Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларуская талерантнасць: рэальнасць ці міф? Што паказалі даследаванні лінгвістаў

25.10.2026 12:02
Ці сапраўды беларусы адкрытыя да іншых людзей, іх поглядаў, веравызнання і культурных адрозненняў? Якая яна — беларуская талерантнасць? Гэтае пытанне даследавала прафесар Ядвіга Казлоўская-Дода з Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
Аўдыё
  • Беларуская талерантнасць: рэальнасць ці міф?
  -     -
Прафесар Ядвіга Казлоўская-Дода з Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне Беларуская служба Польскага радыё

Беларусаў часта называюць талерантнай нацыяй. Ды і самі яны нярэдка лічаць талерантнасць адной са сваіх нацыянальных рысаў. Але ці сапраўды беларусы настолькі адкрытыя да іншых людзей, іх поглядаў, веравызнання і культурных адрозненняў? А можа, за ўяўленнем пра беларускую талерантнасць хаваюцца перадусім цярплівасць і звычка прыстасоўвацца да абставін? Адказы на гэтыя пытанні шукала прафесар Ядвіга Казлоўская-Дода з Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.

Даследчыца разглядае талерантнасць не з сацыялагічнага, а з лінгвістычнага пункту гледжання. Яе цікавіць, як беларусы разумеюць само паняцце талерантнасці, якія сэнсы ў яго ўкладаюць і як гэтая каштоўнасць адлюстроўваецца ў беларускай мове, грамадскай свядомасці і тэкстах.

Даследаванне праводзілася ў межах навуковага кірунку, які развівае Люблінская этналінгвістычная школа. Па ініцыятыве прафесара Ежы Бартміньскага навукоўцы пачалі вывучаць назвы каштоўнасцей у розных мовах, каб лепш зразумець, як прадстаўнікі асобных народаў успрымаюць свет і якія сэнсы надаюць важным для грамадства паняццям.

Як даследуюць талерантнасць?

Паводле прафесаркі Ядвігі Казлоўскай-Доды, даследаванне грунтуецца на трох асноўных крыніцах: слоўніках, анкетаванні і аналізе тэкстаў.

— Мы будуем гэтыя дэфініцыі на падставе трох тыпаў дадзеных: слоўнікавых дадзеных, вынікаў анкетавання і беларускіх тэкстаў. Мы даследуем усе магчымыя слоўнікі ў канкрэтнай мове, аналізуем матэрыял, які можам з іх узяць. Анкетаванне звычайна праводзім сярод студэнтаў. Гэта каля ста анкет, часцей за ўсё сярод студэнтаў першых і другіх курсаў. Што да тэкстаў, то аналізуем не менш за трыста кантэкстаў, — тлумачыць даследчыца.

Апытанне беларускіх студэнтаў праводзілася на працягу 2018–2019 навучальнага года ў дзвюх мінскіх вышэйшых навучальных установах — Беларускім дзяржаўным універсітэце і Беларускім політэхнічным універсітэце. Значную дапамогу ў яго арганізацыі аказалі выкладчыцы Надзея Кахновіч, Ірына Буцько і Алена Рудэнка.

Студэнтам прапанавалі адказаць толькі на адно пытанне: «У чым заключаецца сутнасць сапраўднай талерантнасці?»

Атрыманыя адказы дазволілі даследчыцы вылучыць асноўныя элементы разумення гэтага паняцця сярод беларускіх маладых людзей.

— У семантычнае ядро гэтага паняцця ўваходзіць нейтральнае або добрае стаўленне да іншага чалавека. Па-другое, гэта прыманне іншага, нечага, што адрозніваецца ад нас. Па-трэцяе, гэта роўнае трактаванне, стаўленне да іншага чалавека, як да сябе, роўнасць і разуменне. Так адказвалі маладыя людзі, студэнты з Беларусі ў 2019 годзе, — расказвае прафесар.

Такім чынам, у адказах студэнтаў талерантнасць паўстае перадусім як павага да іншага чалавека, прызнанне яго права адрознівацца і гатоўнасць ставіцца да яго як да роўнага.

Талерантнасць — адзін з самых складаных канцэптаў

Ядвіга Казлоўская-Дода ўжо шмат гадоў даследуе каштоўнасці і паняцці, якія адыгрываюць важную ролю ў беларускай моўнай карціне свету. Але талерантнасць, паводле даследчыцы, аказалася значна больш складанай тэмай.

— Я ўжо даследавала «беларускі дом», «беларускую сям'ю» і «беларускае здароўе». Канцэпт талерантнасці — адзін з найскладанейшых, з якімі я сутыкнулася. Ён вельмі шматузроўневы, таму што, акрамя семантычнага напаўнення, гэта значыць адказу на пытанне, чым ёсць талерантнасць, узнікае яшчэ пытанне, хто з'яўляецца суб'ектам і аб'ектам талерантнасці, — адзначае прафесар.

Суб'ектам талерантнасці заўсёды выступае чалавек, які выяўляе пэўнае стаўленне да іншых. А вось аб'екты талерантнасці могуць быць вельмі рознымі.

Гаворка ідзе пра стаўленне да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і рэлігій, людзей з іншым колерам скуры, біялагічнымі асаблівасцямі, сексуальнай арыентацыяй або адрознымі поглядамі.

Асаблівую ўвагу даследчыцы прыцягнула тое, што некаторыя з гэтых катэгорый практычна не прадстаўлены ў беларускіх слоўніках, але выразна прысутнічаюць у адказах маладых людзей.

— Сексуальная арыентацыя ўвогуле не выступае ў беларускіх слоўніках, а ў анкетах яна займае даволі высокае месца. Важнае таксама пытанне, як мы ставімся да поглядаў іншага чалавека, — падкрэслівае Ядвіга Казлоўская-Дода.

Ці сапраўды беларусы талерантныя?

Адным з найбольш цікавых этапаў даследавання стаў аналіз беларускіх тэкстаў і публікацый, у якіх закранаецца тэма талерантнасці.

І менавіта гэты матэрыял, паводле прафесаркі Казлоўскай-Доды, прымусіў крытычна паглядзець на шырока распаўсюджанае ўяўленне пра беларусаў як выключна талерантную нацыю.

— Асноўная маса тэкстаў тут якраз не аптымістычная для беларусаў. Беларусы не абавязкова талерантныя, і выяўляецца гэта ў розных сферах — і ў нацыянальнай, і ў рэлігійнай, — гаворыць даследчыца.

У якасці прыкладаў яна прыводзіць стаўленне да нацыянальных меншасцей, у тым ліку да ромаў і палякаў.

Паводле прафесаркі, у беларускім грамадстве можна сустрэць спрошчаныя ўяўленні пра паходжанне і гісторыю асобных нацыянальных груп.

— Пра палякаў беларусы часта гавораць, што гэта беларусы, якіх спаланізавалі. Ніхто не слухае, як там было, ніхто не хоча пакапацца ў гісторыі і даведацца, як было насамрэч, — адзначае яна.

Праблемы, на думку даследчыцы, існуюць таксама ў сферы рэлігійнай талерантнасці. Сярод прыкладаў яна называе стаўленне да паслядоўнікаў руху Харэ Крышна.

Яшчэ больш складанай тэмай застаецца стаўленне да людзей іншай сексуальнай арыентацыі.

— Сексуальная арыентацыя — гэта ўвогуле асобная тэма. Тут вельмі дрэнна. Таму трэба сказаць, што гэты міф пра талерантнасць беларусаў у вялікай ступені сапраўды міф, — робіць выснову прафесарка Казлоўская-Дода.

Талерантнасць ці звычка цярпець?

Адкуль жа ўзнікла ўяўленне пра беларусаў як талерантную нацыю? І ці не блытаем мы талерантнасць з цярплівасцю, вытрымкай або звычкай мірыцца з тым, што адбываецца вакол?

Ядвіга Казлоўская-Дода лічыць, што тут неабходна размяжоўваць паняцці, якія на першы погляд могуць здавацца вельмі блізкімі.

— Дарэчы, талераваць і талерантнасць, як кажуць сацыёлагі, — гэта не тое самае. Талераваць — гэта больш «цярпець», «прымаць змушана, вымушана». А талерантнасць — гэта права на ўласныя погляды, права на дзеянні і гэтак далей, — тлумачыць прафесар.

На яе думку, асаблівасці гістарычнага і сацыяльнага развіцця беларускага грамадства маглі паўплываць на тое, што цярплівасць стала ўспрымацца як адна з характэрных нацыянальных рыс.

Даследчыца звяртае ўвагу на сялянскае паходжанне значнай часткі беларускага грамадства, цяжкую працу і неабходнасць на працягу многіх пакаленняў прыстасоўвацца да складаных жыццёвых абставін.

— Я думаю, што талерантнасць беларусаў залежыць ад таго, з якіх слаёў насельніцтва яны выйшлі. Сялянства заўсёды цярпела, шмат працавала. Гэта таксама цярпенне. Таму тут больш вытрымкі, менавіта цярпення, а не такой талерантнасці, якую мы ведаем з англамоўных дзяржаў ці ўвогуле з заходніх краін, — разважае прафесарка.

Аднак яна адразу заўважае, што і заходнія грамадствы не пазбаўлены праблем з прыняццем іншасці.

Сапраўдная талерантнасць праяўляецца пры сустрэчы з іншасцю

Прафесарка Казлоўская-Дода падкрэслівае, што чалавеку адносна лёгка лічыць сябе талерантным, калі ён жыве ў звыклым асяроддзі і рэдка сутыкаецца з іншымі культурамі, поглядамі ці спосабамі жыцця.

Сапраўднай праверкай становіцца непасрэдная сустрэча з адрозненнямі.

— Чым больш іншых з'яўляецца ў нашым асяроддзі, тым больш мы выяўляем наш унутраны свет. Таму што, калі мы не маем сутыкнення з нейкай адрознасцю, нам вельмі цяжка сказаць, якія мы насамрэч. Мы можам думаць: мы талерантныя. Ну, хутчэй за ўсё, талерантныя, — адзначае яна.

Але, як тлумачыць даследчыца, сітуацыя можа змяніцца, калі побач з намі апынецца чалавек іншага колеру скуры або калі нашым суседам стане чалавек з адрознымі палітычнымі ці іншымі перакананнямі.

— Калі перад намі стаіць чалавек іншага колеру скуры, калі побач з намі падсяляецца сусед, які мае іншыя погляды — палітычныя ці іншыя, — у нас гэта ўжо выглядае інакш. Калі даходзіць да камунікацыі паміж людзьмі розных нацыянальнасцей, проста людзьмі, якія адрозніваюцца пэўнымі характарыстыкамі, толькі тады яны даведваюцца, на што кожны з іх здольны, — гаворыць прафесарка.

Даследчыца праводзіць паралель паміж паводзінамі чалавека ў экстрэмальных абставінах і яго стаўленнем да іншасці.

— Калі няма іншых, то мы талерантныя, канешне, мы такія прычэсаныя, добрыя. Але калі пачынаюцца адносіны, выпрабаванні, толькі тады чалавек ведае, які ён сапраўды, — падсумоўвае Ядвіга Казлоўская-Дода.

Такім чынам, у разуменні даследчыцы талерантнасць — гэта не толькі пэўная сістэма каштоўнасцей, але і практычная здольнасць прызнаваць права іншага чалавека быць іншым, нават калі яго перакананні або паводзіны не супадаюць з нашымі ўласнымі.

Навошта вывучаць каштоўнасці розных народаў?

Вынікі даследавання канцэпту беларускай талерантнасці ўвайшлі ў шырэйшы міжнародны навуковы праект — «Аксіялагічны лексікон славян і іх суседзяў».

Яго задача заключаецца не толькі ў апісанні значэнняў асобных слоў, але і ў вывучэнні таго, як розныя народы разумеюць фундаментальныя каштоўнасці.

Адно і тое ж паняцце можа мець розныя сэнсавыя адценні ў розных мовах і культурах. Таму тое, што здаецца відавочным прадстаўніку аднаго народа, не заўсёды будзе такім жа зразумелым для яго суседа.

Менавіта гэтая розніца і цікавіць даследчыкаў Люблінскай этналінгвістычнай школы.

— Мэта даследавання назваў каштоўнасцей у тым, каб мы іх зразумелі, каб мы не казалі некаму: «Не, ты не так разумееш гэтую каштоўнасць». Каб мы пачулі, як гэтая каштоўнасць функцыянуе ў нейкай мове, і каб навучыліся разумець нашых суседзяў, — тлумачыць прафесарка Казлоўская-Дода.

— Галоўная мэта — палепшыць узаемаразуменне людзей у нашым рэгіёне, — падкрэслівае даследчыца.

Прафесар Ядвіга Казлоўская-Дода з Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне прадставіла сваё даследаванне на навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская