Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мікалай Дзядок: Сістэма вельмі шмат робіць, каб пасеяць недавер

26.10.2026 17:00
Прэзентацыя чарговай кнігі Мікалая Дзядка “Тэхналогіі контррэвалюцый” адбылася 25 кастрычніка ў Варшаве. Чаму гэта кніга вартая для прачытання?
Аўдыё
  • Мікалай Дзядок тлумачыць, каму і чаму варта прачытаць яго новую кнігу.
     . 25  2026 .
Мікалай Дзядок на прэзентацыі сваёй кнігі. 25 кастрычніка 2026 года.Беларуская служба Польскага Радыё

Калі першыя кнігі рыхтуюць людзей да зняволення. То гэта кніга рыхтуе беларусаў да будучых сутыкненняў з сістэмай, — лічыць экс-палітвязень і актывіст Мікалай Дзядок.

— Чаму мне было важна напісаць гэту кнігу. Справа ў тым, што ў 2020 годзе ў палітыку прыйшлі масы людзей, якія раней не тое, што не ўдзельнічалі ў палітычным актывізме, а нават не мелі найменшага уяўлення, што такое палітычны працэс, што такое ўлада, што такое дзяржава і ўвогуле, у якой краіне яны жывуць. І яны сутыкнуліся з такім інструментарыем ціску, з такім інструментарыем контррэвалюцыі, якія да іх прымяніла дзяржава, што яны былі вельмі дэмаралізаваныя і дэзарыентаваныя.

У 2020 годзе мы назіралі двубой прафесіяналаў і аматараў. Хоць гэтыя сотні тысяч людзей, што выходзілі на пратэсты, мелі колькасную і маральную перавагу, але яны былі аматарамі ў справе барацьбы і ўсяго таго, што тычыцца палітыкі. Тая сістэма, якая ім супрацьстаяла была прафесійнай. А вынік супрацьстаяння аматара і прафесіянала быў прадказальны.

У кнізе я падрабязна прааналізаваў, пералічыў і класіфікаваў усе тыя метады, якімі дзяржава змагаецца з самаарганізацыяй, пратэстам і грамадзянскай супольнасцю. І лічу, што для ўсіх людзей, якія плануюць прыняць удзел у баях за будучыню Беларусі, баях палітычных ды інфармацыйных, гэта кніга будзе карыснай. Бо, калі ты ведаеш ворага, ён становіцца менш небяспечным.

Што самае галоўнае робіць беларускі рэжым, каб забяспечыць сваё існаванне? Можаш назваць, скажам, тры пункты, на якіх усё трымаецца.

— Дэмаралізацыя, траўматызацыя і ізаляцыя. Гэта значыць, ізаляцыя асабліва актыўных людзей — лідараў — у турмах. Траўматызацыя, як фізічная, так і псіхалагічная, каб удзельнікі пратэстаў больш у іх не ўдзельнічалі. І самае важнае, напэўна, дэмаралізацыя.

Дэмаралізацыю і траўматызацыю я б аб’яднам пад такім вызначэннем, як разбурэнне даверу. Даверу між супольнасцямі, між асобнымі людзьмі ў дэмакратычным руху, паміж кіраўніцтвам інстытуцый і шэраговымі ўдзельнікамі. Гэта больш небяспечная рэч, чым фізічны гвалт. Бо траўма недаверу не зажывае гадамі і дзесяцігоддзямі. Яна разбурае грамадзянскую супольнасць, робіць яе несалідарнай.

І менавіта таму сістэма вельмі шмат робіць для таго, каб пасеяць недавер у грамадстве. На гэта яна працуе ўвесь час.

Што ж мы можам зрабіць, каб супрацьстаяць тэхналогіям контррэвалюцый? Мікалай Дзядок называе самае галоўнае.

Што гэта? Слухайце ў нашым аўдыё.

Аксана Колб