Беларускі хаб «Новая зямля» ў Беластоку рэалізуе праект, накіраваны на сацыяльную і прафесійную актывізацыю іншаземцаў. Ён разлічаны на шэсць месяцаў і ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы. Пра тое, у чым канкрэтна заключаецца праект і якую дапамогу могуць атрымаць яго ўдзельнікі, распавядае кіраўніца хаба Надзея Салаўёва.
— Ён палягае на аплаце курсаў людзям, якім гэта патрэбна. Гэта могуць быць якія заўгодна курсы. Гэта таксама аплата кансультацый псіхолага, аплата кансультацый юрыста. Маем дамову з адвакацкай агенцыяй. Арганізавалі курсы на трох узроўнях па польскай мове: для пачаткоўцаў, сярэдні і вышэйшы. Туды ўжо, як бы, не патрапіш, бо палова заняткаў прайшла.
А яшчэ такой разынкай, мне падаецца, вельмі класнай, і, падаецца, ніхто гэтага не робіць з фундацыяў тутэйшых, з’яўляецца тое, што мы арганізоўваем культурніцкую інтэграцыю, знаёмства беларусаў і ўкраінцаў з польскай культурай, літаратурай, кіно, спектаклямі.
То бок, мы выбіраем нейкія кінасеансы альбо спектаклі, ходзім, аплочваем квіткі, і ўсе, хто захоча, хто жадае, могуць прыйсці за наш кошт і паглядзець спектакль.
І яшчэ плануем у гэтым месяцы пачаць, можа, у наступным, такія культурныя сустрэчы з нейкімі культурнымі асобамі альбо проста прадстаўнікамі польскіх арганізацый, альбо жыхарамі Беластока, каб яны распавялі нам пра культуру, арганізацыю жыцця, стыль жыцця, мысленне, як адкрываць тут бізнес і як ён дзейнічае. Каб мы маглі трошкі больш ведаць, як думаюць, як прымаюць рашэнні палякі ў розных сферах — культурнай, бізнесовай — тут, у Польшчы і ў Беластоку ў прыватнасці.
— Як зайшоў гэты праект беларускім эмігрантам, беларускай дыяспары?
— Я б сказала, даволі паспяхова. Хоць мы мусім па выніках ахапіць і дапамагчы вялікай колькасці — то бок 300 чалавек, — то станам на зараз маем 150. І кожны знайшоў тут штосьці сваё. Хтосьці запісаўся на курсы польскай мовы, хаця там толькі 30 чалавек маглі ўзяць, узялі трошкі больш. Хтосьці проста дзеля таго, каб пахадзіць на гэтыя культурныя імпрэзы і кіно. Камусьці была патрэбная менавіта легалізацыя і юрыст. Думаю, што дзякуючы гэтаму праекту мы аказалі вялікую дапамогу, неяк палепшылі жыццё, прынамсі на нейкі, можа, невялікі час, але ўсё ж такі для вялікай колькасці людзей.
Размаўляў Яраслаў Іванюк