Польская сістэма адукацыі сутыкаецца з сур’ёзнай дэмаграфічнай праблемай — настаўнікі старэюць, а ў найбліжэйшыя гады школам можа пагражаць востры дэфіцыт кадраў, чытаем на сайце forsal.pl
Паводле апошніх звестак Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, сярэдні ўзрост польскага настаўніка набліжаецца да 47 гадоў. Сярод жанчын ён складае 46 з паловай гадоў, сярод мужчын — амаль 49. Амаль 43 працэнты польскіх настаўнікаў ужо перасягнулі 50-гадовы ўзрост. Гэта больш, чым у сярэднім па Еўрасаюзе, дзе адпаведны паказчык складае 40,4 працэнта.
Настаўніцкая прафесія ў Польшчы пераважна жаночая: жанчыны складаюць больш за 84 працэнты педагогаў. Гэта азначае, што большасць з іх можа выйсці на пенсію ўжо ў 60 гадоў. У найбуйнейшых польскіх гарадах 14,3 працэнта настаўнікаў ужо дасягнулі пенсійнага ўзросту, але працягваюць працаваць. Пры гэтым кожны пяты педагог у вялікім горадзе працуе адразу ў некалькіх школах.
Пакуль школы не адчуваюць вострага недахопу кадраў, аднак праз некалькі гадоў сітуацыя можа кардынальна змяніцца.
Дадатковым выклікам для сістэмы адукацыі становіцца магчымасць датэрміновага завяршэння прафесійнай дзейнасці.
У 2026 годзе настаўніцы, якім споўнілася 56 гадоў, пры выкананні неабходных умоў могуць прэтэндаваць на спецыяльную кампенсацыйную выплату. Паводле звестак Установы сацыяльнага страхавання ZUS, яе сярэдні памер складае амаль 4790 злотых штомесяц.
Заробак настаўнікаў у Польшчы залежыць ад ступені прафесійнай кваліфікацыі і складае ад 6,9 да 10,3 тысячы злотых брута ў месяц.
Настаўнікі-пачаткоўцы атрымліваюць у сярэднім каля 6900 злотых, настаўнікі з прамежкавай ступенню прафесійнага росту — крыху больш за 8 тысяч, а найбольш дасведчаныя педагогі з найвышэйшай ступенню — каля 10 300 злотых. Гаворка ідзе пра сярэднія заробкі, якія ўключаюць не толькі асноўную стаўку, але і розныя надбаўкі, прэміі ды іншыя выплаты.
Паводле польскага Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), сярэдні заробак у Польшчы ў 2026 годзе перавышае 9 тысяч злотых брута ў месяц.
яс