Адзін з найбольш дарагіх і люксавых гатэляў Варшавы адзначыў 125-гадовы юбілей. У ім без перапынку столькі ж гадоў працуе Cafe Bristol, паведамляе партал Property Design.
Сімвал Варшавы, пяцізоркавы гатэль і адзін з самых элегантных будынкаў-сімвалаў сталіцы, гатэль Bristol быў адкрыты 125 гадоў таму. Адначасова з адкрыццём гатэля пачала працу і кавярня.
Заснавальнікам і інвестарам гэтага раскошнага гатэля, натхнёнага англійскай элегантнасцю, быў Ігнацы Ян Падэрэўскі — вядомы польскі піяніст, пазней — прэм’ер-міністр Польшчы. Гасцініцу называлі «вялікай лэдзі сталіцы». Bristol быў сведкам значных гістарычных і культурных падзей. Да Другой сусветнай вайны ў ім, сярод іншых, спыняліся спявак Энрыка Каруза, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Марыя Складоўская-Кюры, палітык Герберт Гувер, які пазней стаў прэзідэнтам ЗША, і вядомы польскі тэнар Ян Кяпура, які правёў легендарны канцэрт для гледачоў з балкона гатэлю.
Пасля Другой сусветнай вайны гасцініца, якая перайшла пад дзяржаўнае кіраванне, паступова траціла свае пазіцыі. Толькі ў 1990-х гадах Bristol быў адрамантаваны і зноў прыняў багатых гасцей у 1993 годзе. Цырымонію пераразання стужкі правяла былая прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр.
У наступныя гады ў гатэлі спыняліся, у прыватнасці, каралева Лізавета II, Пабла Пікаса (які, дарэчы, падпісаў талерку ў кавярні Bristol), актрысы Марлен Дзітрых і Сафі Ларэн, музыканты з Depeche Mode і Rolling Stones, а таксама рэжысёры Вудзі Ален і Марцін Скарсэзэ. Сёння гэтымі імёнамі можна палюбавацца на Сцяне славы — мастацкай інсталяцыі, прысвечанай самым выбітным гасцям гатэля.
вс