Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як польскія медыя расказваюць пра ўцекачоў і мігрантаў

25.10.2026 08:12
Фотарэпарцёр і публіцыст Яцэк Таран, з выдання Tygodnik Powszechny, тлумачыць, як загалоўкі і фатаграфіі ўплываюць на стаўленне грамадства да ўцекачоў.
    ?
Як міграцыя змяняе польскае грамадства?Ілюстрацыя, створаная пры дапамозе ШІ

Уцекачы і мігранты ў польскіх медыя — тэма, у якой факты пераплятаюцца з эмоцыямі і палітыкай. Каго бачыць аўдыторыя за паведамленнямі пра людзей, якія прыязджаюць у Польшчу: пагрозу нацыянальнай бяспецы ці людзей са сваімі гісторыямі, прафесіямі і штодзённымі клопатамі?

Як адказна гаварыць пра міграцыю, пазбягаць стэрэатыпаў і забабонаў, але не замоўчваць складаных пытанняў? Журналіст, фотарэпарцёр і пісьменнік Яцэк Таран, які супрацоўнічае з выданнем Tygodnik Powszechny, тлумачыць, як словы, загалоўкі і фатаграфіі ўплываюць на стаўленне грамадства да ўцекачоў.

Калі за натоўпам не відаць чалавека

Мова паведамлення задае рамку ўспрымання яшчэ да таго, як чытач даведаецца падрабязнасці. Таран звяртае ўвагу на словы, якія ператвараюць розных людзей у безаблічную масу, а іх прыезд — у небяспеку, ад якой нібыта трэба абараняцца.

— Калі мы гаворым пра ўцекачоў, якія вобразы найчасцей прыходзяць нам у галаву? Мы проста бачым натоўп людзей на мяжы — натоўп без твараў, без імёнаў, без прафесій, без звестак пра паходжанне. Бачым групу, якую нам вельмі часта паказваюць як пагрозу. Вельмі часта сустракаем такія словы: «хваля», «наплыў», «лавіна», «штурм», «арда», «ўварванне».

Усе гэтыя паняцці рэгулярна з’яўляюцца ў медыя. Гэта не проста аб’ектыўная, фактычная інфармацыя: такая падача павінна выклікаць у нас пэўныя эмоцыі. Найчасцей — страх, адчуванне пагрозы. Мы бачылі, як часта такую манеру аповеду выкарыстоўвалі, асабліва ў кантэксце крызісу на польска-беларускай мяжы.

Вось канкрэтныя прыклады загалоўкаў: «Орды нелегальных імігрантаў», «Польшчу заліваюць нелегальныя імігранты», «Увага, уцекачы ля варот», «Набліжаецца замежны легіён».

Такі спосаб інфармавання павінен сфарміраваць у чытачоў і гледачоў пэўнае стаўленне да ўцекачоў. Гаворка ўжо не толькі пра страх, але і пра тое, каб выклікаць непрыязнасць. Бо ў арды няма імя, у арды няма сям’і. Арда — гэта нешта, ад чаго мы мусім абараняцца. Вораг ля брам, праўда?

Каго мы бачым у кадры

Падобны эфект ствараюць і фатаграфіі: адзін кадр вылучае вайскоўцаў і зброю, другі дазваляе разгледзець чалавека. На прыкладзе здымкаў з польска-беларускай мяжы і паведамленняў пра ўцекачоў з Украіны журналіст паказвае, наколькі рознай можа быць падача.

— Вядома, падача можа быць і іншай. Хачу звярнуць увагу на гэты здымак. Памятаеце фатаграфію з Уснажа, калі на польска-беларускай мяжы з’явілася тая першая сям’я з Афганістана? Вельмі часта яе паказвалі менавіта ў такім ракурсе: на пярэднім плане — вайскоўцы. Я знайшоў яшчэ некалькі кадраў, на якіх была бачная іх зброя.

З аднаго боку, я ведаю з уласнай практыкі фотарэпарцёра: сілавікі вельмі часта не дазваляюць падысці бліжэй і зняць твар занепакоенага чалавека так, каб нішто яго не засланяла. Не даюць паказаць чалавечае вымярэнне гэтай гісторыі: закрываюць аб’ектывы, камеры, перашкаджаюць здымаць.

Але ёсць і другі бок: людзі, якія фарміруюць гэтую падачу, — рэдактары ў рэдакцыях — таксама часта свядома выбіраюць такія здымкі, такія кадры. Выбіраюць, каб выклікаць у аўдыторыі пэўныя эмоцыі, пэўныя паводзіны.

Гэты падыход змяніўся, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Высветлілася, што пра ўцекачоў можна расказваць інакш. Можна цытаваць іх словы: «Мы ўцякалі ўначы, чуючы выбухі бомбаў», «Мы хочам толькі міру», «Мы пакінулі ўсё, у нас толькі дакументы».

Можна называць імя і прозвішча, напрыклад, Алеся Кашуба, якая прыехала з сынам з Бахмута. Можна паказаць уцекача як чалавека, як некага, падобнага да нас. Таго, хто ўцякае ад страху, хто не пагражае нам, а мае патрэбу ў дапамозе, якую мы маем маральны абавязак аказаць.

Наступныя прыклады фактычна працягваюць гэтую думку. Тут мы бачым супастаўленне двух спосабаў аповеду: «мяжа», «нелегальнасць», «крызіс» — і «вайна», «сям’я», «сусед», «маці», «дзіця». На жаль, мушу дадаць: гэты кантраст, які яшчэ зусім нядаўна быў актуальны, апошнім часам пачынае моцна сцірацца.

Выбар, які робяць рэдакцыі і аўдыторыя

Розніца паміж гэтымі падыходамі не застаецца нязменнай. Паводле Тарана, негатыўная падача пачынае аб’ядноўваць раней розныя паведамленні пра ўцекачоў. Таму адказнасць ляжыць і на журналістах, якія выбіраюць словы і кадры, і на аўдыторыі, якая можа шукаць больш дакладную і правераную інфармацыю.

— Тое супрацьпастаўленне, якое мы бачылі ў медыя пасля 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, цяпер, асабліва ў апошнія месяцы, зліваецца ў адно паведамленне з выразна негатыўнай афарбоўкай.

Мы можам інфармаваць так, каб ствараць адчуванне пагрозы, а можам паказваць імя, сям’ю, дом. І ўсё гэта насамрэч залежыць ад нас, людзей медыя: якую падачу мы выберам, якія эмоцыі захочам выклікаць у аўдыторыі.

Але і самой аўдыторыі вельмі важна ўмець сярод велізарнага патоку розных медыйных фарматаў выбіраць той, які найбольш дакладна і добрасумленна інфармуе.

Я ўжо крыху гаварыў пра ролю журналіста: вельмі важна, каб мы, журналісты, таксама бачылі ва ўцекачы чалавека з уласнай гісторыяй. Чалавека, які пакінуў свой дом, які мае прафесію, імя, сям’ю. Які мае велізарны багаж досведу і гісторый, што можа нам расказаць. Гісторый, якія могуць стаць і для нас каштоўным урокам на будучыню.

Таму насамрэч пытанне такое: хваля ці чалавек, арда ці чалавек, які мае імя? Мне блізкая журналістыка, у якой мы заўсёды стаім на баку чалавека.

 Слухайце аўдыё!

эж

Сацыёлаг: Польшчы бракуе цэласнага бачання міграцыйнай палітыкі 

17.10.2026 08:07
На канец 2025 года тут знаходзіліся каля 2,3 мільёна замежнікаў — амаль на 215 тысяч больш, чым годам раней. Гэта амаль 6% насельніцтва Польшчы.