У 2026 годзе ў Польшчы зафіксавалі ўжо 13 кібератакаў з выкарыстаннем праграмаў-вымагальнікаў на ўстановы аховы здароўя. За ўвесь 2025 год такіх выпадкаў было дзесяць. Пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita са спасылкай на звесткі Цэнтру электроннай аховы здароўя.
Такія атакі прадугледжваюць шыфраванне дадзеных і кампутарных сістэм, а зламыснікі могуць патрабаваць выкуп за аднаўленне доступу. Для лякарняў наступствы могуць быць асабліва небяспечнымі, аднак не ўсе ўстановы маюць дастаткова сродкаў на кібербяспеку.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, пагадненні на лічбавыя інвестыцыі ў межах Нацыянальнага плана аднаўлення на агульную суму каля 3,1 мільярда злотых (прыкладна 720 мільёнаў еўра) заключылі 368 лякарняў. Праекты завяршылі 364 установы, тады як уся польская сетка налічвае 585 лякарняў. Пры гэтым толькі частка фінансавання пайшла непасрэдна на абарону інфармацыйных сістэм.
Пачатковыя інвестыцыі ў кібербясьпеку для лякарні могуць каштаваць ад аднаго да дзесяці мільёнаў злотых (прыкладна 230 тысяч — 2,3 мільёна еўра). Штогадовае абслугоўванне можа складаць не менш за 20% ад гэтай сумы. Дадатковыя выдаткі патрабуюцца на спецыялістаў і пастаянны маніторынг.
Эксперты папярэджваюць, што недахоп сродкаў паглыбляе тэхналагічную няроўнасць паміж лякарнямі.
эж