Анджэй Дуда пачаў ужо кампанію перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў будучым годзе. Флагавай прапановай прэзідэнта з’яўляецца гэтак званая пенсія па стажу, гэта значыць, магчымасць выхаду на заслужаны адпачынак пасля адпаведнага працоўнага стажу – 35 гадоў для жанчын і 40 для мужчын – паведамляе Gazeta Wyborcza.
Калі б прапанова пачала дзейнічаць, то на працягу толькі першага года ёй маглі б скарыстаць каля 400 тыс. чалавек. Такім чынам, калі жанчына пачала працу ва ўзросце 20 гадоў, яна зможа выйсці на пенсію ў 55 гадоў – на пяць гадоў раней, чым цяпер. Гэта пошук падтрымкі выбарцаў за кошт пенсійнай сістэмы і будучыні палякаў, – адзначае эксперт па сацыяльным страхаванні доктар Лукаш Вацлавік.
Паводле крыніцы выдання, канцылярыя прэзідэнта звярнулася ва Ўпраўленне сацыяльнага страхавання з даручэннем правесці экспертызу і падлічыць, колькі чалавек скарыстаецца зменамі і які будзе кошт рэформы. Вядома, што адказ упраўленне дасць у студзені, але, па словах Вацлавіка, ужо вядома, што дзяржаўны бюджэт гэтага не вытрымае. Эксперт нагадвае, што ўжо цяпер, паводле дадзеных Ўпраўлення сацыяльнага страхавання, дэфіцыт бюджэту на выплату пенсіяў цягам пяці гадоў складзе 300 млрд. злотых. Каб далей выплачваць пенсіі, патрэбныя грошы. Неўзабаве ня будзе з чаго браць і прыйдзецца падымаць падаткі.
Меркаваннем доктара эканамічных навук Паўла Кубіцкага, перад тым, як абяцаць рай на пенсіі, прэзідэнт павінен шчыра сказаць палякам, за якія мізэрныя капейкі ім прыйдзецца выжываць у гэтым раю, паколькі пенсіі будуць вельмі нізкія.
нг