Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Хакеры атакавалі супермаркеты ў Еўропе. Праблемы і ў польскім Auchan

03.11.2026 06:59
Хакерскія атакі паралізавалі працу халадзільнага абсталявання ў супермаркетах некалькіх еўрапейскіх краін.
Хакеры атакавалі супермаркеты ў ЕўропеREPORT / X:@Pretium / Shutterstock

Падобныя праблемы ўзніклі і ў Польшчы, у адной з крамаў сеткі Auchan. Пра гэта піша «Rzeczpospolita» са спасылкай на брытанскую газету «The Guardian».

У панядзелак пра збоі ў працы халадзільнікаў і маразільнікаў паведамілі гандлёвыя сеткі Бельгіі, Эстоніі, Ірландыі, Фінляндыі, Люксембурга, Нідэрландаў і Швецыі. У некаторых крамах тэмпература ў халадзільным абсталяванні ўначы паднялася ажно да 50 градусаў Цэльсія. Некалькі кампаній пацвердзілі, што сталі ахвярамі кібератакі.

У Швецыі хакеры атакавалі крамы сетак ICA і COOP. У адным з супермаркетаў ICA у горадзе Шэбу тэмпература ў халадзільніках была ўсталяваная на ўзроўні 50 градусаў. У Стакгольме ў выніку начной кібератакі сапсаваліся ўсе прадукты, якія захоўваліся ў маразільніках.

У Ірландыі праблемы закранулі 13 супермаркетаў сеткі SuperValu. Пра аварыі ў дзясятках крамаў паведамлялі таксама гандловыя сеткі ў Бельгіі і Люксембургу.

Як нагадвае «Rzeczpospolita», падобная атака адбылася ў мінулым месяцы ў Францыі. Тады хакеры атрымалі кантроль над халадзільнымі сістэмамі прыкладна 700 супермаркетаў. Гэта прывяло да пажараў і масавага псавання прадуктаў. Страты ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў еўра.

Праблемы з халадзільным абсталяваннем зафіксаваныя таксама ў Польшчы. У супермаркеце Auchan у Ольштыне раніцай перасталі працаваць халадзільнікі і маразільнікі. У сацыяльных сетках з'явілася відэа з выключаным і апустошаным абсталяваннем. Супрацоўнікі крамы пацвердзілі аварыю, аднак яе прычына пакуль невядомая.

Такім чынам, пакуль няма пацверджання, што збой у польскім Auchan таксама быў выкліканы хакерскай атакай, — адзначае «Rzeczpospolita».

яс