Учора (3 лістапада) для аховы мяжы з Расіяй на поўначы Польшчы былі накіраваны дадатковыя сілы, у тым ліку спецыяльныя падраздзяленні Войска Польскага. Гэта звязана з выяўленнем групы асоб, якія спрабавалі перасекчы мяжу ў ноч з панядзелка на аўторак. Прэм’ер Польшчы кажа, што гэта пытанне найвышэйшай нацыянальнай важнасці.
Праз некалькі гадзін пасля таго, як стала вядома аб накіраванні адмысловых сіл да мяжы з Калінінградскай вобласцю, Польскаму радыё неафіцыйна стала вядома, што там з’явіліся ўдзельнікі групоўкі «Чорныя Русы».
Як высветліў рэпарцёр Польскага радыё Павал Паўліца, у расійскую вобласць была накіравана нефармальная група, сфарміраваная расійскімі і беларускімі службамі, вядомая як «Чорныя Русы», якая адказная за кастрычніцкія дыверсіі каля мяжы з Латвіяй.
Паведамлялася, што на пачатку кастрычніка ўзброеныя людзі ў масках дапамаглі прыблізна 20 мігрантам перасекчы тэрыторыю з Беларусі ў Латвію. Паводле звестак латвійскіх службаў, яны пагражалі салдатам, пашкодзілі электрычную скрынку і скралі камеры. Пасля інцыдэнту ў Латвіі на каналах паўваеннай групоўкі «Чорныя Русы» з'явіліся пагрозы новых дзеянняў супраць краін НАТА.
Учора (3 лістапада) прэмʼер-міністр Дональд Туск абвясціў, што для аховы мяжы з Расіяй на поўначы Польшчы былі накіраваны дадатковыя сілы, у тым ліку спецыяльныя падраздзяленні Войска Польскага. Гэта звязана з выяўленнем групы асоб, якія спрабавалі перасекчы мяжу ў ноч з панядзелка на аўторак. Прэмʼер-міністр Дональд Туск адзначыў, што польскія і саюзныя службы раней папярэджвалі аб магчымых правакацыях з боку Расійскай Федэрацыі ў рэгіёне.
— Нам удалося прадухіліць любыя спробы правакацый, калі такія планаваліся. Вядома, мы ніколі не зможам гэтага цалкам пацвердзіць. Аднак, паводле ацэнкі Памежнай службы, сітуацыя патрабавала поўнай мабілізацыі і кантролю на месцы. Эскалацыя з боку Расіі можа працягвацца. Мы павінны заставацца вельмі сканцэнтраванымі і мабілізаванымі, каб прадухіліць любыя патэнцыйныя акты сабатажу або правакацыі не толькі на мяжы, але і ўнутры краіны. Тым больш, што палітычная сітуацыя сёння даволі напружаная, і тут мы таксама бачым актыўнасць Расіі і прарасійскіх палітыкаў як ва ўсім свеце, так і, на жаль, таксама ў Польшчы. Гэта пытанне найвышэйшай нацыянальнай важнасці. Мы ўсе ведаем пра крытычныя тыдні і месяцы, якія чакаюць Еўропу, Польшчу і Украіну. Мы ўсе ведаем і знаёмыя з расійскім метадам. Я некалькі разоў у жыцці чуў, як у Еўропе, так і ў Польшчы, што я апантаны гэтым пытаннем. Так, я апантаны пагрозай, якая відавочна расце месяц за месяцам у плане паводзін у дачыненні да Польшчы, Еўропы і, вядома, асабліва Украіны.
Сітуацыя на мяжы з Калінінгралскай вобласцю пастаянна кантралюецца, запэўнівае прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужб Яцэк Дабжынскі. На пытанне пра падрабязнасці гэтага інцыдэнту Яцэк Дабжынскі спасылаўся на меркаванні бяспек, але прызнаў, што справа сурʼёзная.
— Сітуацыя напружаная вельмі. Спецслужбы кантралююць сітуацыю. Пра падрабязнасці ў дадзены момант я казаць не магу. Важна, што мы, як Польшча, справіліся з умацаваннем усходняй мяжы з Беларуссю і тут мы таксама справімся. Там знаходзяцца паліцыя, Памежная служба, войска.
У сувязі з напружанай сітуацыяй паблізу мяжы спецвойскі з канца кастрычніка праводзяць у рэгіёне вучэнні. У Вармінска-Мазурскім ваяводстве дзейнічаюць салдаты элітных падраздзяленняў GROM, AGAT і NIL. Яны сканцэнтраваны на начных аперацыях і падтрымцы Памежнай службы і паліцыі ў забеспячэнні бяспекі памежнай зоны на поўначы Польшчы.
Адна з задачаў спецвойск — стрымліванне патэнцыйнага праціўніка, гаворыць прэс-сакратар камаіндавання спецыяльных сіл падпалкоўнік Марыюш Лапета:
— Часамі сапраўды сама інфармацыя аб тым, што мы дзесьці прысутныя спрыяе таму, што бок, у якога былі кепскія намярэнні, ад іх адмаўляецца. Калі б і цяпер так стала, то гэта азначала б, што мы выканалі сваю ролю.
Паводле прафесара Мацея Мільчаноўскага з Інстытуту палітычных навук і вывучэння бяспекі Жэшаўскага ўніверсітэта, пра сур'ёзнасць сітуацыі сведчыць накіраванне да мяжы з Расіяй дадатковых немалых сіл. Ён звяртае ўвагу, што як грамадства мы маем мала магчымасцяў праверыць гэтую інфармацыю, але яна, у пэўным сэнсе, пацвярджаецца рэальнасцю.
— Таму што мы бачым, што Расія робіць ва Украіне. Мы бачым, як яна жорстка забівае мірных жыхароў, як яна пераследуе гэтых мірных жыхароў. Калі мы сапраўды ўсё гэта бачым, і мы не адмаўляем гэтага, як некаторыя людзі кажуць, што вайны зусім няма, а калі мы ўсё гэта бачым, то мы разумеем, што інфармацыя ўрада, на жаль, грунтуецца на фактах, якія мы таксама можам праверыць самі. Мы сапраўды бачым, як выглядае міжнародная сітуацыя.
Узмоцненыя сілы скіраваныя не толькі на польска-расійскую мяжу. На вуліцах Варшавы зʼявіліся паліцэйскія патрулі, узброеныя аўтаматамі, паведаміў Radio ZET Марыюш Гяршэўскі. Ён апублікаваў фота, на якім паказаны паліцэйскія ў метро. «Гэта звязана з паведамленнямі аб магчымым сабатажы чужых сіл. Дадатковыя сілы паліцыі, вайскоўцаў і памежнай службы былі накіраваны на мяжу з Расіяй», — дадаў журналіст радыё ў паведамленні ў сацыяльных сетках.
Раней Галоўнае ўпраўленне нацыянальнай паліцыі паінфармавала, што некаторыя супрацоўнікі паліцыі былі прыведзены ў стан павышанай гатоўнасці з 2 па 8 лістапада. Супрацоўнікі павінны быць гатовыя да неадкладнага выезду, а іх рыштунак будзе ўключаць аўтаматы, шлемы і бронекамізэлькі. Паліцыя растлумачыла, што рашэнне звязана з пагрозай актаў сабатажу і падрыўной дзейнасці.
ав
слухайце аўдыё