Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Выехаць з краіны, але застацца з Беларуссю. Як грамадскія арганізацыі працуюць у эміграцыі

03.11.2026 09:24
Пра тое, як грамадскі сектар асвойваецца ў новых умовах расказала Вольга Алейнікава, дырэктарка сакратарыята Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
Аўдыё
  • Выехаць з краіны, але застацца з Беларуссю. Як грамадскія арганізацыі працуюць у эміграцыі
-   , , 29  2026 .
Польска-беларускі форум грамадзянскай супольнасці, Варшава, 29 кастрычніка 2026 г. Фота: Беларуская служба Польскага радё

Для некаторых донараў само спалучэнне «беларуская арганізацыя не ў Беларусі» патрабуе тлумачэнняў. Для беларускіх ініцыятыў гэта штодзённая рэальнасць: працаваць у іншай краіне, шукаць падтрымку і захоўваць сувязь з людзьмі на радзіме. Вымушаны пераезд дапамог працягнуць дзейнасць, пазбягаючы крымінальнага пераследу, але прынёс пытанні, на якія раней не даводзілася адказваць.

Пра тое, як грамадскі сектар асвойваецца ў новых умовах, у размове з Беларускай службай Польскага радыё расказала Вольга Алейнікава, дырэктарка сакратарыята Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Працаваць у гэтых умовах дапамагае аб’яднанне высілкаў. Беларуская нацыянальная платформа гуртуе каля 65 арганізацый, якія бачаць будучыню Беларусі ў Еўрасаюзе: ад мясцовых ініцыятыў да прафесійных і праваабарончых аб’яднанняў; ладзіць навучанне, развівае супрацоўніцтва і прадстаўляе інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў працы з Еўракамісіяй.

— У нас вельмі шырокі спектр працы: гэта як маленькія ініцыятывы, так і сеткі кшталту Беларускай асацыяцыі журналістаў, ПЭН-цэнтра, праваабарончых арганізацый. Ёсць падзел на пяць працоўных груп, і арганізацыі выбіраюць сваю тэматыку ды могуць працаваць больш прадметна праз гэтыя групы,  —  распавяла дзяячка. 

Аднак назапашаны досвед не здымае ўсіх цяжкасцяў адаптацыі. У Польшчы трэба асвойваць іншыя правілы працы і выбудоўваць новыя партнёрствы. Магчымасць пазнаёміцца з польскімі калегамі і абмеркаваць агульныя задачы дае, у прыватнасці, Польска-беларускі форум грамадзянскай супольнасці.

— Мы бачым з’яўленне новых ініцыятыў у розных гарадах, і ім патрэбныя кансультацыі ды розная дапамога. Таму такія ініцыятывы, як сённяшняя, дапамагаюць гэтаму працэсу. Мы таксама заклікаем звяртацца да нас і будзем спрабаваць аказваць тую дапамогу, якая ў нашых сілах.

Падтрымку можна атрымаць і праз адукацыйную платформу Learn for Belarus: там ёсць курсы пра пераадоленне крызісаў і псіхалагічныя аспекты працы ў складаных умовах. Сама платформа таксама кансультуе арганізацыі па бяспецы. Бо патрэба ў новых людзях і партнёрах патрабуе ўважлівасці: не кожны, хто прапануе супрацоўніцтва, з'яўляецца тым, за каго сябе выдае.

— Калі невялікія ініцыятывы пачынаюць сваю дзейнасць, важна быць упэўненымі ў сваіх сябрах, у сваіх партнёрах, наколькі гэта магчыма, каб не трапляць у непрыемнасці, — падкрэслівае Алейнікава.

Слухайце аўдыё!

эж