Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чырлідзінг. У Польшчы слаба ўсведамляюць, што гэта спартыўная дысцыпліна

29.11.2026 10:02
Што цікава, спачатку чырлідзінгам займаліся выключна мужчыны, а сярод колішніх чырлідэраў можна знайсці нават будучых прэзідэнтаў ЗША, такіх як Дуайт Эйзенхаўэр ці Рональд Рэйган. 
Аўдыё
  • Чырлідзінг. У Польшчы слаба ўсведамляюць, што гэта спартыўная дысцыпліна
.
.By Jeff Hitchcock from Vancouver, BC, Canada - What Fun, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/wiki/Special:Redirect/page/2277632

Хаця для многіх людзей чырлідзінг усё яшчэ асацыюецца пераважна з амерыканскімі моладзевымі фільмамі, каляровымі пампонамі і ўсмешлівымі дзяўчатамі ля бакавой лініі поля, насамрэч усё значна больш складаней. Гэта дысцыпліна, якая прайшла доўгі шлях ад простых крычалак, што заклікаюць да барацьбы, да надзвычай відовішчнага і складанага спорту на найвышэйшым сусветным узроўні.

Дысцыпліна нарадзілася ў Злучаных Штатах Амерыкі ў другой палове XIX стагоддзя ва ўніверсітэтах — сімвалічным пачаткам лічыцца 1898 год, калі ва Універсітэце Мінесоты студэнт Джоні Кэмпбэл выйшаў перад натоўпам і пачаў кіраваць падтрымкай каманды падчас матчу па амерыканскім футболе. Што цікава, спачатку гэтым займаліся выключна мужчыны, а сярод колішніх чырлідэраў можна знайсці нават будучых прэзідэнтаў ЗША, такіх як Дуайт Эйзенхаўэр ці Рональд Рэйган. Жанчыны далучыліся толькі ў 1920-я гады XX стагоддзя, а сапраўдны пералом адбыўся падчас Другой сусветнай вайны, калі мужчыны адправіліся на фронт. Але сёння менавіта жанчыны складаюць пераважную большасць — яны складаюць 97% усіх, хто займаецца чырлідзінгам.

З цягам гадоў простыя прыпеўкі эвалюцыянавалі ў складаныя харэаграфічныя пастаноўкі, якія пачалі патрабаваць вялікай фізічнай падрыхтоўкі. Таму ўзнікае прынцыповае пытанне: ці з'яўляецца чырлідзінг паўнавартасным спортам? Адказ адназначны: так. Сёння гэта афіцыйна прызнаная дысцыпліна, якая ў 2021 годзе атрымала поўнае прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта, што адкрыла ёй шлях да барацьбы за ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Прафесійны чырлідзінг дзеліцца на танцавальныя і акрабатычныя катэгорыі, дзе спартсмены выконваюць шматузроўневыя піраміды, высокія падкіды ў паветра, сальта і складаныя гімнастычныя элементы, спаборнічаючы на чэмпіянатах Еўропы і свету.

На Польскае радыё завіталі Вольга Тшбінская і Марыя Фрончык з групы Warsaw Cheerleaders. Дзяўчаты разаграюць атмасферу падчас баскетбольных матчаў варшаўскай каманды Dziki Warszawa.

Вакол гэтай дысцыпліны за гады ўзнікла шмат міфаў, якія часта прымяншаюць абʼём працы, укладзенай у трэніроўкі. Марыся расказвае, чым для іх зʼяўляецца чырлідзінг.

— І гонар, і добрая забава. Усё ж у гэтым сезоне мы выступаем за найлепшую каманду экстракласа ў польскім баскетболе, гэта значыць Dziki Warszawa. І думаю, што мы добра праводзім час, і дакладна расказваем знаёмым, што гэта цікавы досвед.

Вольга звяртае ўвагу на тое, што любоў да адной дысцыпліны стала пачаткам захаплення іншай, а блізкасць да пляцоўкі дазваляе ім перажываць матчы нароўні з самымі адданымі заўзятарамі.

— І насамрэч мы спалучаем фізічную актыўнасць з заўзятарствам. Нам таксама вельмі падабаецца глядзець баскетбольныя матчы, таму мы там не адбываем пакаранне, а сапраўды зацікаўленыя тым, што адбываецца. Мы найперш там для таго, каб даваць такую добрую энергію, каб падштурхоўваць заўзятараў да таго, каб было гучней, і проста падтрымліваць гульцоў.

Падчас матчу дзяўчыны стаяць каля трыбуны заўзятараў, а ў перапынках, тайм-аўтах ці паміж чвэрцямі выходзяць і танчаць свае пастаноўкі.

Хаця ў Злучаных Штатах спаборніцтвы па чырлідзінгу збіраюць поўныя залы і транслююцца па тэлебачанні, у Польшчы ўсведамленне спартыўнага вымярэння гэтай актыўнасці толькі фарміруецца. У Польшчы людзі даволі слаба ўсведамляюць, што гэта сапраўды таксама спартыўная дысцыпліна, якая патрабуе шматгадзінных трэніровак, гаворыць Вольга.

— Калі казаць пра такі чырлідзінг сапраўды на спаборніцкім узроўні, ну дык гэта сапраўды вялікая праца, і не ўсё так проста, бо насамрэч на такіх спаборніцтвах звяртаюць увагу літаральна на кожную дэталь. Прафесійны чырлідзінг моцна адрозніваецца ад паказальных выступаў, якія робім мы. Таму што на такіх спаборніцтвах звяртаюць увагу перш за ўсё на тэхніку, на тое, каб усё было ідэальна адшліфавана, тэхнічнае, моцнае і гэтак далей. А мы танчым чырлідзінг, які бліжэй да танца. Мы таксама танчым розныя стылі танца, у нас ёсць і некалькі пастановак больш у стылі lacina, што вельмі класна.

Дзяўчаты кажуць, што чаргаванне стыляў падабаецца заўзятарам і публіцы. Стварыць суцэльнае відовішча, якое спалучае такія розныя танцавальныя тэхнікі са спартыўнымі элементамі, патрабуе, аднак, нямала крэатыўнасці і зладжанасці ўсёй каманды. Як ствараюцца танцавальныя пастаноўкі?

— Звычайна гэта выглядае так, што мы рыхтуем харэаграфію і дадаткова ў розных стылях — і лаціна, і commercial, і часам хіп-хоп пастаноўкі, і таксама проста ў стылі Cheerleaders. Да такіх харэаграфій мы дадаем часцей за ўсё акрабатычныя падтрымкі, і ўсё гэта складваецца разам. І акрамя гэтых пастановак, дзесьці збоку ў нас ёсць свае рухі — больш для заўзятарства, для разагрэву атмасферы.

Каб усё гэта ўдалося злучыць у адно цэлае і выканаць з лёгкасцю на слізкім паркеце, патрэбная добрая фізічная падрыхтоўка. Трэба выкарыстоўваць шмат элементаў акрабатыкі і быць добра расцягнутым, а сінхранізацыя ў групе павінна быць выверана да дробязяў, бо адна памылка пры падтрымцы можа быць небяспечнай. Таму ўдзельніцы Warsaw Cheerleaders надаюць вялікую ўвагу і грунтоўнай размінцы, і рэгулярнай расцяжцы, і бяспечнай тэхніцы падтрымак, каб пазбегнуць траўмаў і мець магчымасць у поўнай меры радавацца выступленням.

Czwórka/ав

слухайце аўдыё