Змяненне клімату азначае, што нам усё часцей даводзіцца спраўляцца з працяглымі перыядамі без дажджу і высокімі тэмпературамі. З іншага боку, раптоўныя ліўні таксама з'яўляюцца распаўсюджанай зʼявай. У вегетацыйны перыяд выпарэнне перавышае ападкі, што стварае праблему, бо менавіта тады вада найбольш патрэбная.
І тут менавіта лясы могуць адыграць вырашальную ролю. Вядома, лес не спыніць кожную паводку, а водна-балотныя ўгоддзі не вырашаць праблемы засухі, але добра функцыянуючая экасістэма дапамагае змякчыць гэтыя змены.
Лясы выступаюць у якасці натуральнай ахоўнай сістэмы. Кроны дрэў забяспечваюць цень, выпарэнне з лісця дапамагае знізіць тэмпературу, а лясная падсцілка і глеба паглынаюць ваду і запавольваюць яе сцёк. Важна адзначыць, што не ўсе лясы ўтрымліваюць ваду ў аднолькавай ступені. Шмат што залежыць ад віду дрэў і іншых раслін, тыпу і структуры глебы, а таксама рэльефу.
Структура і стан лесу адыгрываюць істотную ролю, бо здаровы лес значна лепш спраўляецца з усімі неспрыяльнымі фактарамі, чым лес, які пакутуе ад засухі, гаворыць Пётр Добаш з Каардынацыйнага цэнтра экалагічных праектаў «Дзяржаўных лясоў».
— Каардынацыйны цэнтр экалагічных праектаў быў адным з піянераў маштабных і дробных праектаў па ўтрыманні вады. За гады працы мы рэалізавалі праекты, звязаныя з будаўніцтвам невялікіх вадасховішчаў, шлюзаў і іншых плацін, якія дапамагалі ўтрымліваць ваду або запавольваць сцёк. Мы сканцэнтраваліся ў першую чаргу на прыродных рашэннях, такіх як выкарыстанне прыродных матэрыялаў, выкарыстанне і падтрымка прыродных працэсаў, а таксама захаванне пераваг, якія яны прыносяць экасістэмам. Ахова ўнікальных экасістэм водна-балотных угоддзяў нядаўна стала для нас прыярытэтам. З шырокага пункту гледжання: балоты, вільготныя лугі, поймы і водна-балотныя лясы — гэта адны з самых біялагічна разнастайных асяроддзяў. Яны зʼяўляюцца домам для многіх рэдкіх відаў раслін, амфібій, рэптылій і беспазваночных. У той жа час яны адыгрываюць вырашальную ролю ў кругавароце вады і ў захоўванні вуглякіслага газу. Таму ў праектах такога тыпу вельмі важна супрацоўнічаць з навуковай супольнасцю, у прыватнасці супраца адбываецца пры нагодзе трэцяга выпуску праекта па ўтрыманні вады на малых нізінах, які ўжо рэалізуецца, і праектам «Лясы для водна-балотных угоддзяў».
Каардынацыйны цэнтр экалагічных праектаў супрацоўнічае з навукоўцамі з Цэнтра аховы водна-балотных угоддзяў Познаньскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук, з Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані, Варшаўскага ўніверсітэта і Галоўнай школай сельскай гаспадаркі. Іх веды спалучаюцца з вопытам леснікоў, каб выбраць рашэнні, прыдатныя для канкрэтнай тэрыторыі.
Пётр Добаш тлумачыць, што паводка сама па сабе не азначае аднаўленне функцыянальнасці асяроддзя пражывання.
— Напрыклад, нельга затапіць тарфянік, бо тарфянік, а дакладней, расліны, якія яго ўтвараюць, асабліва тарфяны мох, маюць патрэбу ў вадзе прыкладна на дзесяць сантыметраў ніжэй за паверхню балота. Тое ж самае тычыцца і пойменных лясоў. У залежнасці ад тыпу, ім патрэбныя толькі часовыя паводкі. Іншым відам патрэбныя больш перыядычныя паводкі, гэта значыць, вясной у нас шмат вады, але з часам яна памяншаецца. Яшчэ адна праблема, якая з усяго гэтага вынікае, — гэта рызыка пажараў у польскіх лясах. З усіх краін Еўрапейскага Саюза мы займаем трэцяе месца па колькасці лясных пажараў. Праўда, большасць гэтых пажараў маюць антрапагеннае паходжанне, то бок гэта віна чалавека, але паколькі лясы становяцца ўсё больш сухімі і пакутуюць ад таго, што адбываецца, яны больш схільныя да пажараў.
І ўжо больш за дзесяць гадоў «Дзяржаўныя лясы» супрацьстаяць гэтай зʼяве дзякуючы праекту пажарнай аховы. Гаворка ідзе пра будаўніцтва пажарных пастоў, сістэм хуткага выяўлення пажараў. Бліжэйшым часам сістэма хуткага выяўлення пажарнай небяспекі будзе ахопліваць плошчу, параўнальную з плошчай Ніжнесілезскага ваяводства. Калі казаць пра лясы, то гэта сапраўды вельмі вялікая тэрыторыя.
Мы пацікавіліся ў эксперта, ці ёсць яшчэ магчымасці павялічваць лясную плошчу ў Польшчы. Згодна з Законам аб лясах, «Дзяржаўныя лясы» павінны гэта рабіць. Новы лес узнікае, калі з'яўляюцца землі, пераважна гэта сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія былі выключаныя з выкарыстання. І хоць такія выпадкі здараюцца, то гэта не вялікія па сваёй плошчы ўчасткі.
З 1990-х гадоў Польшча імкнецца да павелічэння плошчы лясоў да 30% ад агульнай плошчы краіны, што зʼяўляецца сярэднім еўрапейскім паказчыкам для ЕС. У 1994 годзе лясы займалі 27%, а цяпер іх плошча перавысіла 29%.
ав
слухайце аўдыё