, што не надта добрая - будзе эўфемізмам. Мала хто ўжо хоча вывучаць беларускую мову ў пачатковых школах ці ў ліцэях. Ці можна яшчэ нешта зрабіць, каб на Кафедры беларусістыкі з’явіліся выпускнікі беларускіх ліцэяў з Беласточчыны?
Ніна Баршчэўская: Кафедра праводзіць Алімпіяду па беларускай мове. Гэта адзіная алімпіяда па мове нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
У гэтай алімпіядзе прымаюць удзел менавіта вучні агульнаадукацыйных ліцэяў у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. Так што, яны добра ведаюць пра існаванне кафедры.
Але, думаю, менавіта адлегласць спрыяе хутчэй таму, што яны ідуць вучыцца ў Беласток. Можа, таксама вырашаюць матэрыяльныя ўмовы, бо вядома, жыццё ў Варшаве заўсёды даражэйшае, чым блізка да сваіх бацькоў, у Беластоку.
Мы стараемся, нам вельмі залежыць на гэтым, і я ведаю, што супрацоўнікі кафедры робяць усё магчымае, каб прыцягнуць як мага больш моладзі, таксама з ліцэяў.
Здавалася б, што калі Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта вядзе гэтую Алімпіяду, працягвае рабіць такую карысную справу для моладзі, то гэта будзе такім імпульсам для моладзі, каб прыйсці да нас вучыцца.
На жаль, гэты аргумент не спрацоўвае.
Гутарыў Яраслаў Іванюк