З чаго смяюцца палякі? Такое пытанне Gazeta Wyborcza задала Міхалу Суфіну з Камедыйнага клубу.
Комік кажа, што калі раней палітычныя жарты былі ў дрэнным тоне, то цяпер гледачы як раз іх і чакаюць, паколькі палітычная атмасфера ў краіне вельмі напружаная. Усе палітыкі хлусяць і жартуюць самі з сябе. Напрыклад, нейкі дэпутат з партыі левай арыентацыі скардзіцца, што ў Варшаве немагчыма пражыць за некалькі тысяч злотых. Палітычны сатырык – гэта чалавек, які сочыць за бягучай сітуацыяй і прыгадвае такія выказванні.
Суфін кажа, што яго група рыхтуе адмысловае навагодняе сатырычнае выданне, у якім будзе не толькі палітыка, але таксама шмат пра павышэнне акцызнага падатку, канал Netflix, сатырыкі зробяць нешта, чаго вельмі баяцца гледачы тэлесерыялаў – раскажуць, як закончацца папулярныя серыялы. Заканчэнне, канешне, будзе выдуманае.
Што яшчэ цікавіць палякаў, акрамя палітыкі? Футбаліст Роберт Левандоўскі, які, па словах сатырыка, заняў у галовах жыхароў краіны месца папы рымскага. Летась Левандоўскі выступіў у рэкламах 13-ці розных брэндаў, таму сатырыкі прыдумалі, што ў праграме яны пакажуць футбаліста, апранутага ва ўсе маркі, якія ён рэкламаваў. Будзе песня пра смог і пра Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры для Вольгі Такарчук.
Комік адзначае, што ў жыцці палякаў столькі палітыкі і дрэнных навін, што ім здаецца, быццам бы свет горшы, чым ён на самой справе. Сатырыкі імкнуцца паказаць, што гэта не так.
Магдалена Дуброўска/нг