Беларусы ўсё яшчэ спрачаюцца, каго з гістарычных дзеячаў лічыць сваімі, пакуль суседнія народы ўпэўнена ўключаюць іх у свае нацыянальныя пантэоны. Пераасэнсаванню гістарычнай спадчыны таксама не спрыяе неакаланіяльнай прарасійская палітыка памяці рэжыму ў Беларусі.
Беларускі гісторык Сяргей Марозаў прапануе пачаць з іншага: прызнаць шырокае кола заўважных гсітрачынх дзеячаў часткай беларускай гісторыі, а пасля ацэньваць іхныя ўчынкі і спадчыну. Бо пошук бездакорных герояў з адназначнай нацыянальнай прыналежнасцю можа пакінуць Беларусь без значнай часткі ўласнага мінулага.
«Я лічу, што нацыянальны пантэон Беларусі яшчэ не сфармаваўся, бо ёсць дзве плыні. Адна скіраваная на Расію, а другая — на нацыянальныя беларускія інтарэсы. Гэтыя пантэоны хоць часткова і перасякаюцца, але не тоесныя адзін аднаму. Таму казаць, што ў нас ёсць нейкі пантэон, які можна падаць спісам, нельга», — тлумачыць Марозаў.
Праблема не толькі ў адсутнасці агульнага спісу. Важней, з якога пункту гледжання беларусы ацэньваюць мінулае. Менавіта тут, паводле Марозава, праходзіць мяжа паміж каланіяльным мысленнем і самастойным асэнсаваннем сваёй гісторыі.
«Каланізацыя — гэта калі беларус глядзіць на сваю гісторыю з пункту гледжання не Беларусі, а той дзяржавы, якая з’яўляецца метраполіяй. Дэкаланізацыя — гэта калі здымаюцца гэтыя прызмы, гэтыя акуляры, праз якія глядзелі, і беларус пачынае глядзець на сваю гісторыю з пункту гледжання Беларусі і людзей, якія працавалі ў Беларусі».
Поўнасцю адмовіцца ад вынікаў гэтага пераасэнсавання не атрымліваецца нават у цяперашніх уладаў Беларусі. Яны працягваюць звяртацца да гістарычных постацяў, якія вярнуліся ў публічную прастору на хвалі дэкаланізацыі ў 1990-я і 2000-я гады. Марозаў адзначае: цалкам выкрасліць гэтых дзеячаў не ўдаецца. Пры гэтым даследчык не бярэцца адназначна тлумачыць прычыны захавання ці змены канкрэтных постацяў у афіцыйным пантэоне: інфармацыі пра матывы такіх рашэнняў няма.
Для будучага нацыянальнага прымірэння спатрэбіцца шырэйшая размова — пра агульнае разуменне гісторыі і людзей, якія працавалі на карысць Беларусі. Аднак пачынаць яе з праверкі герояў на адпаведнасць сённяшнім нацыянальным межам даследчык лічыць памылкай.
«Калі мы будзем аддаваць гістарычных дзеячаў альбо адмаўляцца ад іх на падставе таго, што яны іншай нацыянальнасці, нарадзіліся ў іншай краіне альбо скончылі сваю дзейнасць у іншай краіне, і казаць, што яны не нашы, то што тады ў беларусаў застанецца? Улічваючы, што нашы суседзі таксама хочуць хутчэй узяць да сябе нейкіх дзеячаў, чым аддаць», — перакананы гісторык.
Прызнаць чалавека часткай сваёй гісторыі — не значыць апраўдаць кожны ягоны ўчынак. Вакол асветніцкай спадчыны Францыска Скарыны дамовіцца будзе прасцей, вакол Канстанціна Астрожскага — складаней. Але супярэчнасці павінны стаць прадметам абмеркавання, а не падставай для адмовы ад спадчыны.
«З майго пункту гледжання, будзе прасцей усіх сабраць, а пасля ўжо дзяліць на добрых і злых, чым зараз спрабаваць зразумець, хто з іх наш, а хто не наш, але дназанчна ў беларускім нацыянальным пантэоне няма месца Аляксандру Неўскаму, Аляксандру Сувораву, Пятру І ды ім падобным», — падсумоўвае Марозаў.
Слухайце аўдыё!
эж