У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску супрацоўнікі НКУС расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі вядомыя паэты, пісьменнікі, навукоўцы і грамадскія дзеячы. Гэтая дата ўвайшла ў беларускую гісторыю як «Ноч расстраляных паэтаў».
У Варшаве памяць ахвяр сталінскага тэрору ўшанавалі ў розных месцах. Адной з падзей стаў спектакль беларускай Батлейкі «Жоўты пясочак». Падчас вечара таксама прагучалі вершы расстраляных у 1937 годзе Алеся Дудара і Міхася Чарота, а таксама творы сучасных беларускіх паэтаў Стаса Бутрына і Максіма Знака.
«Пасля 2020 года мы пачалі чытаць Быкава па-новаму»
Спектакль «Жоўты пясочак» быў упершыню прадстаўлены калектывам батлейкі два гады таму, таксама ў гадавіну Ночы расстраляных паэтаў. Аднак пасля падзей 2020 года твор Васіля Быкава набыў для яго ўдзельнікаў асаблівае значэнне.
Адзін з акцёраў пастаноўкі Зміцер Хведарук прызнаецца, што ўпершыню прачытаў апавяданне яшчэ падлеткам. Тады ён не мог зразумець, чаму людзі, якіх везлі на расстрэл, не спрабавалі супраціўляцца.
— Калі я ўпершыню прачытаў «Жоўты пясочак», я ніяк не мог зразумець, чаму людзі, якія апынуліся ў машыне, што везла іх на расстрэл, не паўсталі супраць аднаго чалавека з пісталетам. Іх жа было больш. Але калі ты бачыш людзей, сапраўды зламаных турмой, зняволеннем, збіццём, пагрозамі іх сем'ям, пачынаеш разумець, што ў гэтай гісторыі значна больш складаных момантаў, чым здавалася ў падлеткавым узросце, — гаворыць Зміцер Хведарук.
Паводле акцёра Арцёма Бабоўнікава, Быкаў паказвае не толькі трагедыю ахвяр, але і ўнутраную супярэчлівасць самой рэпрэсіўнай сістэмы. Сярод герояў апавядання ёсць і тыя, хто раней служыў у НКУС і сам удзельнічаў у пераследзе людзей.
— Кат забівае ката. Чытач хоча спачуваць усім, хто знаходзіцца ў машыне, гэта натуральная чалавечая рэакцыя. Але Быкаў паказвае, што не ўсё так проста. Сістэма настолькі крыважэрная, што пачынае перамолваць нават тых, хто ёй верна служыў, — адзначае ўдзельнік спектакля.
Акцёр Арцём Бабоўнікаў дае інтэрв'ю Беларускай службе Польскага радыё
Стваральнікі пастаноўкі не хаваюць, што гісторыя сталінскага тэрору выклікае асацыяцыі з сённяшняй Беларуссю.
— Безумоўна, мы праводзім паралелі. Таму ў спектаклі выкарыстоўваюцца песні сучасных беларускіх музыкаў і вершы беларускіх паэтаў, напісаныя пра падзеі сённяшняга дня альбо пяцігадовай даўніны, — тлумачыць акцёр.
«Гэты твор Быкава падаўся мне надзвычай актуальным»
Рэжысёрка спектакля Ганна Апановіч расказвае, што ідэя пастаноўкі ўзнікла пасля таго, як яна па-новаму паглядзела на апавяданне Васіля Быкава. На фоне сучасных падзей у Беларусі гісторыя людзей, якія апынуліся перад тварам рэпрэсіўнай сістэмы, падалася ёй асабліва блізкай і актуальнай.
Рэжысёрка Ганна Апановіч
— Калі я прачытала «Жоўты пясочак», мне падалося, што гэты твор надзвычай сугучны нашаму часу. Тады і ўзнікла ідэя зрабіць батлейку не для дзяцей, а для дарослых. Хацелася праз тэатр лялек расказаць сур'ёзную і трагічную гісторыю, якая прымушае задумацца не толькі пра мінулае, але і пра тое, што адбываецца сёння, — тлумачыць Ганна Апановіч.
Праца над спектаклем працягвалася некалькі месяцаў. Спачатку неабходна было адаптаваць літаратурны твор для сцэны і падрыхтаваць сцэнарый, а затым стварыць лялек — фігуркі герояў, якія сталі галоўнымі дзеючымі асобамі батлейкі.
«Жоўты пясочак» мае асаблівае месца ў рэпертуары беларускай батлейкі. Пастаноўку паказваюць толькі раз на год — 29 кастрычніка, у Ноч расстраляных паэтаў.
Аднак, як падкрэслівае Ганна Апановіч, стваральнікі спектакля гатовыя прадставіць яго і шырэйшай аўдыторыі.
— Пакуль мы паказваем «Жоўты пясочак» раз на год, менавіта ў Ноч расстраляных паэтаў. Але калі нас запросяць у іншае месца, мы з задавальненнем прыедзем і пакажам спектакль, — адзначае рэжысёрка.
«Гэта наша беларуская пустэча»
Асаблівую ролю ў спектаклі адыгрывае музыка. Музычнае афармленне падрыхтаваў Павaл Шэйбак, які выкарыстаў незвычайную гукавую асацыяцыю — так званы спяваючы пясок.
— Ёсць такі цікавы фізічны феномен: калі пясок у пустыні пачынае сыпацца, ён можа выдаваць гук. Гэты гук танальны, музычны, крыху падобны да завірухі. Мне спадабалася ідэя выкарыстаць яго ў «Жоўтым пясочку», каб паказаць, што была не адна такая яма, у якую сыпаўся жоўты пясочак. Насамрэч іх было шмат. Гэта наша беларуская пустэча, — расказвае Павал Шэйбак.
На думку музыканта, памяць пра рэпрэсіі — гэта не толькі гісторыя мінулага, але і частка сучаснай беларускай рэчаіснасці.
— Гэтая рана, нанесеная нам, беларусам, ужо існуе. З ёю трэба лічыцца. Нельга пра гэта забывацца. Трэба шанаваць памерлых і памятаць іх, — падкрэслівае ён.
Месца, дзе беларусы знайшлі сваю супольнасць
Спектакль адбыўся на вуліцы Пулаўскай, 114, у варшаўскім раёне Макотаў. Тут знаходзіцца пратэстанцкая хрысціянская супольнасць, якая пасля хвалі беларускай эміграцыі стала месцам сустрэч, творчасці і ўзаемнай падтрымкі.
Пра тое, як узнікла гэтая прастора, расказала адна з удзельніц беларускіх праектаў Марыя Вайтовіч.
— Увосень 2021 года беларусы пачалі прыязджаць сюды, у Варшаву, і мы выпадкова трапілі ў гэтую царкву на Пулаўскай, 114. Людзі былі вельмі адкрытыя да нас. Мы былі аднымі з першых беларусаў, якія сюды прыйшлі. Нас увесь час пыталіся: «Чым мы можам вам дапамагчы?» А мы адказвалі: «Нам патрэбнае месца, прастора», — успамінае Марыя Вайтовіч.
Паводле яе, менавіта тут паступова пачалі ўзнікаць беларускія культурныя ініцыятывы.
— Нам далі магчымасць тут сустракацца. У 2022 годзе спачатку арганізаваўся хор, потым тэатр лялек — батлейка, затым творчая прастора для дзяцей і дарослых. Тут таксама сустракаюцца на малітву беларускія хрысціяне, — расказвае яна.
Так месца, якое першапачаткова стала прытулкам для людзей, вымушаных пакінуць радзіму, ператварылася ў асяродак беларускай культуры ў польскай сталіцы.
Спектакль «Жоўты пясочак» паставіла рэжысёрка Ганна Апановіч. Музычнае афармленне стварыў Павал Шэйбак, спявала Аліна Мінкова.
Стваральнікі беларускай батлейкі працягваюць сваю дзейнасць і ўжо рыхтуюць наступную сустрэчу — каляднае мерапрыемства для дзяцей і беларускіх сем'яў Варшавы.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская