Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кампанія «Зрабі цішэй» — гэта праект, які дапамагае стварыць асяроддзе, больш прыязнае для людзей

20.10.2026 15:11
Людзі па-рознаму рэагуюць на шум, але яго высокі ўзровень дрэнна ўздзейнічае на ўсіх. 
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/byan

«Якая цішыня!» — калі здараецца нам сказаць такія словы, гэта азначае, як правіла, прыемнае пачуццё — спакою і расслаблення. Цішыня агулам атаясамліваецца з камфортам, станам задаволенасці. І, наадварот, шум можа быць сінонімам хаосу і раздражнёнасці. Сёння пагаворым менавіта пра шум, які суправаджае нас практычна ўсюды. Эксперты нават кажуць пра так званую забруджанасць шумам — калі нам не хапае цішыні, што можа адмоўна ўплываць на самаадчуванне, а нават стан здароўя. 

Асабліва моцна шум перашкаджае асобам з высокім узроўнем адчувальнасці, а таксама нейраатыповым людзям, перш за ўсё з аўтызмам. На гэтую праблему звярнуў увагу польскі фонд «Jim», які шмат гадоў займаецца падтрымкай асоб з аўтызмам або сімптомам дэфіцыту ўвагі. Арганізацыя праводзіць кампанію, у рамках якой заахвочвае вялікія крамы ўвесці час, калі ў памяшканні будзе выключана музыка і яркае святло. Гаворыць прадстаўніца фонду Аляксандра Весалоўска-Сея (Aleksandra Wesołowska-Sieja). 

— Кампанія «Ціхія гадзіны», якая цяпер называецца «Зрабі цішэй» (Ścisz to), — гэта адзін з праектаў, якія дапамагаюць стварыць асяроддзе, больш прыязнае для ўсіх, з улікам патрэб нейраатыповых людзей. Нейраатыпічнасць — гэта шырокае паняцце, якое аб’ядноўвае аўтыстычны спектр і сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ). Гэта розныя станы, звязаныя з асаблівасцямі развіцця нервовай сістэмы. Аўтыстычны спектр найбольш вядомы, але ёсць і іншыя станы, пра якія кажуць радзей. Напрыклад, дыслексія, дысграфія — гэта розныя цяжкасці, звязаныя, між іншым, з чытаннем ці пісаннем; гэта сіндром Турэта. Таму мы гаворым пра нейраатыпічнасць у шырокім сэнсе — не толькі пра аўтызм, але і пра іншыя асаблівасці развіцця нервовай сістэмы.

— Гэтыя людзі асабліва моцна пакутуюць ад празмернай колькасці стымуляцыі, у тым ліку шуму і святла. Але таксама асобы, якія не маюць такіх асаблівасцяў нервовай сістэмы, могуць адчуваць негатыўныя наступствы так званай забруджанасці шумам.

— На кожнага шум уплывае крыху па-рознаму, але ні на аднаго чалавека не ўплывае добра. Дастаткова выйсці на шпацыр і паглядзець навокал, каб заўважыць, колькі людзей выглядаюць знясіленымі, перагружанымі раздражняльнікамі. Гэта відаць нават па выразе твару. Мы жывём у свеце, дзе доступ да інфармацыі практычна неабмежаваны. Нас засыпаюць навінамі, гэта не заўсёды добрыя навіны. Мы чуем пра трагедыі, катастрофы і гэтак далей. Усё гэта літаральна ў нас пад рукой, бо амаль кожны ўвесь час трымае ў руках тэлефон. Таму мы хутка стамляемся. Да таго ж, усюды шумна, шмат святла. Напрыклад, у гандлёвым цэнтры змяняюцца асвятленне і колеры, гучыць музыка, навокал шмат людзей. Мы ўвесь час жывём у напружаным тэмпе, таму ўсе стамляемся і адчуваем перагрузку. Стомленасць і перагружанасць адбіваюцца на псіхічным здароўі. Кожнаму з нас патрэбны час, каб перавесці дыханне, але такіх момантаў у нашым жыцці ўсё менш. А ў людзей з аўтызмам перагрузка можа выклікаць вельмі моцны дыскамфорт — як фізічны, так і псіхічны. Магчымасць спыніцца, адпачыць і пабыць у цішыні патрэбная ўсім. Мы імкнёмся стварыць лепшае асяроддзе для нейраатыповых людзей, але тое, што добра для нейраатыповых, добра для ўсіх.

— Паводле даследчыкаў, каля 15-20% людзей на планеце – гэта асобы з высокім узроўнем адчувальнасці. Гаворка не пра аўтызм, а пра людзей, якія адчуваюць мацней, чым іншыя. Яны таксама павінны часцей бываць у цішыні. Дарэчы, таксама гэта датычыць дзяцей, паколькі ў школах, як правіла, вельмі шумна.

— Так, ёсць людзі з высокай адчувальнасцю, людзі, якія мацней адчуваюць дотык або вастрэй рэагуюць на шум. І яны не абавязкова належаць да нейраатыповых людзей, але могуць быць вельмі адчувальнымі да раздражняльнікаў. Гэта не проста эмацыйная ўражлівасць, а менавіта сэнсарная адчувальнасць. Таму, калі ўлічваць патрэбы кожнага чалавека, каля 90% грамадства адчулі б палёгку, калі б у іх было больш такіх момантаў спакою. Асобная тэма — шум у школах, праз які дзеці вельмі стамляюцца. Безумоўна, варта пра гэта гаварыць. Напрыклад, у нашай школе пры фондзе «Jim» у Лодзі з самага пачатку няма школьных званкоў. Мы лічым, што гэтае рашэнне сапраўды дапамагае падтрымліваць спакой. Усе мы памятаем са школьных часоў, як рэзка гучыць гэты сігнал і як міжволі здрыганешся, пачуўшы яго. Таму адмова ад школьных званкоў — гэта добрае рашэнне.

— Ваш фонд адзначае, што цішыня можа быць важнай патрэбай. Вы збіраеце подпісы пад петыцыяй да бізнесу, каб «гадзіны цішыні» з’явіліся ў большай колькасці крам і іншых грамадскіх месцаў. Што далей будзе адбывацца з гэтым дакументам?

— Безумоўна, мы будзем і далей прасоўваць гэтую ідэю, размаўляць з прадстаўнікамі бізнесу. Гэта не толькі гандаль, але і розныя іншыя ўстановы. У цэлым мы размаўляем з бізнесам, каб стварыць больш камфортнае асяроддзе, зменшыць колькасць раздражняльнікаў, паколькі ўсім нам патрэбны спакой. Варта задумацца пра тое, што можна зрабіць цішэй. Менавіта таму кампанія называецца «Зрабі цішэй». Гэта таксама метафара, бо гаворка не толькі пра тое, каб зрабіць цішэй гук, але і пра тое, каб прыглушыць асвятленне, запаволіць тэмп — увогуле, крыху зменшыць інтэнсіўнасць нашага жыцця. Таму мы будзем размаўляць з прадстаўнікамі бізнесу і розных грамадскіх устаноў, каб яны ўводзілі ў сябе «гадзіны цішыні». Насамрэч такая практыка ўжо існуе. Буйныя гандлёвыя сеткі, якія з намі супрацоўнічаюць, ужо ўвялі такія гадзіны, калі ў крамах робяць цішэй музыку, прыглушаюць асвятленне, адключаюць абвесткі або зводзяць іх да мінімуму. Гэта можна арганізаваць практычна без выдаткаў — патрэбныя толькі добрая воля і жаданне.

Размаўляла Наталля Грышкевіч