Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Былы польскі прэзідэнт незадаволены сваёй пенсіяй, хаця большасць палякаў можа пра такую суму толькі марыць

20.11.2026 12:31
Цяпер на рахункі былых прэзідэнтаў Польшчы штомесяц паступае аднолькавая сума.
Lech Wałęsa.
Lech Wałęsa.Lukasz Dejnarowicz / Forum

Былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса (Lech Wałęsa) незадаволены сумай, якая штомесяц паступае на ягоны рахунак. Ён сцвярджае, што праз занадта нізкія даходы вымушаны працягваць працаваць. Аб тым, колькі дакладна ён атрымлівае, піша Forsal.

Да таго як Лех Валэнса заняў найвышэйшую дзяржаўную пасаду, некалькі гадоў ён працаваў электрыкам і тэхнікам па абслугоўванні электрычнага абсталявання ў Дзяржаўным машынным цэнтры ў Лахоціне. Пазней працаваў карабельным электрыкам на Гданьскай суднаверфі імя Леніна. Адтуль яго звольнілі, але пасля аднавілі на працы.

Аднак, як неаднаразова заяўляў Валэнса публічна, пенсіі ад Установы сацыяльнага страхавання (ZUS) за адпрацаваныя гады ён не атрымлівае, бо, паводле ягоных слоў, «Польшча бедная». Замест гэтага яму выплачваюць так званае пенсійнае забеспячэнне, якое належыць былым прэзідэнтам Польшчы.

Памер выплат былым прэзідэнтам рэгулюецца законам аб грашовым забеспячэнні былога Прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Гэта не звычайная пенсія, бо з пункту гледжання падатковага заканадаўства і сістэмы сацыяльнага страхавання гэтыя выплаты разглядаюцца як узнагароджанне за працу.

Выплаты пачынаюць ажыццяўляць пасля заканчэння тэрміну, за які прадугледжана ўзнагароджанне прэзідэнта Польшчы. Такім чынам, былы кіраўнік дзяржавы пачынае атрымліваць грошы адразу пасля заканчэння выканання гэтай важнай функцыі. Менавіта таму дзяржаўнае грашовае забеспячэнне атрымлівае і былы прэзідэнт Анджэй Дуда, хоць да дасягнення агульнага пенсійнага ўзросту яму яшчэ далёка.

Цяпер на рахункі былых прэзідэнтаў Польшчы штомесяц паступае аднолькавая сума — больш за 14,2 тысячы злотых брута ($3,5 тыс.). Грашовае забеспячэнне складае 75% ад сумы базавага заробку і функцыянальнай надбаўкі, устаноўленых для прэзідэнта Польшчы заканадаўствам аб аплаце працы асоб, якія займаюць кіроўныя дзяржаўныя пасады.

Гэтыя выплаты прызначаюцца пажыццёва і непасрэдна залежаць ад асноўнага заробку дзейнага прэзідэнта. Таму кожнае павышэнне ягонага заробку азначае таксама павелічэнне выплат былым кіраўнікам дзяржавы.

Але гэта яшчэ не ўсё. Былыя прэзідэнты атрымліваюць таксама сродкі на ўтрыманне свайго офіса. Лех Валэнса дадаткова атрымлівае на гэтыя мэты 25 тысяч злотых штомесяц.

Аднак легендарны дзеяч руху «Салідарнасць» усё роўна незадаволены.

— Ці задаволены я сваёй пенсіяй? Калі б быў задаволены, то ездзіў бы па грыбы ці на рыбалку, а я па-ранейшаму працую і езджу па свеце, — сказаў ён у інтэрв'ю парталу o2.pl.

Штомесячныя выплаты і сродкі на ўтрыманне офіса — не адзіныя прывілеі былых кіраўнікоў дзяржавы. Яны пажыццёва маюць права на ахову Службы аховы дзяржавы (SOP) на тэрыторыі Польшчы. Гэта азначае, што ім таксама забяспечваюць транспарт, у тым ліку паездкі на дзяржаўным лімузіне.

Акрамя таго, былому прэзідэнту і ягоным блізкім пажыццёва належыць медыцынскае абслугоўванне ў дзяржаўных клініках. У выпадку смерці былога кіраўніка дзяржавы ягоныя родныя маюць права, сярод іншага, на сямейную пенсію.

нг