Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Людзей гэта натхняе». Можна намінаваць беларускіх навукоўцаў на прэмію «Бізон Гіґс»

10.11.2026 15:39
У мінулым годзе перамог навуковец з Германіі, беларус, які займаецца тэматыкай лячэння анкалагічных захворванняў.
Аўдыё
  • Прэмія «Бізон Гіґс». Гутарка з каардынатарам Міхаілам Воўчакам.
:
Фота:Сацсеткі Святланы Воўчак.

«Бізон Гіґс» — гэта незалежная навукова-папулярная прэмія, якая адзначае дасягненні беларускіх навукоўцаў. Узнагарода была заснаваная супольнасцю, звязанай з беларускім часопісам — зінам «Pamyłka». Назва «Бізон Гіґс» жартаўліва адсылае да элементарнай часціцы — базона Хігса.

Мэтай прэміі з'яўляецца падтрымка як акадэмічных навукоўцаў, так і незалежных даследчыкаў (прыналежнасць да афіцыйных дзяржаўных устаноў не патрабуецца). Летась першым лаўрэатам стаў Максім Домніч, даследчык у галіне анкалогіі, які працуе ў Германіі. А пра прэмію раскажа яе ініцыятар і каардынатар Міхаіл Воўчак.

— Усё пачалося з часопіса зін «Pamyłka», якім займаецца мая жонка з калектывам. Яны збіраюць артыкулы беларускіх аўтараў. Яшчэ ў 2003-2004 годзе мы гулялі па лесе, жонка кажа: «А ёсць нейкая прэмія? Давай паспрабуем». Я падумаў: «Оk, запілоцім, можа, будзе весела. Створым яшчэ адну каштоўнасць, якая не прысутнічая ў беларускім навуковым абшары».

Беларускіх навукоўцаў прызнаюць або пасля смерці (як Дамейку), або калі яны з’язджаюць. Мы хацелі паказаць рэальных беларусаў, як у Беларусі, так і за межамі, іншым беларусам. Я ўзяў на сябе гэтую адказнасць, камунікую з медыя, дарэчы, журналісты таксама могуць кагосьці намінаваць, у іх куча кантактаў.

Першае намінаванне прайшло пад канец 2024 — на пачатку 2025 года, было восем намінантаў, сабралі грошы праз ахвяраванні. У нас прынцып — ніякіх афіцыйных унёскаў.

— Такім чынам, гэта чыста грамадская, народная прэмія. А ці сёлета ўжо ёсць намінаваныя?

— Прыйшлі ўжо дзве анкеты. Мы толькі пачалі, да 27 лістапада можна намінаваць.

— Гэта навукоўцы, якія займаюцца прыродазнаўчымі навукамі? Ці кожнай навуковай дзейнасцю?

— Гэта прэмія, якая прысвечана натуральным, дакладным навукам, навукам пра Зямлю. Гуманітарныя выключаюцца. Тут і біялогія, і матэматыка, фізіка, хімія, кібернетыка, генетыка, медыцына і г. Д.

— У мінулым годзе перамог навуковец з Германіі, беларус, які займаецца тэматыкай лячэння анкалагічных захворванняў.

— Так, мы былі вельмі радыя гэтай перамозе (Максіма Домніча — рэд.). Я памятаю таксама Юлію Сандамірскую, якая займаецца робататэхнікай. Былі таксама біёлаг і хімік. Карацей, перамагла барацьба з ракавымі захворваннямі. Гэта вельмі радуе, паколькі фарміруецца пэўнае бачанне, людзей гэта натхняе. Гэта засявае поле на будучыню. Невядома, што будзе далей, але, калі мы вернемся ў Беларусь і працягнем прэмію, гэта будзе зусім іншы варыянт — можна будзе браць шырэй, паказваць іншых навукоўцаў. Грамадзяне самі будуюць каштоўнасць. У беларускім грамадстве вялікі крызіс даверу. Важна, каб грамадзяне будавалі каштоўнасць навукі, якая нам спатрэбіцца пасля гэтай эпохі войнаў.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце аўдыё